Logo Polskiego Radia
Print

"Для выпраўленьня эканамічнай сытуацыі, трэба выправіць палітычную"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 18.02.2017 14:41
  • Марш недармаедаў.mp3
Наступная масавая акцыя заплянавана на 25 сакавіка.
PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Каля трох тысяч чалавек прынялі ўдзел у «Маршы раззлаваных беларусаў» 17 лютага ў Менску. Акцыя была арганізаваная прадстаўнікамі апазыцыі супраць дэкрэта «аб дармаедах».

Акцыю арганізаваў Беларускі нацыянальны кангрэс (створаны ў траўні 2016 года па ініцыятыве групы грамадзкіх і палітычных дзеячаў у мэтах кансалідацыі беларускай апазыцыі). Рухавіком акцыі сталі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Павал Севярянец, іншыя палітыкі, прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў.

Адзін з арганізатараў Маршу незадаволеных беларусаў Павал Севярынец кажа, што ўчарашняя акцыя зьяўляецца пачаткам нечага большага. Ён прызнае, што колькасьць людзей, якая выйшла на вуліцы Менску перавысіла яго спадзяваньні.

П. Севярынец: Практыка «вясны» ў беларускіх умовах паказвае, што калі ў лютым адбываецца акцыя на некалькі тысяч чалавек, то на Дзень волі і на Чарнобыльскі шлях зьбіраюцца дзясяткі тысяч. Я думаю, што самыя вялікія акцыі ў нас наперадзе. Беларускі народ, які перасталі браць у разьлік, заявіў сваё права на Беларусь, падняў свой голас. Я думаю, што цяпер і Эўропа, і рэжым, і Расея, і апазыцыя павінны разумець: ёсьць беларусы і яны прачынаюцца.

Я думаў прыйдзе некалькі сотняў чалавек. Тое, што прыйшлі тысячы, гэта вынік нейкага тэктанічнага зруху. Спачатку я думаў, што прыйшлі пераважна пацярпелыя асобы, для якіх галоўнае – гэта кавалак хлеба. Але самым гучным і моцным лёзунгам учора было «Жыве Беларусь!». Я думаю, гэта не эканамічны пратэст.

Дэкрэт нумар 3 стаў нагодай, але ў рэальнасьці гаворка ідзе пра нешта іншае.
Уладзімір Някляеў гаворыць, што выпраўленьне эканамічнай сытуацыі немагчымае без выпраўленьня палітычнай сытуацыі.

У. Някляеў: Цярпеньне людзей заканчваецца. Рэжыму тут няма чаго супрацьпаставіць, бо ніякіх сродкаў дзеля таго, каб выправіць сытуацыю, найперш эканамічную, у рэжыму няма. А каб выправіць эканамічную сытуацыю, трэба выпраўляць палітычную. Няма нават палітычнай волі да гэтых перамен, бо любыя перамены вядуць да зьнікненьня ўлады Лукашэнкі.

Уладзімір Някляеў адзначыў, што калі б усе палітычныя апазыцыйныя сілы далучыліся да Беларускага нацыянальнага кангрэсу, то і людзей выйшла значна больш, і сытуацыя ў краіне была б іншай. Ён дадаў, што БНК адчынены на супрацу зь іншымі.

Наступная масавая акцыя заплянавана на 25 сакавіка.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт