Logo Polskiego Radia
Print

«Радзівілы: лёсы краіны і роду» ў Менску

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 28.02.2017 16:08
  • Выстава Радзівілы.mp3
На выставе можна паглядзець амаль сто экспанатаў з прыватнай калекцыі князя Мацея Радзівіла.
Photo: artmusem.by

У Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску запрацавала выстава «Радзівілы: лёсы краіны і роду». Гэта экспазыцыя твораў з калекцыі князя Мацея Мікалая Радзівіла й фондаў музэя. Падтрымку ў арганізацыі мерапрыемства аказала пасольства РП у Менску.

На выставе можна паглядзець амаль сто экспанатаў з прыватнай калекцыі князя Мацея Радзівіла. Нашчадак магнацкага роду сказаў Польскаму радыё, што на экспазыцыі знаходзяцца партрэты, гравюры, мэдалі і слуцкі пояс. А найстарэйшы экспанат - гэта партрэт кардынала Ежы Радзівіла з XVІ стагодзьдзя.

Князь Мацей Радзівіл расказаў, што толькі некалькі арыгінальных карцінаў захаваліся ў чальцоў роду.

М.Радзівіл: Падчас ваеннай завірухі, а потым у сталінскія часы кожны Радзівіл быў шчасьлівы, калі захаваў жыцьцё й свабоду. Хутчэй не клапаціліся пра сваю маёмасьць, творы мастацтва. Таму многія прадметы я купіў. Я найперш купляю ў людзей, якія ведаюць гісторыю карціны або прадмета. Некаторыя карціны, гравюры я купіў на аўкцыёнах, або ў інтэрнэце і тады я ня ведаю гісторыі аб’екта.

Выстава «Радзівілы: лёсы краіны і роду» у Менску - гэта першае мерапрыемства, якое поўнасьцю прысьвечана слаўнаму магнацкаму роду Вялікага Княства Літоўскага. Князь Мацей Радзівіл заявіў, што ён гатовы дапамагаць у падрыхтоўцы ў Беларусі выставаў, зьвязаных з гісторыяй ВКЛ.

М.Радзівіл: У Польшчы ёсьць многа музэйных фондаў, якія не паказваюцца, і я ўпэўнены, што польскія музэі былі б вельмі шчасьлівыя, калі б можна было паказаць гэтыя экспанаты ў Беларусі.

На выставе паказаныя 19 мастацкіх твораў, якія паходзяць з фонду Нацыянальнага мастацкага Музэя ў Менску. Дырэктар музэя Ўладзімер Пракапцоў лічыць, што экспазыцыя мае важнае адукацыйнае значэньне, таму што род Радзівілаў зьвязаны з гісторыяй Беларусі.

У.Пракапцоў: Гэта для нас вельмі важна, каб і наведвальнікам, і замежным турыстам вярнуць гістарычную памяць, якая была некалькі дзесяцігодзьдзяў таму незаслужана забытая. Безумоўна, з гісторыяй роду Радзівілаў зьвязаныя вялікія працэсы, якія адбываліся на землях сучаснай Беларусі, Вялікага Княства Літоўскага. Гэта і культура, і адукацыя, гэта і будаўніцтва, і таксама эканоміка. Гэтая выстаўка праз пару месяцаў паедзе ў Гомель, а потым у Бела-Падляску ў Польшчу. Мы спадзяемся праз гады 4-5 сабраць у электронным варыянце ўсе радзівілаўскія партрэты з усіх музэяў Польшчы, Летувы, Беларусі, Украіны і іншых краін, каб гэтыя партрэты Радзівілаў на нейкі час вярнуліся на Беларусь. У нашым музэі знаходзіцца каля 70 партрэтаў. У нас ёсьць такая ідэя, каб праз некалькі гадоў зрабіць агульны праект і потым праэкспанаваць яго ў трох сталіцах.

Выстава «Радзівілы: лёсы краіны і роду» працуе ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску. Яе можна наведваць да сярэдзіны красавіка.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт