Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейская сустрэча моладзі ўпершыню ў постсавецкай краіне

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.12.2016 14:20
  • Тэзэ.mp3
На сустрэчах маладых як правіла самай шматлікай групай зьяўляюцца палякі.
pixabay.com/CC0

У сталіцы Латвіі Рызе пачынаецца 39-ая Эўрапейская сустрэча маладых. У рэлігійным мерапрыемстве ўдзельнічае некалькі дзесяткаў тысяч людзей з Эўропы ды іншых кантынэнтаў. Яны прыбываюць у Рыгу, каб маліцца і знаёміцца з праблемамі мясцовых каталіцкіх вернікаў. Сёлета ўпершыню гаспадаром сустрэчы зьяўляецца балтыйская дзяржава і краіна былога Савецкага Саюзу.

Горад Рыга мае даўнія лютэранскія традыцыі. Латвія таксама зьяўляецца краінай, дзе існуюць глыбокія сувязі паміж хрысьціянамі розных веравызнаньняў. Лідары Рымакаталіцкага касьцёла, праваслаўнай царквы, лютэран і баптыстаў падпісалі супольны ліст, які запрашае Тэзэ правесьці Эўрапейскую сустрэчу ў сваім горадзе. Першы раз імпрэза адбываецца ў месцы, дзе пражывае шмат праваслаўных вернікаў – гэта знакавы крок адзін да аднаго.

Арганізатарам сустрэчы маладых хрысьціян зьяўляецца Экумэнічная супольнасьць з францускай мясцовасьці Тэзэ. Яе кіраўнік брат Алюа падкрэсьлівае, што арганізацыя зьяўляецца сымбалем паяднаньня, адкрытасьці на іншых ды салідарнасьці.

Ініцыятарам сустрэчы маладых пад канец 70-ых гадоў быў манах брат Ражэ, якога няма ўжо ў жывых. Калі ў 90-ыя гады ён прабываў у Польшчы, то адзначаў, што на наша жыцьцё вялізны ўплыў мае тое, ці мы ўмеем любіць і прабачаць.

Брат Ражэ: Не вялікія дары і здольнасьці вырашаюць пра самыя важныя зьмены ў нашым жыцьці. Самае важнае – ці мы ўмеем разумець іншых, прабачаць і любіць.

Брат Ражэ быў забіты ў 2005 годзе, падчас богаслужэньня. Яго пераймальнік брат Алюа казаў падчас сустрэчы маладых у Міляне, што супольнасьць Тэзэ будзе ісьці па шляху, пракладзеным яе заснавальнікам, памагаючы маладым людзям зразумець касьцёл і верыць у Бога.

Брат Алюа: Брат Ражэ хацеў заснаваць супольнасьць, якая стане дарам для касьцёла і якая дасьць маладым людзям адвагу, каб яны верылі ў Бога, а таксама дапаможа ім зразумець Касьцёл. Таму ў дзень ягонай сьмерці нічога не закончылася. У нас вельмі важная задача, асабліва ў нашы часы – мы павінны працягваць справу, пачатую братам Ражэ.

На сустрэчах маладых як правіла самай шматлікай групай зьяўляюцца палякі. У мінулым годзе іх было больш за тры з паловай тысячы. Пра тое, як праходзіць сустрэча і якая атмасфэра на ёй назіраецца, гаворыць адна з удзельніц – Яанна.

Яанна: Гэта выключнае пачуцьцё – маліцца з іншымі, у цішыні, сярод тысяч людзей з усяго сьвету. Асаблівая атмасфэра назіраецца таксама ў горадзе, дзе праходзіць сустрэча. Жыхары мясцовасьці адразу пазнаюць на вуліцы людзей, якія прыехалі на сустрэчу маладых. Як правіла яны ветліва з імі вітаюцца, пытаюцца, адкуль прыехалі.

Сёлета на 39-ыя Эўрапейскія сустрэчы моладзі едзе 140 маладых людзей са студэнцкага душпастырства, якое дзейнічае пры касьцёле Сьвятой Анны ў Варшаве і з плоцкай дыяцэзіі. Ноччу яны сустрэліся на імшы ў касьцёле Сьв. Анны і пазьней на аўтобусах адправіліся ў Рыгу.

Удзельніцы: Мяне завуць Агнешка Бянькоўска. Гэта мая пятая Сустрэча маладых. Першы раз я паехала на мерапрыемства ў Бэрлін. І з таго часу я кожны год удзельнічаю ў малітоўных сустрэчах. Кожны год я адчуваю вялікае жаданьне, каб туды паехаць, падзарадзіць свае духоўныя акумулятары. Мне падабаецца, што гэтыя сустрэчы адбываюцца пад канец старога і на пачатку новага году.

А мяне завуць Ягода Каміньска. Мы пазнаёміліся год таму на сустрэчы. Калі хтосьці першы раз паедзе, то будзе ўдзельнічаць рэгулярна. Гэта цудоўнае пачуцьцё – калі ты зьяўляесься часткай вялікага адзінства, пачуцьцё супольнасьці.


Тэма сёлетняй Эўрапейскай сустрэчы моладзі – мір і салідарнасьць на сьвеце. Сярод плянаваных мерапрыемстваў – сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійнага і палітычнага жыцьця. Важная частка правядзеньня часу на мерапрыемстве – гэта малітвы. У плянах таксама багатая культурніцкая праграма, у прыватнасьці, удзельнікі змогуць убачыць кінастужку пра жыцьцё заснавальніка Супольнасьці з Тэзэ брата Ражэ. У навагоднюю ноч адбудзецца малітва за мір на Зямлі і «Сьвята народаў».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт