Logo Polskiego Radia
Print

Распачынаецца Месяц польскай літаратуры

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 03.11.2016 13:01
  • Месяц польскай літаратуры.mp3
Падчас адкрыцьця пройдзе тэатралізаваная прэзэнтацыя кнігі Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Знахар».

/

Сёньня распачынаецца Месяц польскай літаратуры. Шэраг мерапрыемстваў будзе праходзіць да 24 лістапада.

На ўрачыстым адкрыцьці “Месяца польскай літаратуры з кнігарняй Логвінаў” пройдзе тэатралізаваная прэзэнтацыя кнігі Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Знахар» з удзелам дыпляматычнага корпуса, перакладчыц Ганны Янкуты, Марыі Пушкінай, Марыны Шоды й Марыны Казлоўскай, а таксама актораў Купалаўскага тэатру. Вядоўцам будзе Андрэй Хадановіч. Уваход вольны. Пачатак а 19:00.

10 лістапада ў бары «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя тома выбраных вершаў «Ідалапаклоньніца» польскай паэткі Галіны Пасьвятоўскай у перакладзе на беларускую мову.

17 лістапада чакаецца прэзэнтацыя кнігі «Насыпаць горы» Малгажаты Шэйнэрт – літаратура факта пра беларускае Палесьсе. З удзелам аўтаркі й перакладчыц Марыі Пушкінай і Алены Пятровіч.

24 лістапада прэзэнтацыя кнігі Рышарда Капусьцінскага «Чорнае дрэва» з удзелам перакладчыка Яўгена Салейчука, асабістага сакратара Капусьцінскага Бажэны Дудко й гурта «Нагуаль».

Дырэктар Польскага інстытуту ў Менску, дарадца польскай амбасады Матэвуш Адамскі зьвяртае ўвагу, што гэта ўжо пяты Месяц польскай літаратуры ў сталіцы.

М. Адамскі: Мы пачалі ў 2011 годзе. Можна нават сказаць, што гэта фэстываль польскай літаратуры, паколькі мы ладзім прэзэнтацыі польскай літаратуры ў беларускім перакладзе ў розных формах, разам з намі працуюць выдатныя акторы Купалаўскага тэатру. Мы сустрэліся з шырокім водгукам аматараў польскай літаратуры. Бачна, што Месяц польскай літаратуры стаў традыцыйнай восеньскай падзеяй на культурнай афішы Менску.

Наяўнасьць вялікай колькасьці прапаноў з боку выдавецтваў сьведчыць пра зацікаўленасьць польскай літаратурай у беларускага чытача. У нас таксама шмат прапановаў непасрэдна ад перакладчыкаў. На жаль, гэтых прапановаў больш, чым нашых сілаў і магчымасьцяў. Я вельмі б хацеў разьвіваць і пашыраць гэтую сфэру дзейнасьці Польскага інстытуту. Я перакананы, што кнігі, якія мы будзем прэзэнтаваць у рамках Месяца польскай літаратуры, будуць важным знакам на шляху да пашырэньня наяўнасьці й даступнасьці польскай літаратуры ў Беларусі.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. Больш падрабязны плян Месяца польскай літаратуры можна знайсьці на старонцы Польскага інстытуту ў Менску.

У далучаным гукавым файле слухайце поўную размову з дырэктарам Польскага інстытуту Матэвушам Адамскім.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт