Logo Polskiego Radia
Print

Расея ўзмацняе ўласную мяжу, таму будзе менш плаціць Беларусі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.01.2017 20:05
  • Расея ўзмацняе ўласную мяжу, таму будзе менш плаціць Беларусі.mp3
«Расея сьцягвае на Захад войскі, будуе мяжу, таму аргумэнт Менска «мы абараняем Маскву» становіцца ўсё менш пераканаўчым», – палітоляг.
pixabay.com/Public Domain CC0

У мінулыя 7 дзён беларускія ўлады дамаўляліся з Эўразьвязам наконт узмацненьня заходняй мяжы, а Расея тым часам узмацняла памежны кантроль на ўсходніх межах Беларусі. Аляксандар Лукашэнка пашырыў сьпіс «дармаедаў», якія павінныя плаціць сумнавядомы падатак, а журналісты заявілі, што ён тым часам дабудоўвае 17-ю па ліку рэзыдэнцыю. Чаму Расея адгароджваецца ад Беларусі? Ці адменяць падатак на дармаедзтва, і каму належыць шыкоўная рэзыдэнцыя пад Менскам? На гэтыя ды іншыя тэмы апошніх 7 дзён у «Палітычным люстэрку» разважаюць Аляксандар Папко й аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

«Шанцы на адмену дэкрэту аб «дармаедах» ёсьць»

12 студзеня Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў дэкрэт «Аб супрацьдзеяньні сацыяльнаму ўтрыманству». Ад так званага «падатку на дармаедзтва» улады пазбавілі тых, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, а таксама спартоўцаў нацыянальнай зборнай. Затое падатак вырашылі спаганяць з хатніх гаспадыняў, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў, пры ўмове, што дзеці карыстаюцца паслугамі дзіцячых садкоў. Дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве выклікаў і выклікае незадаволенасьць дзесяткаў, калі не соцень тысяч чалавек. Ці грамадзкае абурэньне прымусіць улады яго адмяніць?

Рыгор Астапеня: Нягледзячы на ўсю маларухомасьць нашай сыстэмы, я думаю, што шанцы адмену гэтага дэкрэту ўсё ж існуюць. Прынамсі будуць уводзіцца нейкія зьмены, якія паволі зьменшаць абсяг дзеяньня гэтага юрыдычнага акту. І прычына ў тым, што было відавочна яшчэ год таму, калі гэты дэкрэт прымаўся. Ён абсалютна не адпавядае часу, бо пагаршае становішча людзей, якія праз крызыс трапілі ў бяду й не могуць знайсьці працу. Болей за тое, гэты дэкрэт вымагае такой працы дзяржворганаў, то бок чалавечага й фінансавага капіталу, што ён перавышае прыбыткі дзяржавы ад збору гэтага падатку.

«Вандроўкі й рэзыдэнцыі могуць выйсьці Лукашэнку бокам»

13 студзеня журналісты тэлеканалу «Белсат» паведамілі, што знайшлі новую, 17-ю рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. Разьмяшчаецца яна непадалёк ад вёсак Кукелеўшчына і Шаршуны ў Менскім раёне. Пазьней журналісты парталу TUT.BY заявілі, што зямля пад Менскам была перададзеная Ўпраўленьнем справамі прэзыдэнта ў арэнду зарэгістраванай на Кіпры фірме расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Навошта Аляксандру Лукашэнку, які мае імідж сьціплага «народнага прэзыдэнта», так многа рэзідэнцыяў? І каму, нарэшце, належыць маёнтак, які зарэгістраваны на імя кіпрскай афшорнай кампаніі?

Рыгор Астапеня: Па-першае, я не думаю, што Лукашэнка дагэтуль мае вобраз народнага прэзыдэнта. За апошнія пару гадоў кіраўнік Беларусі страціў сувязь з народам. Калі паслухаць звычайных людзей, то шмат хто з іх абураны, што пакуль яны зарабляюць па 100 даляраў, Мікалай Лукашэнка са сьвітай наведвае піраміды. І ўсе гэтыя вандроўкі ці рэзыдэнцыі калісьці адаб’юцца рэхам Аляксандру Лукашэнку. Па-другое, адносна таго, чаму рэзыдэнцыя належыць кіпрскаму афшору. Шчыра кажучы, я не ведаю й нават баюся называць нейкія варыянты, бо ўсе яны віламі па вадзе пісаныя.

Цэнтры ўтрыманьня мігрантаў ня створаць нікому праблемаў

Эўразьвяз дасьць грошы на пабудову ў Беларусі некалькіх цэнтраў па разьмяшчэньні мігрантаў, разьлічаных на 30-50 чалавек кожны. Пра гэта заявіла 15 студзеня МЗС Беларусі. Што гэта за цэнтры й навошта яны патрэбныя?

Рыгор Астапеня: Гэтыя цэнтры нічога асаблівага з сябе ўяўляць не будуць. То бок раней, калі міліцыя затрымлівала нелегальных мігрантаў, то ўтрымлівала іх у ізалятарах пры РАУСах ці большых ізалятараў, як вядомае Акрэсьціна. Цяпер жа нелегальныя мігранты будуць чакаць дэпартацыі ці нейкага іншага рашэньня ў адмысловым цэнтры, пабудаваным за кошт ЭЗ. Навошта расійскі МЗС Лаўроў ці нейкія СМІ раздуваюць гэта справу, я ня ведаю. Але такое ўражаньне, што яны проста не разумеюць, пра што ідзе гаворка.

Масква ўсё менш патрабуе паслугаў Менска, таму будзе плаціць усё менш

На гэтым тыдні ў беларусаў, якія прыбываюць у расейскія аэрапорты, пачалі правяраць пашпарты. Беларусь пашпартнага кантролю для рэйсаў з Расеі ня ўводзіла. Прыгадаем, што з лістапада Масква не дазваляе перасякаць расейска-беларускую мяжу грамадзянам трэціх краінаў. Нават дыпляматаў, якія едуць празь Берасьце і Менск у Маскву, расейскія памежнікі спыняюць і накіроўваюць праз міжнародныя пераходы на мяжы з Украінай і Латвіяй. Ці можна сьцьвярджаць, што на Ўсходзе паўстае паўнавартасная мяжа, прычым будуе яе Расея? Чым можна патлумачыць такія дзеяньні Масквы?

Рыгор Астапеня: Заўчасна казаць пра сапраўдную памежную інфраструктуру, але, безумоўна, гэта крокі да яе. Я думаю, што такімі дзеяньнямі Крэмль паказвае, што калі Лукашэнка не гатовы да глыбейшай інтэграцыі, то беларускі кіраўнік не настолькі патрэбны. То бок, наратыў беларускіх уладаў будаваўся на тым, што Беларусь у сэнсе мяжы ці ў вайсковым пляне зьяўляецца для Расеі нейкім фарпостам. Маўляў, ад Воршы да Масквы нічога няма, Беларусь аказвае Расеі нейкія паслугі ў гэтых галінах, а Масква павінна за гэта плаціць. Цяпер жа Расея бярэ мяжу пад усё большы самастойны кантроль (ці мае больш уласных войскаў на захадзе краіны, як паралельны прыклад), таму, я думаю, зьбіраецца менш плаціць Беларусі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт