Logo Polskiego Radia
Print

Бізнэсоўцы адказваюць на закіды лідара ПіС

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.11.2016 14:33
Словы Качыньскага аб тым, што прадпрымальнікі зламысна шкодзяць разьвіцьцю польскай эканомікі, закранулі бізнэсоўцаў.
Print Screen: Яраслаў Качыньскі ў эфіры TVP INFOPrint Screen: Яраслаў Качыньскі ў эфіры TVP INFO

Яраслаў Качыньскі сказаў, што меншы чым чаканы рост ВУП - гэта, між іншага, вынік зацягваньня інвэстыцый з боку апазыцыйных прадпрымальнікаў. Старшыня ў перадачы на тэлеканале TVP Info ў сераду вечарам казаў: «Прадпрымальнікі, (…) якія раней мелі паплечнікаў ва ўладах, сёньня ня хочуць прымаць рознага віду карысных для іх эканамічных рашэньняў, бо чакаюць вяртаньня мінулага. Але я запэўніваю – мінулыя часы ня вернуцца».

Узровень і дынаміка інвэстыцый у гэтым годзе сапраўды нездавальняючыя, аднак, паводле Нацыянальнага банку Польшчы, адказнасьць за гэты стан, хутчэй за ўсё, нясе дзяржава й муніцыпалітэты, а не прыватныя прадпрымальнікі.

«Нам па барабану палітыка. Прадпрымальнік робіць тое, што яму эканамічна выгадна, нягледзячы на тое, у якія часы яму прыйшлося інвэставаць. Ад улады мы чакаем, каб яна не перашкаджала», – кажуць бізнэсоўцы.

Старшыня кампаніі «Korona Candles» Кшыштаф Яблоньскі кажа выданьню «Puls Biznesu»: «Калі мне трэба купіць машыну, таму што ў мяне ёсьць кантракт, то я яе купляю, нягледзячы на тое, што адбываецца ў палітыцы».

Рышард Вайткоўскі, старшыня «Resource Partners» зазначае: «Мы інвэстуем і будзем інвэставаць, хаця з гэтым усё больш складана і расьце рызыка. Мы купляем кампаніі, разьвіваем іх і празь некалькі гадоў прадаём, аддаём грошы інвэстарам і зьбіраем на чарговыя інвэстыцыі. На жаль, усё часьцей мы чуем ад інвэстараў, што нам ня трэба больш засяроджвацца на Польшчы, а выходзіць за мяжу. (…) Законы мяняюцца вельмі хутка, а нам трэба ствараць шматгадовыя бізнэс-пляны».

Puls Biznesu/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт