Logo Polskiego Radia
Print

Будзе створаная дарожная мапа для Данбасу

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.10.2016 13:11
  • дарожная мапа.mp3
Плян вызначыць парадак дзеяньняў па мірным урэгуляваньні ўзброенага канфлікту.
PAP/EPA/WOLFGANG KUMM

Па ініцыятыве канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель у сераду ўвечары ў Бэрліне адбылася сустрэча гэтак званай „нармандзкай чацьвёркі”. Падчас яе была дасягнутая дамоўленасьць аб стварэньні дарожнай мапы для Ўсходняй Ўкраіны.

Гэта была першая сустрэча лідараў Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны, то бок „нармандзкай чацьвёркі” за апошні год і першы візыт Уладзіміра Пуціна ў Бэрлін з пачатку крызысу ва Ўкраіне й анэксіі Крыму. Да апошняга моманту не было вядома, ці сустрэча адбудзецца. Толькі напярэдадні было пацьверджана, што ў Бэрлін прыедуць Уладзімір Пуцін, Пётр Парашэнка й Франсуа Алянд.

Яшчэ перад пачаткам сустрэчы канцлерка Нямеччыны папярэджвала, што „цудаў чакаць нельга”.

Ангела Мэркель: Вядома, нельга чакаць цудаў ад гэтай сустрэчы, але варта паспрабаваць ісьці наперад.

Пасьля заканчэньня перамоваў Мэркель паведаміла, што будзе створаная дарожная мапа для Ўкраіны, то бок плян, які вызначыць парадак дзеяньняў па мірным урэгуляваньні канфлікту на Данбасе.

Гэта прагрэс сёньняшняга дня”, - падкрэсьліла Ангела Мэркель. Яна патлумачыла, што менскія дамоўленасьці, якія зьяўляюцца асновай мірнага працэсу, не ўтрымлівалі падрабязнасьцяў і гэта прывяло да розных палітычных інтэрпрэтацыяў прынятых у лютым 2015 году рашэньняў.

Цягам бліжэйшага месяца міністры замежных спраў і экспэрты павінны пачаць распрацоўку дарожнай мапы для Ўсходняй Украіны.

Ангела Мэркель таксама дадала, што на сустрэчы было вырашана аб стварэньні на Данбасе чатырох дадатковых зонаў, зь якіх бакі канфлікту павінны вывесьці людзей і ваенную тэхніку. Нагадаем, дамова аб стварэньні трох першых зонаў на Данбасе была заключаная ў верасьні бягучага году.

Кіраўнічка нямецкага ўраду адзначыла, што падчас сустрэчы закраналіся таксама гуманітарныя пытаньні, то бок абмен палоннымі, доступ Чырвонага Крыжа да зоны баявых дзеяньняў і пастаўкі вады для жыхароў Данбасу.

Ангела Мэркель: Перад намі шмат намаганьняў, аднак Нямеччына й Францыя па-ранейшаму гатовыя прыняць удзел у мірным працэсе.

Нагадаем, заключаныя ў 2015 годзе Менскія пагадненьні прычыніліся да спыненьня буйнамаштабных сутыкненьняў паміж украінскімі ўрадавымі сіламі й прарасейскімі сэпаратыстамі на Данбасе. Тым ня менш, у гэтым рэгіёне надалей даходзіць да баёў у меншым маштабе, а дзеяньні з мэтай палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту зайшлі ў тупік.

Канчатковыя мэты Менскіх пагадненьняў – правядзеньне мясцовых выбараў у раёнах, якія апынуліся пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў і вяртаньне кантролю над дзяржаўнай мяжой Украіны з Расеяй, усё такі яшчэ далёкія ад дасягненьня.

Пасьля заканчэньня сустрэчы ў Бэрліне прэзыдэнт Пётр Парашенка паведаміў, што ўдзельнікі перамоваў згадзіліся накіраваць на Данбас місію ўзброеных паліцыянтаў. Іх задачы павінны быць узгодненыя з АБСЭ. Аднак Ангела Мэркель удакладніла пазьней, што гэта пытаньне будучыні.

„Без прагрэсу”, - такім чынам вынікі сустрэчы ў Бэрліне камэнтуюць у Кіеве. З украінскай сталіцы паведамляе карэспандэнт Польскага радыё Павал Бушка.

Пасьля заканчэньня перамоваў у Бэрліне прэзыдэнт Пётр Парашэнка падтрымаў пазыцыю, што ўмовай для правядзеньня выбараў на Данбасе зьяўляецца ўрэгуляваньне пытаньняў бясьпекі, то бок вывад замежных войскаў і аднаўленьне Ўкраінай кантролю над мяжой. Экспэрты, якія камэнтавалі вынікі сустрэчы ва ўкраінскіх СМІ, зьвярталі ўвагу на той факт, што ў Бэрліне не былі падпісаныя ніякія дакумэнты, таму інтэрпрэтацыя пастановаў, асабліва з боку Ўкраіны й Расеі, могуць істотна адрозьнівацца. Пра гэта ў інтэрвію тэлеканалу 112 гаварыў былы дарадца Ўладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў. Ён адзначыў, што Расея не выконвае абавязацельстваў і стараецца прымусіць Украіну да выкананьня сваіх патрабаваньняў, то бок правядзеньня выбараў на Данбасе й прызнаньня рэгіёну спэцыяльнага статусу. Пералому ня бачыць таксама журналіст Аляксей Мустафін. Паводле яго, ня варта чакаць значнага прагрэсу ў мірным працэсе, паколькі малаверагодна, што на гэты раз сэпаратысты будуць прытрымлівацца ўмоваў перамір'я”, - паведамляе зь Кіева Павал Бушка.

У сваю чаргу кіраўнік Камісіі па міжнародных справах Савету Фэдэрацыі Канстанцін Касачоў лічыць, што сустрэча ў Бэрліне прынесла посьпех, - паведамляе з Масквы Мацей Ястшэмбскі.

Паводле Касачова, бэрлінская канфэрэнцыя даказала, што „нармандзкі фармат” усё яшчэ жывы, і, што больш важна, жывыя таксама пагадненьні зь Менска. Менш аптымістычна аб сустрэчы ў Бэрліне выказваецца кіраўнік аналягічнай камісіі ў Дзярждуме Леанід Слуцкі. На яго думку, не было ніякага прагрэсу па пытаньні ўрэгуляваньня ўкраінскага канфлікту, і ўсе заявы, у прыватнасьці, прэзыдэнта Пятра Парашэнкi, гэта „выключна словы”. У сваю чаргу дэпутат Дзярждумы Сяргей Жалязьняк пераконвае, што „Кіеў працягвае сабатаваць Менскія пагадненьні”. А член Савета Фэдэрацыі Франц Клінцэвіч папярэдзіў, што любая спроба паскорыць мірны працэс можа прывесьці да абвастрэньня канфлікту”, – паведаміў з Масквы карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястшэмбскі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт