Logo Polskiego Radia
Print

«Мы абавязкова зладзім канцэрт у Менску!»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.08.2016 18:22
  • Мы абавязкова зладзім канцэрт у Менску.mp3
Самая вядомая прабеларуская ініцыятыва Варшавы Wolna Białoruś адсьвяткавала 10-годзьдзе.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

10-гадовы юбілей адзначыла ініцыятыва «Вольная Беларусь» – адна з самых вядомых недзяржаўных арганізацыяў Польшчы, яка займаецца папулярызацыяй беларускай культуры, ідэяў свабоды й правоў чалавека. Што было зроблена за 10 гадоў і якія пляны ініцыятыва мае на будучыню? – пра гэта пытаўся ў сябраў «Вольнай Беларусі» Аляксандар Папко.

Некалькі дзесяткаў чалавек сабраліся ў суботу ў варшаўскай выставачнай залі Pracownia Duży Pokój, каб адзначыць 10-годзьдзе «Вольнай Беларусі» (польск. Inicjatywa Wolna Białoruś). Правядзеньне канцэртаў «Салідарныя зь Беларусьсю», на якіх выступаюць зоркі польскай, беларускай і ўкраінскай сцэны, дапамога беларускім студэнтам, якія прыехалі вучыцца па праграме Каліноўскага, арганізацыя выступаў і творчых сустрэчаў беларускіх артыстаў, маніфэстацыі ў абарону правоў чалавека ў Беларусі – гэтым запомнілася самая вядомая прабеларуская ініцыятыва Варшавы.

А нарадзілася арганізацыя з канцэрту. У 2006 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, група маладых палякаў, якія раней ладзілі акцыі ў падтрымку ўкраінскага Майдану, вырашыла арганізаваць мастацкую акцыю ў падтрымку беларускіх дэмакратаў. Пра пачатак ініцыятывы расказвае Агнешка Астроўска – адна з тых, хто ствараў «Вольную Беларусь».

/

А. Астроўска: Гэтыя маладыя людзі вырашылі зрабіць канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю», які прайшоў у сярэдзіне сакавіка 2006 году. З гэтага пачалося разьвіцьцё «Вольнай Беларусі». Мы арганізоўвалі пэрформансы, паказы фільмаў. У ліпені 2006 году мы атрымалі рэгістрацыю. У гэты час у Варшаву прыехалі першыя студэнты-каліноўцы. Мы паказвалі ім Варшаву, дапамагалі з польскай мовай. Такім чынам мы пасябравалі, а сёньня некаторыя каліноўцы працуюць у нас.

Цяпер «Вольная Беларусь» рыхтуецца да правядзеньня юбілейнага канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю» і пераносіць акцэнт з грамадзка-палітычнай тэматыкі на папулярызацыю беларускай культуры ў Польшчы. Плянамі на будучыню дзеліцца кіраўнік ініцыятывы Яўген Ціхановіч.

/

Я. Ціхановіч: Мы зьбіраемся зладзіць чарговы канцэрт «Салідарныя з Беларусьсю». Гэта будзе дзесяты, юбілейны канцэрт. Мы хочам зрабіць яго крыху не падобным да папярэдніх. Цяпер больш увагі мы будзем удзяляць культурным праектам. Раней мы праводзілі трэнінгі для журналістаў, валянцёраў, дапамагалі СМІ. Цяпер нам хочацца прадстаўляць больш беларускай культуры ў Варшаве. Мы плянуем, што гэта будуць музычныя праекты.

Палітычныя ды эканамічныя стасункі паміж Польшчай і Беларусьсю відавочна паляпшаюцца. Аднак праблема парушэньня грамадзянскіх свабодаў у Беларусі па-ранейшаму існуе. Таму «Вольная Беларусь» будзе працягваць дапамагаць артыстам і грамадзкім дзеячам, якія пацярпелі ад перасьледу ўладаў – кажа Яўген Ціхановіч.

Я. Ціхановіч: Я думаю, мы будзем працягваць рабіць тое, што мы робім цяпер. Калі нехта з артыстаў пацерпіць ад перасьледу ўладаў – мы будзем дапамагаць ім, запрашаць у Польшчу на канцэрты. Што тычыцца цяперашняга збліжэньня – заўсёды ёсьць рызыка таго, што гэта скончыцца так, як і ў папярэдні раз. Я ня надта веру, што нядаўнія візыты польскіх палітыкаў у Беларусь нешта зьменяць. З іншага боку, я жадаю посьпехаў тым людзям, якія намагаюцца весьці перамовы. Галоўнае, каб намеры былі шчырымі. Можа, з гэтага атрымаецца нешта добрае.

На юбілеі «Вольнай Беларусі» кожны госьць мог пачаставацца кавалкам вялікага торту і бакалам шампанскага. А разынкай вечару стаў выступ гурту «Рэха». Лідар «Рэха» Андрусь Такіданг падзякаваў «Вольнай Беларусі» за падтрымку беларускіх музыкантаў.

/

А. Такіданг: Насамрэч дапамога дзеячам культуры патрэбна заўсёды – будзь ты ў «белым сьпісе» ці ў «чорным». Выяжджаць на замежныя гастролі, граць канцэрты – гэта вельмі важна для музыкаў. Ёсьць тыя асобы, якія дагэтуль ня могуць выступаць у Беларусі. Гэта Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч. «Вольная Беларусь» павінна працягваць сваю дзейнасьць. Таму што ў Беларусі такая сытуацыя: сёньня дазволілі граць канцэрты, заўтра – забаранілі.

«Вольная Беларусь» дала сотням маладых варшавянаў зразумець, што такое правы чалавека й чаму важна іх абараняць – зазначыў актывіст ініцыятывы Фэлікс Тушка. «Я вельмі шчасьлівы, што гады юнацтва мы прысьвяцілі прыгожай і вялікай справе», – прызнаўся адзін з пачынальнікаў «Вольнай Беларусі» Томаш Бладынец.

/

Т. Бладынец: Час нашага ўваходжаньня ў дарослае жыцьцё мы прысьвяцілі таму, каб зрабіць сьвет лепшым. Дзякуючы гэтаму мы самі станавіліся лепшымі. Мы пазнаёміліся з многімі незвычайнымі людзьмі, але самае галоўнае – зрабілі невялікі ўклад у тое, каб сьвет зьмяніўся ў лепшы бок.

«Вольную Беларусь» павіншавала нават мэр Варшавы Ханна Гракевіч-Вальц. Падзяку ад яе імя зачытала прадстаўніца мэрыі Караліна Марчык.

/

На працягу многіх гадоў канцэрты «Салідарныя зь Беларусьсю» вёў вядомы польскі музыка Робэрт Ляшчыньскі. Напрыканцы кожнага канцэрту ён жадаў, каб наступны раз выступоўцы й госьці сустрэліся ў Менску. «Роберт заўчасна адышоў ад нас год таму й не дачакаўся зьдзяйсьненьня гэтай мары. Але мы верым, што канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю» абавязкова адбудзецца ў Менску», – перакананая Агнешка Астроўска.

«Мы хочам, каб Вольная Беларусь у будучыні памяняла назву. Каб мы сталі ініцыятывай «Музычная Беларусь», «Культурная Беларусь» альбо «Эўрапейская Беларусь». Мы марым, каб свабоды ў Беларусі ня трэба было дамагацца, а ёй можна было насалоджвацца», – падзяліўся марамі кіраўнік ініцыятывы Яўген Ціхановіч.

/

/

Аляксандар Папко


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт