Logo Polskiego Radia
Print

Забароненая радасьць

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 05.12.2016 08:47
Суд у Францыі рэкамэндаваў не паказваць ролік з удзелам радасных дзяцей з сындромам Даўна.
Photo: Marcin Kargol/flickr.com/Commercial use allowed

Ролік пад назвай "Дарагая будучая мама" ў многіх выклікаў сьлёзы. У роліку дзеці з сындромам Даўна расказваюць занепакоенай маме, якая чакае дзіцяці з гэтай інваліднасьцю, якім можа быць яе жыцьцё. Просяць, каб яна не баялася, бо яе дзіця будзе ўмець рабіць розныя рэчы: прытуляцца да яе, казаць, што яе кахае, а таксама хадзіць у школу, падарожнічаць, а нават працаваць. Радасныя дзеці й падлеткі запэўніваюць, што дзіця будучай мамы мае шанцы быць шчасьлівым, як яны.

У Францыі орган, які сочыць за этычным бокам і задачамі тэлебачаньня, рэкамэндаваў тэлестанцыям не паказваць гэты ролік. Ён прасіў улічыць, што кліп выклікае пачуцьцё віны ў жанчын, якія зрабілі іншы жыцьцёвы выбар і вырашылі не нараджаць дзіця з інваліднасьцю. Гэтая рэкамэндацыя абурыла семʼі асоб з "даўнам" і яны падалі ў суд. Суд падтрымаў орган, які назірае за працай тэлеканалаў. Аўтары кампаніі заявілі, што зьбіраюцца падаваць у Эўрапейскі суд па правах чалавека.

Навіна з Францыі дайшла ў Польшчу. Праўда, польскія СМІ яе сказілі й паведамлялі, што ў Францыі забаранілі паказваць радасных дзяцей з сындромам Даўна.

Тое, што зьмест роліка надта аптымістычны, у Польшчы пацьвярджаюць самі бацькі дзяцей з "даўнам". Аднак яны зазначаюць, што ролік выканаў сваю задачу – зьвярнуў увагу, што ў дзяцей з гэтай інваліднасьцю можа быць добрае жыцьцё.

Эва Сухціцка, маці Наталкі з сындромам Даўна й старшыня арганізацыі "Больш каханыя", кажа: "Гэта прыгожы ролік, аднак трэба разумець, што ў яго запрасілі дзяцей, у якіх няма праблем з маўленьнем і яны добра выглядаюць па тэлебачаньні. А ў жыцьці не ўсё так проста, бо не ўсе з сындромам Даўна маюць добрае маўленьне, часам вельмі цяжка іх зразумець. Ёсьць і такія, хто працуе, яны поўнасьцю самастойныя. Аднак гэта не адносіцца да ўсіх, а нават не да большай часткі", – кажа мама Наталкі. "А карысьць з роліка такая, што ён асвойвае грамадзтва з гэта інваліднасьцю", - дадае Сухціцка.

Do Rzeczy/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт