Logo Polskiego Radia
Print

Год таму Анджэй Дуда заняў пасаду прэзыдэнта Польшчы

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 06.08.2016 16:11
  • Дуда.mp3
Перамога Дуды на выбарах стала сэнсацыяй, бо перавага была на боку яго канкурэнта Браніслава Камароўскага.
Prezydent Andrzej Duda z małżonką Agatą Kornhauser-DudąPrezydent Andrzej Duda z małżonką Agatą Kornhauser-Dudąwww.prezydent.pl

Сёньня спаўняецца год з моманту, калі Анджэй Дуда заняў пасаду прэзыдэнта Польшчы. Перамога Дуды на выбарах стала сэнсацыяй, бо перавага была на боку яго канкурэнта Браніслава Камароўскага, – пранамсі так вынікала са шматлікіх апытаньняў грамадзкай думкі.

Анджэй Дуда нарадзіўся ў Кракаве ў траўні 1972 года. Кандыдат юрыдычных навук, у мінулым намесьнік міністра юстыцыі Польшчы, міністар Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, судзьдзя Дзяржаўнага трыбуналу, дэпутат Сэйму Польшчы ды дэпутат Эўрапейскага парлямэнту. Жанаты. Жонка – Агата Карнхаўзэр-Дуда – па адукацыі настаўніца нямецкай мовы, дачка Юльяна Карнхаўзэра – вядомага польскага паэта й празаіка.

Прэзыдэнцкая пара выхоўвае дачку Кінгу, якой 21 год і якая зьяўляецца студэнткай. Дарэчы, яна пайшла па сьлядах свайго бацькі й вучыцца на юрыдычным факультэце кракаўскага Ягелёнскага ўнівэрсытэта.

10 траўня 2015 года на выбарах прэзыдэнта Польшчы Анджэй Дуда, кандыдат кансэрватыўнай партыі «Права й справядлівасьць», набраў найбольшую колькасьць галасоў (34,76%) і выйшаў у другі тур разам зь дзеючым прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім. Паводле вынікаў другога туру выбараў, які прайшоў 24 траўня, Дуда стаў прэзыдэнтам Польшчы, набраўшы 53% галасоў выбаршчыкаў. Нагадаем, у Польшчы прэзыдэнт выбіраецца на 5-гадовы тэрмін, а займаць пасаду галавы дзяржавы можна толькі два прэзыдэнцкія тэрміны.

Анджэй Дуда за час сваёй прэзыдэнтуры падпісаў больш за 200 законапраектаў, накіраваў у Сэйм пяць законапраектаў, у тым ліку аб зьніжэньні пэнсійнага ўзросту й павелічэньні сумы, якая не абкладаецца падаткам. Прэзыдэнт наклаў вэта на чатыры законы, якія былі прынятыя парлямэнтам папярэдняга скліканьня.
На пасадзе галавы дзяржавы Анджэй Дуда зьдзейсьніў 29 замежных візытаў, а некаторыя краіны наведаў некалькі разоў. Для прыкладу, у Нямеччыне ён быў чатыры разы, а ў Славакіі – тройчы.

На працягу года Польшчу з афіцыйным візытам наведалі 12 кіраўнікоў дзяржаў, а падчас саміту NATO – 18 прэзыдэнтаў і 19 кіраўнікоў урадаў краін Альянсу, у тым ліку прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Польскія палітыкі па-рознаму глядзяць на год прэзыдэнтуры Дуды. Палітычныя дзеячы права-кансэрватыўнай арыентацыі, прадстаўніком лягеру якіх зьяўляецца сам прэзыдэнт, год знаходжаньня на пасадзе ацэньваюць пазытыўна. У сваю чаргу парлямэнцкая й пазапарлямэнцкая апазыцыя – пачынаючы ад права-цэнтрыстаў і завяршаючы левымі партыямі й народнікамі – крытыкуюць Анджэя Дуду як галаву дзяржавы. І гэта нармальная зьява, бо было б дзіўна, калі б апазыцыя хваліла, а партыя прэзыдэнта крытыкавала Дуду.

Сэнатар партыі «Права й справядлівасьць» Ян Марыя Яцкоўскі лічыць, што за прэзыдэнтам Дудам – працавіты й пладавіты год.

Я.М.Яцкоўскі: Пікам дасягненьняў прэзыдэнта Дуды зьяўляецца саміт NATO, які прайшоў у Варшаве й які закончыўся вялікім посьпехам. Унутры краіны ён рэалізуе перадвыбарчыя абяцаньні, напрыклад, праграму дапамогі сем’ям «500+».

У сваю чаргу дэпутатка Яанна Шмідт зь лібэральнай партыі «Nowoczesna» («Сучасная») нэгатыўна ацэньвае працу Дуды на пасадзе галавы дзяржавы.

Я.Шмідт: Ён не зьяўляецца самастойным галавой дзяржавы, шмат разоў парушыў канстытуцыю, якую прысягаў бараніць, для прыкладу, не прызначаючы судзьдзяў, у тым ліку канстытуцыйнага суду. Частку законаў не падпісвае, але падпісвае законы, якія дапамагаюць яго партыі «Права й справядлівасьць» захопліваць уладу. Ён зьдзейсьніў 29 замежных візытаў, зь якіх прывёз галоўным чынам здымкі.

Дарэчы, апазыцыя, у тым ліку й памяркоўная, абвінавачвае Анджэя Дуду ў тым, што не зьяўляецца самастойным прэзыдэнтам, а знаходзіцца пад вялізным уплывам старшыні партыі «Права й справядлівасьць» Яраслава Качыньскага. Такое ж самае абвінавачваньне можна пачуць і ў адрас прэм’ер-міністра Польшчы Бэаты Шыдла.

Цікава тое, што падчас перадвыбарчай кампаніі Дуды яго штабам кіравала менавіта Шыдла. Гаворыцца, што Анджэй Дуда стаў кіраўніком краіны ў вялікай ступені дзякуючы працы дзейснага кіраўніка Кабінэта міністраў Польшчы.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт