Logo Polskiego Radia
Print

Путч у Турцыі ня зробіць Лукашэнку й Эрдагана сябрамі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.07.2016 11:08
  • Путч у Турцыі ня зробіць Лукашэнку й Эрдагана сябрамі.mp3
Раней Турцыя патрабавала пасярэдніка для гандлю з Расеяй, а цяпер сытуацыя зьмянілася – кажа палітоляг Рыгор Астапеня.
Фота: pixabay.comФота: pixabay.compixabay.com/Public Domain/CC0

Нягледзячы на пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Турцыі, Рэджэп Эрдаган наўрад ці стане ўзмацняць адносіны з Менскам. Беларусь ужо не цікавіць турэцкага кіраўніка, бо ён мірыцца з Расеяй. Такі прагноз беларуска-турэцкіх адносінаў напярэдадні візыту прэзыдэнта Эрдагана ў Менск дае экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня. Стасункі Беларусі з Турцыяй, Кітаем і Каталіцкім Касьцёлам у сёньняшнім «Палітычным люстэрку» з Рыгорам Астапеням абмяркоўвае Аляксандар Папко.

Эрдаган памірыўся з Пуціным – Лукашэнка ўжо не патрэбны?

29 ліпеня ў Беларусь прыедзе прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Пра гэта паведаміла інфармагенцтва БелаПАН. У ноч на 16 ліпеня ў Турцыі адбылася спроба вайсковага перавароту. Пасьля паразы путчу турэцкія ўлады арыштавалі каля трох тысячаў падазраваных ва ўдзеле ў ім. Беларускае кіраўніцтва «рашуча асудзіла» спробу перавароту й заявіла пра «поўную салідарнасьць» з турэцкімі ўладамі. Ці пасьля падзеяў у Турцыі паміж Лукашэнкам і Эрдаганам стане больш тэмаў для размоваў? Які яны будуць мець вынік?

Р. Астапеня: Я ня думаю, што Эрдаган захоча абмяркоўваць з Аляксандрам Лукашэнкам падрабязнасьці вайсковага перавароту, спроба якога адбылася ў Турцыі. Больш за тое, я лічу, што колькасьць тэмаў для абмеркаваньня паміж Эрдаганам і Лукашэнкам зьменшылася. Раней Турцыя патрабавала пасярэдніка для эканамічных кантактаў з Расеяй – напрыклад, у пытаньні працы турыстычных агенцтваў альбо пасярэдніка для авіяперавозак.

Цяпер мы бачым, што стасункі паміж Эрдаганам і Ўладзімерам Пуціным наладжваюцца, і Лукашэнка наўрад ці можа адыграць нейкую значную ролю як пасярэднік. Аднак не зважаючы на тое, што тэмаў для перамоваў стала менш, Эрдагану й Лукашэнку будзе пра што размаўляць. Туркі зьяўляцца ўладальнікамі значнай часткі казыно й гатэляў у Менску. Верагодна, Эрдаган будзе адчыняць у Менску саборную мячэць. Гэта для яго важны іміджавы крок, якія пакажа, што ён зьяўляецца сапраўдным ісламскім лідарам.

ІП моцна пацярпелі ад крызысу

За год колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі паменшылася на 8 тысячаў асобаў. Пра гэта 13 ліпеня паведаміў Белстат. Сфэрамі дзейнасьці, адкуль сышло найбольш прадпрымальнікаў, сталі гандаль і рамонт аўтамабіляў. А вось колькасьць наёмных працаўнікоў павялічылася на 13 тысячаў чалавек. Крызыс прымушае індывідуальных прадпрымальнікаў спыняць дзейнасьць? Ці мы назіраем усяго толькі пераход фіктыўных прадпрымальнікаў у наёмныя рабочыя пасьля таго, як ІП дазволілі наймаць рабочую сілу?

Р. Астапеня: Безумоўна, колькасьц ІП, якія працавалі ў сфэры гандлю, значна зьменшылася за апошні год. Гэта лёгка ўбачыць проста прайшоўшыся па рынках. Таксама зьмяніўся рэглямэнт працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяпер ім дазволілі наймаць рабочы пэрсанал. Для вялікай колькасьці людзей вядзеньне ўласнага бізнэсу стварала пэўныя складанасьці. Цяпер яны атрымалі магчымасьць пазбавіцца фармальнасьцяў і стаць звычайнымі наёмнымі працаўнікамі.

Каталіцкі Касьцёл «паказаў зубы»

14 ліпеня беларускія ўлады адмянілі рашэньне аб выгнаньні трох каталіцкіх сьвятароў з Магілёва, Івянца і Калодзішчаў. Напярэдадні тром ксяндзам-палякам, якія вельмі доўгі час працавалі ў Беларусі й заваявалі давер мясцовых вернікаў, улады забаранілі працягваць служэньне. Літаральна праз дзень пасьля таго, як пра інцыдэнт публічна заявіў галава каталіцкага касьцёла ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ксяндзам дазволілі застацца. Чаму ўлады раптоўна перамянілі сваё рашэньне? Ці скандалы з высылкай зь Беларусі замежных сьвятароў спыняцца?

Р. Астапеня: Я ня думаю, што рашэньні аб тым, працягнуць ці не візу ксяндзу, прымаюцца на самым высокім узроўні. Хутчэй за ўсё, яны прымаюцца на нізавым узроўні, а калі праходзяць ціха, то вышэйшае кіраўніцтва іх нават не заўважае. У гэтым выпадку прыйшлося заўважыць, бо Каталіцкі Касьцёл «паказаў зубы». Гэта бачна ў выказваньнях арцыбіскупа Кандрусевіча, у інфармацыйным суправаджэньні гэтай падзеі. Касьцёл упершыню заявіў, што пра высылку трох ксяндзоў абвесьцяць на нядзельнай службе ва ўсіх касьцёлах.

Прычына таго, што Каталіцкі Касьцёл вырашыў «паказаць зубы», а ўлады зьмянілі сваё рашэньне, заключаецца ў тым, што Ватыкан адыгрывае ўсё большае значэньне для беларускай дыпляматыі. Таму беларускія ўлады вымушаныя балянсаваць і дэманстраваць усё больш прыхільнае стаўленьне. Думаю, у будучыні ўлады будуць пазьбягаць такіх гучных выпадкаў перасьледу Каталіцкага Касьцёла.

«Экспарт Беларусі ў Кітай паменшыўся ў 5 разоў»

Былому дарадцу Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях, а цяпер амбасадару ў Кітаі Кірылу Рудаму даручана дабіцца прарыву ў гандлі з Кітаем – пра гэта паведаміла вядучая Першага каналу беларускага тэлебачаньня падчас інтэрвію з новым амбасадарам. Руды хоча прасоўваць Беларусь як транспартны вузел і разьвіваць супрацоўніцтва ў каліне інфармацыйны тэхналёгіяў. Ці мае гэты плян шанец на посьпех?

Р. Астапеня: Цяжка ацаніць шанцы гэтых ініцыятываў на посьпех. Мы ня маем для гэтага дастаткова інфармацыі. У кожным выпадку, мадэль беларуска-кітайскіх дачыненьняў, якая існуе сёньня, сябе ўжо вычарпала. У 2016 годзе экспарт Беларусі ў Кітай паменшыўся ў 5 разоў. Кітай па-ранейшаму не інвэстуе ў Беларусь. Нават выказваньні чыноўнікаў сьведчаць пра тое, што беларуска-кітайскі індустрыяльны парк наўрад ці будзе пасьпяховым. Вяртаючыся да Кірыла Рудага, варта яго пахваліць, бо ён сапраўды шукае новыя ідэі, каб палепшыць супрацоўніцтва з Кітаем, якое пакуль для Беларусі застаецца ня самым удалым.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт