Logo Polskiego Radia
Print

Хрысьціяне ўсходняга абраду сьвяткуюць Божае нараджэньне

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.01.2017 06:01
  • Хрысьціяне ўсходняга абраду сьвяткуюць Божае нараджэньне.mp3
У вернікаў усходняга абраду Божае нараджэньне сьвяткуецца тры дні.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Згодна зь юліянскім календаром, хрысьціяне ўсходняга абраду сьвяткуюць Божае нараджэньне. У вернікаў усходняга абраду Божае нараджэньне сьвяткуецца тры дні.

Праваслаўная царква адзначае Раство Хрыстовае надзвычай урачыста. Вернікі рыхтуюцца да яго ў часе саракадзённага посту, званага Піліпаўкай. Гэты падрыхтоўчы пэрыяд заканчваецца Сьвятым вечарам, то бок Куцьцёй.

Першы дзень калядных сьвятаў прысьвечаны ўспаміну ды развагам над нараджэньнем Хрыста. Другі дзень сьвятаў прысьвечаны Сьвятой сям’і. У гэты дзень прынята сустракацца ў доме з блізкімі ды знаёмымі. Запрашаць гасьцей. Трэці дзень сьвятаў прысьвечаны памяці першага мучаніка за веру – сьвятога Сьцяпана.

Грэка-каталіцкі сьвятар Богдан Стэпан расказвае, што вернікі цягам 40-дзённага посту рыхтаваліся да добрага сьвяткаваньня сьвятаў Божага нараджэньня.

Б. Стэпан: Сьвята – гэта не магія. Для гэтага патрэбная духоўная праца. Трэба падрыхтавацца духоўна, маліцца, пайсьці на рэкалекцыі, паспавядацца, падумаць пра сваё жыцьцё, пра хрысьціянства ў сваім жыцьці. Веруючы чалавек павінен стала памятаць пра прысутнасьць Бога. Ва ўкраінскай калядцы сьпяваецца «Хрыстос нараджаецца», а не «нарадзіўся» калісьці. Трэба запытацца ў самога сябе, ці Ён нараджаецца сёньня ў маім сэрцы. Калі так, то павінны быць нейкія плёны ў сям’і, суседзтве, працы.

У першы дзень сьвята Божага нараджэньня вернікі сустракаюцца ў коле самых блізкіх. Пасьля поўдня ў цэрквах адпраўляюцца сьвяточныя вячэрнія набажэнствы, падчас якіх разам сьпяваюцца калядкі. Калядаваньне ў царкве пачынаецца менавіта ў першы дзень сьвята й трывае да Вадохрышча – да 19 студзеня.

Як расказалі Польскаму радыё жыхары Пшэмысьля, дзьверы іх дамоў у гэтыя дні заўсёды адчыненыя для калядоўнікаў.

Жыхар Пшэмысьля: Калядоўнікі заўсёды стаялі пад вакном з прыгожай зоркай, асьветленай і вельмі каляровай, сьпявалі калядкі. Мама з татам заўсёды частавалі іх арэхамі ці вушкамі. Нашая сям’я заўсёды прымае вельмі шмат калядоўнікаў. Здараецца, што яны чакаюць нават у чарзе. Калісьці нават сусед-каталік папрасіў, каб калядоўнікі прыйшлі й да іх. Атмасфэра спрыяе радаснаму сьвяткаваньню.

У Польшчы няма дакладнай лічбы праваслаўных і грэка-каталіцкіх вернікаў. Прадстаўнікі Польскай аўтакефальнай царквы ацэньваюць, што іх каля 450-500 тысяч. Паводле польскага статыстычнага ведамства, пра прыналежнасьць да праваслаўнай царквы ў Польшчы заявіла 156 тысяч чалавек. Царкоўныя ўлады лічаць гэтыя дадзеныя не аб’ектыўнымі.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт