Logo Polskiego Radia
Print

Анжаліка Борыс ачоліць Саюз палякаў Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.12.2016 14:06
У суботу дэлегаты на IX зьезьдзе СПБ выбралі новыя ўлады.
Анжаліка БорысАнжаліка БорысAliaksandr Papko/radyjo.net

Старшынёй Саюза палякаў Беларусі была абраная Анжаліка Борыс, якая ўжо многія гады зьяўляецца найбольш вядомым прадстаўніком беларускіх палякаў. Гэта адбылося шляхам тайнага галасаваньня дэлегатаў IX зьезда арганізацыі, які ў суботу адбыўся ў Горадні, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

Нагадаем, Бoрыс ужо ачольвала СПБ у 2005-2010 гадах. Аднак тады беларускія ўлады не прызналі выбару дэлегатаў і прывялі да падзелу арганізацыі. У выніку ўсю маёмасьць арганізацыі, у тым ліку 16 Польскіх дамоў, пераняў праўладны Саюз палякаў Беларусі.

У сваю чаргу незалежны СПБ ужо больш за дзесяць гадоў дзейнічае ў падпольлі, а яго актывісты часта падвяргаюцца рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў.

Пасьля шэрагу апошніх візытаў высокапастаўленых польскіх палітыкаў у Беларусь сытуацыя заўважальна памянялася, то бок улады ў Менску заявілі пра сваю гатоўнасьць вырашыць праблему польскай меншасьці. Аднак актывісты СПБ да гэтых заяваў ставяцца вельмі асьцярожна.

„Беларускія ўлады павінны памяняць сваё стаўленьне да СПБ. Перш за ўсё яны павінны зразумець, што мы не палітычная апазыцыя, ня нейкая пятая калёна. Мы – апора польскасьці ў Беларусі, і гэта наша асноўная задача”, - пераконвае новая старшыня арганізацыі. Адначасова яна дадала, што аб’яднаньне з праўладным СПБ не бярэцца пад увагу.

Нагадаем, менавіта такі выхад зь цяперашняй сытуацыі надоечы прапанаваў старшыня Савету рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч. Яго прапанову падтрымаў таксама старшыня праўладнага СПБ Мечыслаў Лысы, які пераконваў, што павінен быць адзіны Саюз палякаў Беларусі.

„Мы - незалежная арганізацыя й такой хочам быць надалей, а не аб’ядноўвацца са структурамі, якія ствараюць і кантралююць беларускія спэцслужбы”, - зазначыла Анжаліка Борыс.

Дарэчы, з упэўненасьцю можна сказаць, што яе выбар на пасаду старшыні СПБ зьяўляецца нечаканым для ўладаў Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Менск спадзяваўся ўбачыць на чале польскай арганізацыі зусім іншага чалавека, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт