Logo Polskiego Radia
Print

10 тысяч палякаў з Казахстану хочуць вярнуцца ў Польшчу

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 09.03.2017 13:32
  • 10 тысяч палякаў з Казахстану хочуць вярнуцца ў Польшчу.mp3
Доўгі час прычынай прыбываньня палякаў на тэрыторыю былога Савецкага саюзу былі ссылкі і дэпартацыі.
Польскае радыё

Неўзабаве ў Польшчы пачне дзейнічаць новы закон аб рэпатрыяцыі (вяртаньні на радзіму асоб польскага паходжаньня). Доўгі час прычынай прыбываньня палякаў на тэрыторыю былога Савецкага саюзу былі ссылкі і дэпартацыі. Палякі і іх нашчадкі жывуць ад Армэніі па Ўзбэкістан. Колькі іх? Колькі хоча вярнуцца ў Польшчу?

Урад прыняў новы законапраект аб рэпатрыяцыі, які мае стварыць адпаведныя ўмовы для вяртаньня і асядленьня асоб польскага паходжаньня.

За апошнія 20 гадоў у Польшчу дзякуючы праграме рэпатрыяцыі здолела прыехаць толькі каля 6 тысяч чалавек. У той жа час казахі за той жа час вярнулі на радзіму 987 тысяч суайчыньнікаў, будуючы для іх адмысловыя мікрараёны. Немцы дапамаглі вярнуцца больш за мільёну грамадзян. “Толькі палякі не былі патрэбныя”, - гаворыць старшыня Саюзу рэпатрыянтаў РП Аляксандра Сьлюсарэк.

А. Сьлюсарэк: Здаецца, Радзіма пра іх забыла, але яны не забылі пра Радзіму. Да гэтага прычынілася адсутнасьць адпаведных законаў. З 1990 да 2000 году, калі быў прыняты закон, які абавязвае да гэтага часу, у Польшчу вярнулася 2 тысячы чалавек. Але палова зь іх прыехала з гэтак званых Крэсаў, бо была такая магчымасьць. У сваю чаргу з 2000 году закон цалкам не працаваў. З таго часу прыехала крыху больш за 3000 чалавек.

Адной з асноўных прычын, чаму закон не выконваў сваю ролю, была адказнасьць (у тым ліку фінансавая) за рэпатрыяцыю мясцовых уладаў, якія рабілі гэта па прынцыпе дабраахвотнасьці і не былі ёй зацікаўленыя.

“Між іншым па гэтай прычыне ўрад вырашыў напісаць новы закон”, – гаворыць міністар Генрык Кавальчык, які адказваў за стварэньне закону. Ён кажа, што гэта маральны абавязак ў дачыненьні да палякаў.

Г. Кавальчык: Я шчыра шкадую, што праект рэалізуецца з 25-гадовым спазьненьнем. Цяпер у Казахстане асоб, якіх дэпартавалі, і якія памятаюць ссылку, засталося няшмат, бо гэтым людзям больш за 80 гадоў. Насамрэч цяпер будуць вяртацца нашчадкі дэпартаваных. У дачыненьні да іх у нас таксама ёсьць пэўныя абавязкі. Таму ў новым законе зьменены падыход да справы. Адказнасьць лякальных улад за рэпатрыяцыю не спрацавала. Цяпер гэтую ролю пяройме дзяржава.

“Палякі з Казахстану і іншых пост-савецкіх краін хочуць вярнуцца ў Польшчу, паколькі для іх гэта жыцьцёвы шанец”, – расказвае ксёндз Лешэк Кшыжа, які часта бывае ў Казахстане.

Л. Кшыжа: Я размаўляю з гэтымі людзьмі. Зразумела, вярнуцца ў Польшчу хочуць ня ўсе і ня масава. Але ёсьць група людзей, якія пераезд у Польшчу лічыць сваім жыцьцёвым шанцам. Я думаю, што ў такой сытуацыі гэта таксама асаблівая роля і задача касьцёла на месцы. Яго задача, між іншым, заключаецца ў тым, каб гэтых асоб падрыхтаваць як людзей, як католікаў і г.д.

Казахстан зьяўляецца месцам, дзе жыве найбольш палякаў. Паводле перапісу насельніцтва ў 2009 годзе, палякамі назвалі сябе 34 тысячы асоб. У дадзены момант іх лічба невядомая. Як кажа Аляксандра Сьлюсарэк, вельмі шмат палякаў выехала ў Калінінградзкую вобласьць, Беларусь, Нямеччыну. Цяпер мяркуецца, што ў Польшчу хацелі б вярнуцца каля 10 тысяч чалавек.

Неўзабаве новы закон павінен быць прыняты Сэймам. Гаворка ідзе пра асоб, дэпартаваных ці сасланых уладамі СССР у Армэнію, Азэрбайджан, Грузію, Казахстан, Кіргістан, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан ці азіяцкую частку Расеі.

У дакумэнце зьменена паняцьце рэпатрыянта, якое пашыранае на інтэрнацыянальныя сужонствы. Дагэтуль, сужонак ня польскай нацыянальнасьці не лічыўся рэпатрыянтам. Ён мог прыехаць у Польшчу, але быў звычайным іншаземцам, які падпарадкоўваўся іншым законам. Новы закон значна спросьціць рэпатрыяцыю цэлых сем’яў.

Будзе пакліканы ўпаўнаважаны ўраду і Рада па справах рэпатрыяцыі. Яны будуць каардынаваць працэс і дапамагаць рэпатрыянтам на самым пачатку іх прабываньня ў Польшчы. Праект прадугледжвае новыя формы фінансавай дапамогі, між іншым, да 6200 тысяч даляраў на вырашэньне жыльлёвых пытаньняў.

Законапраект прадугледжвае ўтварэньне адаптацыйных цэнтраў для рэпатрыянтаў. Такі цэнтар будзе арганізоўваць курсы польскай мовы, заняткі па польскай гісторыі і традыцыі, прафэсійную адукацыю, адаптацыйна-інтэграцыйныя заняткі. Рэпатрыянт зможа знаходзіцца ў такім цэнтры ад 3 да 6 месяцаў.

Згодна з праектам, новы закон пачаў бы дзейнічаць з 1 траўня 2017 году. Частка артыкулаў увойдзе ў сілу 1 верасьня 2017 году.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт