Logo Polskiego Radia
Print

Выбары ў Беларусі і Расеі прайшлі з інтэрвалам у тыдзень

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.09.2016 13:49
Аналіз статыстыкі сьведчыць аб тым, што Менск фальсыфікуе выбары ў большым маштабе, чым Масква.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Выданьне “Dziennik Gazeta Prawna” параўноўвае вынікі выбараў народных дэпутатаў у Расеі ды Беларусі. Галасаваньне прайшло з інтэрвалам у адзін тыдзень, таму лёгка правесьці паралелі. Аналіз статыстыкі сьведчыць аб тым, што Менск фальсыфікуе выбары ў большым маштабе, чым Масква, але менавіта Беларусь нязначна прыадчыніла дзьверы для незалежных дэпутатаў, а Расея наадварот ушчыльняе сваю палітычную сыстэму. У Палату прадстаўнікоў прайшлі ў абсалютнай большасьці дэпутаты, якія адкрыта падтрымліваюць палітыку Лукашэнкі, прадстаўнікі дзяржаўнай намэнклятуры, кіраўнікі і мэнэджэры дзяржаўных прадпрыемстваў. Тым ня менш, у парлямэнт трапілі прадстаўнік Лібэральна-дэмакрытчнай партыі, беспартыйная віцэ-старшыня Таварыства беларускай мовы ды раней невядомая дзеяч адкрыта апазыцыйнай Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі.

У сваю чаргу ў Расеі перамагла партыя ўлады. “Адзіная Расея” атрымала аж 203 дэпутацкія мандаты з 225 магчымых у аднамандатных акругах, і 140 у рамках прапарцыйнай выбарчай сыстэмы. Крамлёўская партыя зойме тры чацьвертыя месцаў у Дзяржаўнай думе. “Адзінай Расеі” ужо ня трэба будзе лічыцца зь нешматлікімі прадстаўнікамі апазыцыі, якіх улады дапускаюць у парлямэнт. Апазыцыя часам крытыкуе ўладу, але ніколі не асьмельваецца крытыкаваць Пуціна. Яна патрэбная ўладзе толькі дзеля таго, каб імітаваць дэмакратычныя працэдуры і плюралізм.

У Расеі дэмакратычных стандартаў прытрымліваюцца ў большай ступені, чым у Беларусі. Пераважна галасы расейскіх выбаршчыкаў падлічваюцца сумленна, а парушэньні заключаюцца ў падкідваньні запоўненых бюлетней, галасаваньні па загаду або гэтак званай “каруселі”, калі падстаўленыя асобы галасуюць шмат разоў у розных акругах. А ў Беларусі, незалежна ад месца галасаваньня (правінцыя ці Менск), камісіі ўпісваюць у пратаколы лічбы, спушчаныя зьверху. Найбольш набліжаныя да беларускіх стандатртаў зьяўляюцца вынікі галасаваньня ў каўкаскіх рэспубліках Расеі, дзе лічбы выглядаюць вельмі неверагодна. Напрыклад, на ўсіх 25 участках у Баксанскім раёне Кабардзіна-Балкарыі на 18 гадзін у дзень галасаваньня яўка складала роўны працэнт (з нулём пасьля коскі).

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт