Logo Polskiego Radia
Print

Памяць пра АК у Польшчы надалей жывая

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.02.2017 15:23
  • Памяць пра АК.mp3
Палякі адзначаюць 75-годзьдзе заснаваньня выключнай у маштабе ўсяе Эўропы ўзброенай арганізацыі.
Варшаўскія паўстанцы.Варшаўскія паўстанцы.Photo:Jerzy Tomaszewski - Jerzy Tomaszewski (1979) Epizody Powstania Warszawskiego, Warszawa: Krajowa Agencja Wydawnicza Anna Świrszczyńska "Swir" (1984) Budowałam Barykadę, Kraków: /pl.wikipedia.org/Domena publiczna

Спаўняецца 75 гадоў з моманту ўзьнікненьня Арміі Краёвай. Прысьвечаныя гадавіне мерапрыемствы праходзяць пад патранажам прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Мерапрыемствы пачаліся з урачыстай інаўгурацыі акцыі „Аганёк для жаўнераў АК”. У ейных рамках польскія гарцэры запалілі зьнічкі ў 150 месцах у Варшаве, зьвязаных зь дзейнасьцю найбуйнейшай узброенай арганізацыі Польскай падпольнай дзяржавы.

У Музэі калекцыі Яна Паўла ІІ прайшла навуковая сэсія, прысьвечаная разьвіцьцю патрыятычных настрояў у польскім грамадзтве. У сваю чаргу прадстаўнікі дзяржаўных уладаў і вэтэранаў усклалі кветкі да помніка генэралу Стэфану Равэцкаму псэўданім „Грот” (Stefan Rowecki „Grot”) і помніка Польскай падпольнай дзяржаве. У сваю чаргу ўвечары ў Польскім тэатры ў Варшаве заплянаваны ўрачысты галя-канцэрт, падчас якога асобы, асабліва заслужаныя ў працягваньні незалежніцкіх традыцыяў АК, будуць узнагароджаны мэдалямі „Pro Patria”.

Паводле сакратара Сусьветнай асацыяцыі жаўнераў Арміі Краёвай палкоўніка Рышарда Дорфа (Ryszard Dorf), урачыстасьці ў памяць аб стварэньні Арміі Краёвай - гэта нагода ўспомніць фэномэн дзейнасьці гэтай узброенай арганізацыі.

Рышард Дорф: Мерапрыемствы нагадваюць пра тое, чым была й як узьнікла Армія Краёва. Нагадаю, Саюз узброенай барацьбы (Związek Walki Zbrojnej,ZWZ), то бок узброеныя сілы Польшчы ў часе Другой сусьветнай вайны, быў пераўтвораны ў Армію Краёву. Неўзабаве структуры АК распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. Польская падпольная дзяржава была тады адзінай падпольнай дзяржавай у сьвеце, у рамках якой дзейнічалі і грамадзянскія, і вайсковыя структуры.

Дырэктар Музэя Арміі Краёвай у Кракаве Марэк Лясота (Marek Lasota) зьвяртае ўвагу на спосаб узьнікненьня АК. Саюз узброенай барацьбы быў пераўтвораны ў Армію Краёву пад камандаваньнем генэрала Стэфана Равэцкага „Грота” загадам галоўнакамандуючага генэрала Ўладзіслава Сікорскага (Władysław Sikorski). Гэта сьведчыла аб тым, што існуюць адзіныя ўзброеныя сілы Польшчы.

Марэк Лясота: Іх адна частка дзейнічала на боку заходніх хаўрусьнікаў, напрыклад, Другі корпус генэрала Андэрса ці іншыя падразьдзяленьні польскіх узброеных сілаў на Захадзе. Другая частка дзейнічала ў краіне ў падпольных умовах. Гэта была армія пад камандаваньнем легальных польскіх уладаў у Лёндане й галоўнакамандуючага.

Выконваючы абавязкі кіраўніка Ўпраўленьня па справах вэтэранаў і асобаў, якія падвяргаліся рэпрэсіям, Ян Юзаф Каспшык (Jan Józef Kasprzyk) нагадвае, што Армія Краёва была вядомая, між іншым, сваёй разьведвальнай дзейнасьцю.

Ян Юзаф Каспшык: Гэта велізарная праца выведкі й контрвыведкі, безь якой немагчымай была б перамога хаўрусьнікаў над Трэцім Рэйхам.

Армія Краёва была найбуйнейшай падпольнай узброенай арганізацыяй у акупаванай Эўропе. У ейны склад увайшлі каля 200 ваенных арганізацый. АК ажыцьцяўляла ўзброеныя дзеяньні, у тым ліку дывэрсійнага характару, а таксама рыхтавала падпольную армію да паўстаньня ў Польшчы.

У пэрыяд максымальнай баяздольнасьці, то бок улетку 1944 году, АК налічвала каля 380 тысяч жаўнераў. Арганізацыя мела агульнанацыянальны й звышпартыйны характар. Ейныя жаўнеры павінны былі выканаць высокія патрабаваньні.

Жаўнерка АК Рамуальда Тудрэй (Romualda Tudrej) успамінала, што ўступіць у яе было ня так лёгка.

Рамуальд Тудрэй: У нас патрабавалі рэкамэндацыі іншых жаўнераў АК. Мы былі вельмі маладыя. Усё пачыналася ад гарцэрства, у падпольных школах узьнікалі першыя тайныя групы, толькі пазьней можна было прынесьці прысягу і ўступіць у АК.

Кульмінацыяй узброеных намаганьняў АК было Варшаўскае паўстаньне, якое пачалося 1 жніўня 1944 году й працягвалася 63 дні. Аднак збройны чын не прынёс чаканай свабоды.

Армія Краёва была распушчаная 19 студзеня 1945 году загадам генэрала Леапольда Акуліцкага „Мядзьведзіка” (Leopold Okulicki „Niedzwiadek”), які прадугледжваў савецкую акупацыю ў краіне.

Гісторык Катажына Ўтрацка (Katarzyna Utracka) з Музэя Варшаўскага паўстаньня нагадае, што пасьля ўваходу Чырвонай Арміі ў Польшчу турмы запоўніліся яе жаўнерамі АК.

Катажына Ўтрацка: Частка жаўнераў засталася ў лясах, дзе яны надалей змагаліся за незалежную Польшчу. Арышты жаўнераў АК пачаліся ўжо ў 1944 годзе, але ў 1945 годзе адбыўся гучны працэс камандуючых АК на чале зь генэралам Леапольдам Акуліцкім „Мядзьведзікам”. Такім чынам катоўні гестапа ў Польшчы сталі катоўнямі камуністычных уладаў.

У камуністычнай Польшчы жаўнеры Арміі Краёвай за сваю незалежніцкую дзейнасьць падвяргаліся арыштам, перасьледу й высылцы ў глыб Савецкага Саюза. Многія зь іх былі прысуджаныя да найвышэйшай меры пакараньня.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт