Logo Polskiego Radia
Print

Польшча падтрымлівае ідэю пашырэньня ЭЗ на Балканах (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.03.2017 14:35
  • Славенія.mp3
Бясьпека на Балканах і будучыня Эўразьвязу – галоўныя тэмы візыту Анджэя Дуды ў Славенію.
Photo: PAP/Radek Pietruszka

Лідары Босьніі й Герцагавіны ды Славеніі заклікаюць Эўрапейскі Зьвяз не ліквідаваць магчымасьць пашырэньня супольнасьці на чарговыя балканскія краіны. У сваю чаргу прэзыдэнт Польшчы запэўнівае, што ён падтрымлівае ідэю інтэграцыі Босьніі й Герцагавіны з ЭЗ. Гэтае пытаньне стала галоўнай тэмай размовы трох прэзыдэнтаў у Славеніі.

Двухдзённы візыт прэзыдэнта Анджэя Дуды ў Славенію пачаўся з сустрэчы з кіраўнікамі Славеніі й суседняй Босьніі й Герцагавіны. Асноўнай тэмай спатканьня была бясьпека на Балканах.

Photo:
Photo: PAP/Jacek Turczyk

Славенія зьяўляецца найбольш разьвітай краінай рэгіёну. Гэтая дзяржава была першай у рэгіёне сярод тых, хто далучыўся да ЭЗ. З 2007 году Славенія належыць да эўразоны. У сваю чаргу Босьнія й Герцагавіна мае ключавое значэньне ва ўтрыманьні міру на Балканах.

Яшчэ перад вылетам у Славенію міністар з Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі (Krzysztof Szczerski) нагадаў, што Босьнія зьяўляецца вельмі важнай часткай „балканскай галаваломкі”.

Photo:
Photo: PAP/Jacek Turczyk

Кшыштаф Шчэрскі: У гэтай краіне перакрыжоўваюцца розныя ўплывы. Будучыня й стабільнасьць гэтай краіны важная таксама ў кантэксьце міграцыйнага крызысу ў Эўропе. Менавіта таму трохбаковая размова лідараў Польшчы, Славеніі й Босьніі й Герцагавіны – гэта важны пункт візыту польскага прэзыдэнта ў Славеніі.

Сустрэча трох прэзыдэнтаў была прысьвечана сытуацыі на Балканах, у прыватнасьці, бясьпецы рэгіёну 20 гадоў пасьля заканчэньня вайны.

Старшыня Прэзыдыюма Босьніі й Герцагавіны, які выконвае функцыю прэзыдэнта ў гэтай краіне, Младэн Іваніч падкрэсьліў, што яго краіна не адмовілася ад жаданьня ўступіць у ЭЗ, і заклікаў Эўропу не зачыняць дзьверы перад басьнійцамі.

Младэн Іваніч: Нам у Босьніі асабліва патрэбная эўрапейская падтрымка. Ізаляцыя азначала б, што мы павінны самі справіцца з праблемамі. Са свайго боку я магу запэўніць, што я гатовы правесьці ўсе неабходныя рэформы.

Прэзыдэнт Славеніі Борут Пахар падкрэсьліў, што Босьнія вельмі важная з пункту гледжаньня бясьпекі ўсяго балканскага рэгіёну.

Борут Пахар: Я думаю, што надалей ёсьць яшчэ магчымасьць пашырэньня Эўразьвязу на краіны Заходніх Балканаў. Калі б гэта не ўдалося, то сытуацыя ў гэтым рэгіёне можа рашуча пагоршыцца.

У сваю чаргу прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў падчас сустрэчы, што Варшава падтрымлівае мірабудаўніцтва й ідэю пашырэньня ЭЗ на Балканы.

Анджэй Дуда: Польшча падтрымлівала, падтрымлівае й надалей будзе падтрымліваць амбіцыі Босьніі й Герцагавіны на шляху ў Эўразьвяз. Я запэўніваю, што Босьнія можа спадзявацца на поўную падтрымку Польшчы па гэтай справе.

Нагадаем, у Босьніі дысьлякуецца кантынгент Эўразьвязу, які пераняў ад войскаў NATO задачу дапамогі краіне ў адбудове пасьля вайны на Балканах. Прэзыдэнт Анджэй Дуда нагадаў, што ў Босьніі цяпер служыць 24 польскія жаўнеры.

Босьнія й Герцагавіна была створаная пасьля распаду былой Югаславіі. З 2003 году яна ўдзельнічае ў працэсе збліжэньня з ЭЗ, а ў лютым 2016 году краіна падала афіцыйны запыт аб далучэньні да супольнасьці.

Афіцыйная частка візыту ў Славенію пачалася ў нядзелю пасьля поўдня. Анджэй Дуда разам са сваім славенскім калегам накіраваліся ў замак у гарадку Цэле, каб адкрыць помнік-лавачку, прысьвечаную дружбе польскай і славенскай нацыяў. Гэтае месца было выбрана не выпадкова, таму што адтуль у Польшчу прыбыла жонка польскага караля Ўладзіслава Ягайлы Анна Цельская.

PAP/Jacek
Photo: PAP/Jacek Turczyk

У панядзелак прэзыдэнт Польшчы сустрэўся з прэзыдэнтам, прэм’ер-міністрам і сьпікерам парлямэнту Славеніі. Палітыкі размаўлялі пра будучыню Эўразьвязу й падрыхтоўку да заплянаванага на ліпень Саміту дзяржаваў рэгіёну трох мораў, то бок краін басэйнаў Балтыйскага, Чорнага й Адрыятычнага мораў.

Photo:
Photo: PAP/Jacek Turczyk

Прэзыдэнты Анджэй Дуда й Борут Пахар падсумавалі сваю сустрэчу сумеснай заявай, у якой яны гарантуюць, што абедзве краіны будуць імкнуцца да правядзеньня шырокай дыскусіі аб агульнай будучыні Эўропы.

Лідары дзьвюх краінаў запэўнілі, што яны актывізуюць палітычны дыялёг, як паміж Польшчай і Славеніяй, так і суседнімі краінамі, а таксама будуць удзельнічаць у дыялёгу зь іншымі краінамі-аднадумцамі.

Польшча й Славенія таксама плянуюць дзейнічаць на карысьць разьвіцьця ініцыятывы супрацы дзяржаваў рэгіёну трох мораў, нагадаў прэзыдэнт Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда: Гэта праект, які павінен, перш за ўсё, умацоўваць эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі шляхам паляпшэньня транспартнай інфраструктуры, тэлекамунікацыі, навакольнага асяродзьдзя й энэргетыкі ў Цэнтральнай Эўропе. У гэтым, аспэкце Славенія са сваімі партамі зьяўляецца важным баком у гэтых адносінах. Можна сказаць, што гэта такі праект стварэньня інфраструктуральных спалучэньняў паміж Балтыйскім, Адрыятычным і Чорным морамі.

Photo:
Photo: PAP/Jacek Turczyk

Падчас свайго візыту ў Славенію прэзыдэнт Анджэй Дуда ўдзельнічаў у польска-славенскім інвэстыцыйным форуме. Нагадаем, Славенія - гэта галоўны гандлёвы партнэр Польшчы сярод былых рэспублік Югаславіі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт