Logo Polskiego Radia
Print

«У нас на Мадагаскары ў людзей няма грошай нават на абутак»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.07.2016 19:11
Уражаньні ад Польшчы паломнікаў з Мадагаскару апісвае Polska The Times.
pixabay.com

На Сусьветныя дні моладзі ў Кракаў прыехалі дзесяткі тысячаў пілігрымаў з усяго сьвету – ня толькі з багатай Эўропы ці Амэрыкі, але й з бедных афрыканскіх краінаў. Уражаньні ад Польшчы паломнікаў з Мадагаскару апісвае Polska The Times.

Групу з 12 прыхаджан прывёз у Польшчу польскі місіянэр Казімеж Буковец, які служыць на высьпе ўжо 33 гады. Прыезд на Сусьветныя дні моладзі не быў лёгкай справай. Адзін авіябілет каштуе 2000 эўра. Каб сабраць такую суму мальгаш павінен працаваць пяць гадоў – тлумачыць айцец Казімеж. З гарадку Фардафэн, адкуль прыехала група, да аэрапорту ў сталіцы Мадагаскару Антананарыву трэба дабірацца 4 дні.

«У людзей на Мадагаскары няма грошай нават на абутак. Харчуюцца там два разы ў дзень, бо тры разы на дзень могуць дазволіць сабе есьці толькі багатыя людзі. Слодычы дзеці бачаць толькі на сьвяты, альбо калі прыяжджае прэзыдэнт. Польшча падаецца для вясковых дзяцей сапраўдным раем» – піша газэта Polska The Times.

У краіне не хапае школаў, шпіталяў, і нават дзяржаўныя зьяўляюцца платнымі. У вялікай ступені адукацыяй і гуманітарнай дапамогай на Мадагаскары займаецца Каталіцкі касьцёл. Эўрапейцы, нават жыхары Ўсходняй Эўропы, часта забываюць, што праблема галечы на плянэце ўсё яшчэ існуе. «З радасьцю вяртаюся ў Польшчу, але ведаю, што на Мадагаскары мяне чакаюць. Гэта маё пакліканьне – тлумачыць газэце сваю матывацыю айцец Казімеж Буковец.

Polska The Times/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт