Logo Polskiego Radia
Print

У Менску пройдзе паседжаньне Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Эўропы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.12.2016 12:57
  • У Менску пройдзе паседжаньне Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Эўропы.mp3
Арцыбіскуп Кандрусевіч: У Беларусь прыедуць 45 біскупаў і 10 кардыналаў. Гэта важна ня толькі для Касьцёла, але й для нашай краіны.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

У наступным годзе ў беларускай сталіцы ўпершыню ў гісторыі адбудзецца пленарнае паседжаньне Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Эўропы. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё паведаміў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас нядаўняга візыту сьпікера Сэнату Польшчы Станіслава Карчэўскага ў Менск галава Каталіцкага касьцёла ў Беларусі сустрэўся з прадстаўнікамі польскага парлямэнту й адказаў на пытаньні польскіх ды беларускіх журналістаў. Пра патрэбы Каталіцкага касьцёла, яго ўзаемаадносіны з іншымі канфэсіямі й беларускімі ўладамі, а таксама пра погляд Касьцёла на польска-беларускія адносіны з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам размаўляў Аляксандар Папко.

Каталіцкі касьцёл у Беларусі – гэта паўтара мільёны вернікаў, 619 парафіяў і каля 600 сьвятароў. Каля 110 зь іх – гэта ксяндзы, якія прыехалі з-за мяжы, перадусім з Польшчы. Каталіцкі касьцёл папулярны сярод моладзі, яго голас гучыць у СМІ – зазначыў падчас сустрэчы з журналістамі Тадэвуш Кандрусевіч. Галоўнымі праблемамі, з якімі сутыкаецца Каталіцкі касьцёл у Беларусі арцыбіскуп назваў сацыяльныя праблемы – гэта велізарны паказчык разводаў, які сягае 70% сярод маладых сем’яў, а таксама дэмаграфічны крызыс. Калі казаць пра патрэбы Касьцёла як структуры, то галоўнай праблемай арцыбіскуп лічыць недахоп храмаў і сьвятароў.

У адным Менску налічваецца да 400 тысячаў каталікоў, на іх усіх прыходзіцца толькі 5 касьцёлаў. Аднак сытуацыя паволі зьмяняецца – зазначыў Тадэвуш Кандрусевіч. Каталіцкі касьцёл упершыню за 90 гадоў атрымаў дазволы на пабудову храмаў у сталіцы. 6 касьцёлаў ужо будуюцца, яшчэ 4 пляцоўкі чакаюць свайго часу. У Каталіцкага касьцёла пакуль няма грошай, каб пабудаваць там храмы – паведаміў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Тадэвуш Кандрусевіч: Падрыхтаваць пляны – гэта адна справа, а рэалізаваць іх – зусім іншая. Сёньня ў Менску дзейнічаюць 4 старыя касьцёлы, у гэтым годзе быў асьвечаны новы касьцёл на Каменнай Горцы. Цяпер будуюцца яшчэ 6 касьцёлаў. Аднак мы можам будаваць значна больш.

Беларуская прэса пісала пра то, што адным з адбудаваны храмаў будзе Касьцёл сьвятога Антонія Падуанскагаў Віцебску. Аднаўленьне шыкоўнага барочнага касьцёлу, зьнішчанага савецкімі ўладамі ў 1950-я гады, вярнула б гістарычны выгляд цэнтру горада і паспрыяла б прыцягненьню турыстаў. Аднак пра пляны адбудаваць касьцёл арцыбіскуп ня чуў.

Тадэвуш Кандрусевіч: Першы раз чую, што адбудоўваецца гэты касьцёл. Былі чуткі, што некалі ён будзе адбудаваны, але ня чуў, каб да гэтай адбудовы прыступілі.

У 60-я гады Тадэвуша Кандрусевіча адлічылі з Гарадзенскага пэдінстытуту за тое, што ён рэгулярна хадзіў на набажэнствы. Цяпер такая сытуацыя абсалютна выключаная – падкрэсьліў Тадэвуш Кандрусевіч. «Сёньня мяне запрашаюць ва ўнівэрсытэты, нават часамі чытаю лекцыі ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце» – паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч польскім журналістам. Працоўныя стасункі з беларускімі ўладамі сёньня разьвіваюцца пасьпяхова – кажа арцыбіскуп.

Тадэвуш Кандрусевіч: Я сказаў бы, што працоўныя стасункі паміж Касьцёлам і ўладай разьвіваюцца пасьпяхова. Мы стараемся шляхам дыялёгу вырашыць праблемы, якія існуюць паміж намі. У наступным годзе, напрыканцы верасьня, у Менску адбудзецца пленарнае паседжаньне Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Эўропы – упершыню ў гісторыі. Такога яшчэ ніколі не было. У Беларусь прыедуць каля 45 біскупаў і 10 кардыналаў. Мы вядзем перамовы з уладамі, як арганізаваць гэтае вялікае мерапрыемства. Гэта важна ня толькі для Касьцёла, але й для нашай краіны.

Каталіцкі касьцёл у Беларусі мае добрыя стасункі з Праваслаўнай царквой – падкрэсьліў Тадэвуш Кандрусевіч. Праваслаўныя й каталікі разам рэалізуюць дабрачынныя праекты. Таксама Касьцёл у Беларусі пасьпяхова разьвівае дыялёг з іудаізмам і ісламам. «Гэта вялікая спадчына нашай зямлі, дзе храмы розных рэлігіяў і канфэсіяў стаяць побач на працягу вякоў. На пад’езьдзе да многіх гарадоў можам убачыць, што разам стаяць праваслаўны і каталіцкі крыжы, а паміж імі – часам нават стаіць фігурка Божай Маці. Мы вельмі гэта цэнім, і мы павінныя гэта захаваць».

Кіраўнік Каталіцкага касьцёла вельмі ўсьцешаны тым, што польскія і беларускія ўлады селі за стол перамоваў. «Ужо даўно прыйшоў час гэта зрабіць»,– падкрэсьліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Тадэвуш Кандрусевіч: Мы суседзі. Суседзяў не выбіраюць. З суседзямі заўсёды трэба добра жыць. Пасьля візыту міністра замежных справаў Польшчы ў Менск у сакавіку гэтага году ў адносінах паміж Беларусьсю й Польшчай назіраецца дынамізм. Ужо даўно прыйшоў час, каб сесьці за стол перамоваў і зрабіць канкрэтныя крокі. Я спадзяюся, што візыт сьпікера Сэнату будзе спрыяць разьвіцьцю гэтых адносінаў. Так, як было раней, быць ня можа.

Тадэвуш Кандрусевіч: Каталіцкаму касьцёлу ў Беларусі надалей падтрымка каталікоў з іншых краінаў, у тым ліку з Польшчы. Перадусім патрэбныя сьвятары, а таксама дапамога пры адбудове храмаў.

Тадэвуш Кандрусевіч: Нам дапамагаюць вельмі многа, напрыклад, нядаўна ў касьцёлах Польшчы зьбіралі дапамогу касьцёлам у краінах былога Савецкага Саюзу. Гэта не азначае, што дапамогу зьбіралі толькі для Беларусі, аднак мы вельмі ўдзячныя каталікам Польшчы. З гэтай нагоды мы ўчора маліліся ў нашых касьцёлах. Дапамога ўсё яшчэ патрэбная. Гэта дапамога ў ксяндзах, манахах, дапамога пры рэалізацыі нашых пастырскіх праектаў і пры адбудове старых касьцёлаў альбо пабудове новых.

На пытаньні польскіх журналістаў арцыбіскуп адказваў на вельмі добрай польскай мове. Акрамя беларускай, расейскай і польскай, Тадэвуш Кандрусевіч валодае летувіскай, ангельскай і італьянскай мовамі. На пытаньне журналістаў: «Ці ёсьць шанец на тое, што ў Беларусь прыедзе Папа Рымскі?» галава Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі адказаў ляканічна : «Пра гэта мы пастаянна молімся й жывем гэтай надзеяй».

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт