Logo Polskiego Radia
Print

Памёр Шымон Пэрэс - вялікі выхадзец зь Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.09.2016 13:26
  • Пэрэс.mp3
Палітык выконваў усе найважнейшыя палітычныя функцыі ў Ізраілі, атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.
commons.wikimedia.org

У Ізраілі памёр былы прэзыдэнт і прэм’ер-міністар гэтай краіны, ураджэнец Беларусі Шымон Пэрэс. Вэтэрану ізраільскай палітыкі, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру было 93 гады.

Шымон Пэрэс знаходзіўся ў шпіталі пад Тэль-Авівам з 13 верасьня, у выніку перанесенага два тыдні таму інсульту.

Палітык выконваў усе найважнейшыя палітычныя функцыі ў Ізраілі – быў прэзыдэнтам, прэм’ер-міністрам, адным са стваральнікаў ізраільскага ваенна-прамысловага комплексу й ядзернай праграмы. Адыграў важнейшую ролю ў ізраільска-палестынскім міратворчым працэсе, за што быў узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй у галіне міру. Аднак міратворчы працэс быў таксама адной з самых вялікіх яго паразаў, паколькі яму не ўдалося дабіцца заканчэньня канфлікту.
Прэм’ер-мінстар Ізраіля Біньямін Нэтаньяху так згадваў сёньня Шымона Пэрэса:

Б. Нэтаньяху: «Мэта майго жыцьця – служыць народу». Ён так казаў і дасягнуў сваёй мэты. Шымон удзельнічаў у стварэньні дзяржавы, бараніў яе ад распаду і пакінуў пасьля сябе моцную дзяржаву.

Эўрапейскія палітычныя дзеячы з пашанай успаміналі сёньня Шымона Пэрэса. Былога лідара Ізраіля згадвалі старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск, Эўрапарлямэнту Марцін Шульц ды кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыка Магерыні. З Брусэля перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Б. Пламэцка: Ізраіль страціў мудрага правадыра, а Эўропа – блізкага сябра – напісаў старшыня Эўрапейскай рады ў сацсетках. Дональд Туск перадаў свае спачуваньні сваякам Пэрэса і грамадзянам Ізраіля. «Чалавек міру і пастаяннага натхненьня да лепшага» – напісала Фэдэрыка Магерыні. У сваю чаргу Марцін Шульц нагадаў у доўгім лісьце, што Пэрэс быў адным з аўтараў перамір’я паміж ізраільцянамі і палестынцамі, за што атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Шульц дадаў, што ў нашы складаныя часы палітычная спадчына былога прэзыдэнта Ізраіля ня будзе забытая. Ён далей будзе натхняць да дзеяньня тых, хто верыць у дыялёг, дыпляматыю і прымірэньне, – напісаў старшыня Эўрапейскага парлямэнту.

Іншыя сусьветныя лідары таксама выказваюць спачуваньні ў сувязі са сьмерцю Пэрэса. Так, прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў былога ізраільскага прэзыдэнта сваім сябрам, які валодаў «неаслабным аптымізмам». «Я заўжды буду ўдзячны за тое, што я мог называць Шымона сваім сябрам», – гаворыцца ў заяве Абамы, апублікаванай на сайце Белага дома.

Перэс нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі – у вёсцы Вішнева Менскай вобласьці – 2 жніўня 1923 года. Ва ўзросьце 11 гадоў ён разам з сямʼёй эміграваў у Палестыну. Два разы пабываў на сваёй першай радзіме, зьбіраўся трэці раз, але не пасьпеў. Вельмі сумна, што памёр чарговы ўраджэнец Беларусі, які аказаў вялікі ўплыў на лёс сьвету, – адзначае блёгер, пісьменьнік Яўген Ліпковіч.

Я.Ліпковіч: Вельмі сумна, што памёр чарговы вялікі выхадзец зь Беларусі. Беларусь была багатая габрэямі, якія шмат зрабілі для чалавецтва, сярод іх – вынаходнікі тэлебачаньня, стваральнікі Галівуду, Ізраіля, некалькі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі. Тут нарадзіўся, напрыклад, вядомы дзеяч юдаізму Хафец Хаім. Месца, дзе ён нарадзіўся, зьяўляецца месцам паломніцтваў. Гэта можна было б выкарыстаць, як ва Ўмані ва Ўкраіне, куды прыяжджае каля 30 тыс. паломнікаў. Яны ўтрымліваюць усю Чаркаскую вобласьць. У Беларусі хапае гістарычных помнікаў, якія маглі б прыцягваць іўдзейскіх турыстаў з усяго сьвету.

А вось апошняя воля вялікага палітычнага дзеяча – Шымон Пэрэс завяшчаў ахвяраваць рагавіцы сваіх вачэй для перасадкі, паведаміў доктар і зяць Пэрэса Рафі Вальдман у клініцы «Тэль ха-Шомэр». «Ён ахвяраваў рагавіцы тым, хто ў іх мае патрэбу», – сказаў Вальдман.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт