Logo Polskiego Radia
Print

На першым месцы – Амэрыка

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.01.2017 15:36
Дональд Трамп: Купляй амэрыканскае й прымай на працу амэрыканцаў
EPA/Andrew Harrer

«Жэчпасполіта» вяртаецца да інаўгурацыі Дональда Трампа. «Мы зьменім кірунак разьвіцьця ЗША й сьвету на доўгія-доўгія гады, – заявіў 45-ы прэзыдэнт Злучаных Штатаў.

Той, хто чакаў, што з уступленьнем на найважнейшую пасаду на плянэце Дональд Трамп высуне лёзунгі з кампаніі й, як яго папярэднікі, зробіць стаўку на абарону ўнівэрсальных каштоўнасьцяў, датычных дэмакратыі й правоў чалавека, моцна памыляўся.

Паводле амэрыканскіх СМІ, ніводзін інаўгурацыйны выступ ня быў настолькі папулісцкім і насычаным нацыяналісцкімі рэплікамі.

-Мы будзем прытрымлівацца двух асноўных прынцыпаў: купляй амэрыканскае й прымай на працу амэрыканцаў, – падкрэсьліваў Трамп. Ён таксама заявіў пра новаўвядзеньні ў замежнай палітыцы: – Многія гады мы абаранялі чужыя межы, забываючыся пра свае. Мы выдаткоўвалі трыльёны даляраў за мяжой, у той час як інфраструктура ў Амэрыцы прыходзіла ў заняпад.

Для Польшчы важна тое, што Трамп падтрымаў намер стварэньня абсалютна новай сыстэмы супрацьракетнай абароны. Аднак не вядома, ці нешта ня зьменіцца ў пытаньні будовы супрацьракетнага шчыта ў Польшчы ў Радзікове на поўначы краіны.

Амэрыканскі прэзыдэнт абвясьціў таксама пра «ўзнаўленьне амэрыканскіх узброеных сіл», магчыма да ўзроўню з канца халоднай вайны. Гэта можа выклікаць занепакоенасьць Масквы. Адначасова прыярытэтам для Вашынгтона мае быць ліквідацыя тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава».

«Сьвет абсалютна ня ведае, чаго чакаць ад новага амэрыканскага прэзыдэнта. А нас чакае няўпэўненасьць, і таму трэба дакладна прыслухоўвацца да кожнага слова Трампа. Пры гэтым яго практычныя дзеяньні могуць зусім не супадаць з тым, што ён сказаў», – падкрэсьлівае камэнтатар «Жэчпасполіта» Марцін Пясэцкі.

яс/Rzeczpospolita

tags: Трамп
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт