Logo Polskiego Radia
Print

Францішак: Я ўдзячны палякам за цёплы прыём

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.10.2016 15:42
У суботу польскіх пілігрымаў на спэцыяльнай аўдыенцыі прыняў Папа рымскі Францішак.
PAP/EPA/MAURIZIO BRAMBATTI

У Рыме працягваецца Нацыянальная пілігрымка палякаў, якая распачалася ў чацьвер 20 кастрычніка. У ёй удзельнічаюць некалькі тысяч вернікаў, біскупы, сьвятары, прадстаўнікі ўлад. Нацыянальная пілігрымка стала ўдзячнасьцю за Год міласэрнасьці, візыт Сьвятога айца Францішка ў Польшчу, Сусьветныя дні моладзі й 1050 гадавіну Хрышчэньня Польшчы.

«Я надзвычай удзячны Богу за тое, што ён дазволіў мне бліжэй пазнаёміцца з вашым народам і Айчынай сьвятога Яна Паўла ІІ», – сказаў прысутным палякам Папа Францішак. Ён ўзгадваў пра ліпеньскую пілігрымку ў Польшчу.

Францішак: Я яшчэ раз хачу вам падзякаваць – усім вернікам, сьвятарам, біскупам і дзяржаўным уладам – за гарачы прыём у вашай краіне, за цудоўную, мастацкую й духоўную падрыхтоўку падзей, якія мы перажывалі з энтузіязмам, які плыве зь веры.

Францішак таксама нагадаў падзеі 38-гадовай даўніны, калі Папа Ян Павал ІІ на пляцы сьвятога Пятра сказаў словы: «Ня бойцеся! Адчыніце насьцеж дзьверы Хрысту!».

Францішак: Гэтыя словы сказаў Ян Павал ІІ, папа з глыбокай духоўнасьцю, сфармаванай тысячагадовай спадчынай польскай гісторыі й культуры, якую перадавалі зь верай з пакаленьня ў пакаленьне. Гэтая спадчына была для яго крыніцай надзеі, сілы й адвагі, зь якой ён заклікаў сьвет, каб ён шырока адчыніў дзьверы Хрысту.

На канцы сваёй прамовы Папа пажадаў усім палякам, каб Пан даў ім ласку вытрымаць у веры, надзеі й любові, якія яны перанялі ад сваіх продкаў, і пра якія клапоцяцца.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт