Logo Polskiego Radia
Print

Мільярды злотых прызначаць на мадэрнізацыю польскай паліцыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.12.2016 13:15
Закон аб мадэрнізацыі дазволіць аснасьціць паліцыянтаў сучаснай тэхнікай, узбраеньнем, ІТ-сыстэмамі.
www.policja.pl

Міністар унутраных спраў і адміністрацыі абяцае польскай паліцыі мільярды злотых – паведамляе «Rzeczpospolita». Падрыхтаваны адпаведны закон аб мадэрнізацыі, які дазволіць аснасьціць паліцыянтаў сучаснай тэхнікай, узбраеньнем, ІТ-сыстэмамі, а таксама пабудаваць новыя камэндатуры. На працягу 4 гадоў паліцыя атрымае каля 6 млд. злотых (амаль 1,5 млд. даляраў ЗША).

Закон прыняты вельмі своечасова, паколькі паліцыі жыцьцёва неабходныя новая тэхніка і рамонты памяшканьняў, – адзначае прэс-сакратар Галоўнай камэндатуры паліцыі Марыюш Цярка (Mariusz Ciarka). Праўда, у апошнія гады значная частка аб’ектаў была адрамантаваная альбо збудаваная з нуля, але ёсьць і такія, дзе ўмовы проста жахлівыя. Напрыклад, у Лодзі або Кракаве будынкі і абсталяваньне памятаюць яшчэ часы ПНР.

Немалая сума прызначаная на транспарт, як сухапутны, так і авіяцыйны. Новая тэхніка прыйдзе на зьмену старым, нават 40-гадовым верталётам. Гэтая тэхніка выкарыстоўваецца падчас патруляваньня дарог і пошуку людзей, зьніклых на тэрыторыі лясных масіваў. Паліцыя атрымае 2,4 тыс. верталётаў, 1,5 тыс. аўтамабіляў.

Новае абсталяваньне будзе закуплена таксама для дарожна-транспартнай аўтаінспэкцыі. Напрыклад, паліцыянты з гэтай службы змогуць карыстацца вельмі сучаснымі прыборамі для вымярэньня хуткасьці аўтамабіля. Цяпер кіроўцы, затрыманыя за перавышэньне хуткасьці, часта скардзяцца на недакладнасьць састарэлых прыбораў.

Rzeczpospolit/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт