Logo Polskiego Radia
Print

Не сумуйце па мэдалях – яднайцеся!

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.08.2016 21:05
  • Не сумуйце па мэдалях – яднайцеся!.mp3
Галоўнае на Алімпіядзе – гэта не колькасьць заваяваных мэдалёў, а пачуцьцё нацыянальнага адзінства – тлумачыць палітоляг Р. Астапеня.
pixabay.com

На мінулым тыдні беларускае кіраўніцтва прымала высокапастаўленых гасьцей з Кітаю, прадстаўнікі апазыцыі ўпершыню за доўгія гады атрымалі магчымасьць выступіць на тэлебачаньня, а беларускія спартоўцы падсумоўвалі вынікі алімпіяды. Ці стане Кітай вайсковым саюзьнікам Менска? Ці «лібэралізацыя», якую мы назіраем цяпер, працягнецца і пасьля выбараў? Ці варта беларусам сумаваць з-за невялікай колькасьці алімпійскіх мэдалёў? На гэтыя тэмы разважаюць аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня й Аляксандар Папко.

«Палянэз» – гэта лыжка мёду ў бочцы дзёгцю

18 жніўня ў Менск прыехаў сябра Палітбюро Кампартыі Кітаю Мэн Цьзяньджу. Аляксандар Лукашэнка завіў, што «тэхналягічнае партнэрства» паміж Кітаем і Беларусьсю выйшла на новую вышыню і паведаміў, што праз месяц ён адправіцца з візытам у Пэкін. Беларускую эканоміку не выцягнулі кітайскія крэдыты на мадэрнізацыю цэмэнтных заводаў; беларуска-кітайскі індустрыяльны парк пакуль разьвіваецца павольна. Магчыма, прарывам стане вытворчасьць электронікі? Калі Кітай дапамог Беларусі стварыць сыстэму залпавага агню «Палянэз», то ці дапаможа ён зьменшыць залежнасьць Беларусі ад Расеі ў вайсковай сфэры?

Рыгор Астапеня: Калі верыць Аляксандру Лукашэнку, то партнэрства з Кітаем у нас кожны месяц уздымаецца на новую вышыню. Але калі мы паглядзім на лічбы, то ўбачым, што наш экспарт у Кітай у першым паўгодзьдзі гэтага году, у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем мінулага году, ўпаў у пяць разоў. Супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры, у тым ліку стварэньне «Палянэзу» зьяўляецца лыжкай мёду ў гэтай бочцы дзёгцю. Сыстэма «Палянэз» сапраўды мае вельмі высокую ацэнку сярод вайсковых экспэртаў. Мне падаецца, што вытворчасьць ракетных комплексаў ці супрацоўніцтва ў галіне вайсковай электронікі можа быць вельмі пасьпяховым для Беларусі й Кітаю.

Апанэнтаў улады будуць паказваць па БТ

У Беларусі працягваецца кампанія выбараў у Палату прадстаўнікоў. На тэлебачаньні трансьлююць ролікі кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх – сьмелыя выступы кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрыя Хашчавацкага зь Менску, сябра Руху «За Свабоду» Андрэя Юркова з Горак, старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча. На ток-шоў «Справа прынцыпу» адбылася жорсткая дыскусія з удзелам намесьніка старшыні Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца. Ці могуць гэтыя выступы паўплываць на грамадзкую думку? Ці лібэралізацыя працягнецца? Ці ўбачым мы апанэнтаў улады на экранах тэлевізараў пасьля выбараў?

Рыгор Астапеня: Ня трэба пераацэньваць значэньня кароткіх выступаў прадстаўнікоў апазыцыі. Для грамадзтва гэта не такая ўжо значная падзея. Звычайны чалавек не сядзіць перад экранам цэлы дзень, шукаючы гэтыя выступы. Гэтая падзея важная для тых людзей, якія сапраўды цікавяцца палітыкай. Што тычыцца запрашэньня апанэнтаў уладаў на ток-шоў, то мне падаецца, што гэтая тэндэнцыя захаваецца. Для ток-шоў патрэбнае нейкае супрацьстаяньне. Толькі яно прыносіць аглядальнасьць. Без канфліктных бакоў гэтыя перадачы ўвогуле ня маюць сэнсу. Я думаю, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы працягнуць запрашаць людзей іншых поглядаў. Не абавязкова гэта будуць палітыкі, хутчэй за ўсё гэта будуць незалежныя экспэрты.

Нацыяналізацыяй інвэстараў ужо не напалохаеш...

18 жніўня стала вядома, што ўлады нацыяналізавалі адно з самых прыбытковых акцыянэрных таварыстваў краіны – Слуцкі цукроварафінадны камбінат. Дзяржава шмат гадоў спрабавала павялічыць свой пакет акцыяў Слуцкага цукровага заводу да кантрольнага. Але супраць гэтага выступалі акцыянэры. Цяпер жа акцыянэры праявілі «высокую сьвядомасьць» і «не змаглі адмовіцца» ад прапановы дзяржавы перадаць ёй кантроль над прадпрыемствам. Чым выклікана нацыяналізацыя, і які сыгнал яна дасьць інвэстарам?

Рыгор Астапеня: Можна высунуць дзьве асноўныя вэрсіі. Па-першае, нехта з рэгіянальных чыноўнікаў мог захацець узяць гэтае прадпрыемства пад кантроль. Калі ва ўласнай стайні коні дрэнныя, а ў суседзкай стаіць добры й пародзісты конь, то ўзьнікае вялікае жаданьне яго займець. Кантроль над прыбытковым прадпрыемствам дае магчымасьць атрымаць кантроль над фінансавымі патокамі, якія ідуць ад крэдытаў на мадэрнізацыю, выйграных тэндэраў. Гэтыя грошы можна перанакіраваць.

Другая вэрсія – гэта дзеяньні цэнтральнага ўраду, які сам хоча атрымаць кантроль над як мага большай колькасьцю прыбытковых прадпрыемстваў, бо стратных стала занадта шмат. Мне падаецца, што гэтая нацыяналізацыя не стане вельмі нэгатыўных сыгналам для інвэстараў, бо такіх сыгналаў апошнім часам было занадта шмат. Іх значэньне ўжо знівэляванае. Інвэстары зьдзівяцца ў адваротным выпадку – калі ўбачаць нейкія крокі да лібэралізацыі.

«Нацыянальную каманду ствараюць не мэдалі, а дух»

На завяршэньне крыху аб спорце. 21 жніўня завяршыліся Летнія Алімпійскія гульні ў Рыа. Беларусь дасягнула найгоршага выніку за ўсю гісторыю сваіх выступаў на летніх Алімпіядах. Спарцмэны заваявалі 9 мэдалёў і занялі 40-е месца ў агульным заліку. Гэта вялікі ўдар па пачуцьцю нацыянальнай годнасьці ці не такая ўжо вялікая трагедыя? А можа, беларускаму грамадзтву трэба перастаць глядзець на спорт як на вялікую палітыку й пачаць шукаць іншыя прычыны для гонару?

Рыгор Астапеня: Беларусы не ўнікальныя ў сваім жаданьні выкарыстаць Алімпійскія гульні, каб паказаць сябе сьвету, даказаць, на што мы здольныя. Так робяць многія народы. Аднак адсутнасьць мэдалёў не павінна быць прычынай для сораму ці нацыянальнай жалобы. Нацыянальную каманду ствараюць не мэдалі, а дух, калі людзі заўзеюць за гэтую каманду. Ва ўсім сьвеце шмат заўзятараў, якія падтрымліваюць свае каманды нягледзячы на тое, што яны ўвесь час прайграюць. Аднак яны не перастаюць заўзець, бо самі зьяўляюцца часткай каманды. Яны ганарацца тым, што гэта каманда існуе.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт