Logo Polskiego Radia
Print

Бэата Шыдла й Богуслаў Собатка сустрэліся ў Вісьле (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.12.2016 15:33
  • Богуслаў Собатка.mp3
Размова прэм'ераў Польшчы й Чэхіі прайшла за некалькі дзён да саміту Эўразьвязу.
Photo: PAP/Andrzej Grygiel

У гарадку Вісла на поўдні Польшчы сустрэліся кіраўнікі ўрадаў Польшчы й Чэхіі. Размова Бэаты Шыдла й Богуслава Собаткі прайшла за некалькі дзён да саміту Эўразьвязу.

Гэта чарговыя палітычныя перамовы кіраўнікоў урадаў дзьвюх краін. Нагадаем, у красавіку Богуслаў Собатка пабываў у Варшаве на чацьвёртых польска-чэскіх міжурадавых кансультацыях.

Галоўныя тэму, якія абмяркоўваліся падчас сёньняшняй сустрэчы прэм'ераў Польшчы й Чэхіі, гэта праблемы міграцыі й рэформа міграцыйнай палітыкі Эўразьвязу, а таксама палітыка ў дачыненьні да Расеі й бясьпека ў рэгіёне.

PAP/Andrzej
PAP/Andrzej Grygiel

Зьмена прынцыпаў, паводле якіх у Эўразьвязе можна атрымаць палітычны прытулак, зьяўляецца прадметам спрэчкі ў ЭЗ ужо некалькі месяцы. Нагадаем, між іншым Варшава не пагаджаецца на прапанову Эўракамісіі па гэтаму пытаньню, то бок на пастаянную сыстэму разьмеркаваньня бежанцаў, якая пачынала б дзейнічаць аўтаматычна ў крызыснай сытуацыі.

Польшча й іншыя краіны Вышаградзкай групы (то бок Чэхія, Славаччына й Вугоршчына) прапанавалі ў сваю чаргу канцэпцыю „гнуткай салідарнасьці”. Паводле яе, краіны ЭЗ павінны самі вырашаць пра ўзровень свайго ўдзелу ў працэсе вырашэньня міграцыйнага крызысу, між іншым, у залежнасьці ад патэнцыялу й вопыту.

Нагадаем, падрыхтоўка да сустрэчы Эўрапейскай рады, якая адбудзецца 15 сьнежня ў Бруселі, надоечы была таксама тэмай сустрэчы кіраўнічкі польскага ўраду з прэм'ерам Вугоршчыны Віктарам Орбанам у Кракаве.

PAP/Andrzej
PAP/Andrzej Grygiel

Тым часам Бэата Шыдла й Богуслаў Собатка закраналі таксама пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, рэгіянальнай палітыкі й палітыкі бясьпекі. Сустрэча ў Вісьле была нагодай для дыскусіі на тэму энэргетычнага супрацоўніцтва, разбодувы дарожнай інфраструктуры й інвэстыцыяў у рамках Вышаградзкай групы.

Прэм'еры размаўлялі, сярод іншага, аб падпісаньні новага пагадненьня аб супрацы паліцыі з абедзьвюх краінаў і супольнай інвэстыцыі ў воднае спалучэньне паміж гарадамі Кэндзежын-Козьле (Kędzierzyn-Koźle) і Острава. Яны таксама абвясьцілі аб спалучэньні польскай трасы S3 і чэскай D11.

„У гэтым выпадку мы плянуем выкарыстаць таксама зьнешнія сродкі”, - сказала прэм'ер Бэата Шыдла.

Бэата Шыдла: Гэта важны праект, які мы рэалізуем пры дапамозе сродкаў, атрыманых з Эўразьвязу. Мы будзем хадайнічаць, каб гэтая інвэстыцыя была намі супольна рэалізаваная.

Чэхія - гэта важны гандлёвы партнэр Польшчы. Цягам першых трох кварталаў бягучага году палякі прадалі ў гэтую краіну тавараў на суму 9 мільярдаў эўра.

Паводле Міністэрства разьвіцьця Польшчы кошт усяго польскага экспарту ў Чэхію ў 2015 годзе склаў амаль 12 мільярдаў, то бок ён быў большым, чым увесь польскі экспарт у краіны Азіі.

Пасьля заканчэньня сустрэчы ў польскай Вісьле кіраўнікі ўрадаў пераехалі ў Чэхію ў памежны гарадок Цешын, дзе сустрэліся з прадстаўнікімі польскай меншасьці ў Чэскай Рэспубліцы.

Бэата Шыдла падзякавала Богуславу Собатцы за патрымку польскай адукацыі ў Чэхіі.

Нагадаем, палякі складаюць другую пасьля славакаў найбуйнейшую нацыянальную меншасьць у гэтай краіне. Большасьць зь іх жыве менавіта на тэрыторыі гістарычнай Цешынскай Сылезіі, якую палякі называюць таксама Заользем. Цяпер у гэтым рэгіёне жыве каля 30 тысяч палякаў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт