Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка ператвараецца ў непапулярнага дыктатара

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.03.2017 19:10
  • Лукашэнка ператвараецца ў непапулярнага дыктатара.mp3
Экспэрт: «Мінулі тыя гады, калі Лукашэнка забясьпечваў дабрабыт, прадстаўляў інтарэсы большасьці, таму мог спакойна ўжываць рэпрэсіі».
Менск, 25 сакавіка 2017 г. Фота: wikimedia commons/Спадар БуракМенск, 25 сакавіка 2017 г. Фота: wikimedia commons/Спадар Буракwikimedia commons/Спадар Бурак (Own work)/CC BY-SA 4.0

Мінулыя 7 дзён у Беларусі прайшлі пад знакам затрыманьняў, арыштаў і запалохваньня. У сувязі з новай крымінальнай справай супраць апазыцыянэраў і арганізатараў патрыятычных летнікаў у краіне можа зьявіцца вялікая група палітычных зьняволеных. Разгонам і масавымі затрыманьнямі скончылася пратэстная акцыя 25 сакавіка. Ці беларускія ўлады вяртаюцца да мэтадаў 10-гадовай даўніны? Ці могуць Эўразьвяз і ЗША зноў увесьці санкцыі супраць уладаў у Менску? Як далей будуць разьвівацца грамадзкія настроі? Пра гэта ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» размаўляюць аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня і Аляксандар Папко.

«Рэпрэсіі ўжо ня толькі запалохваюць людзей, але й злуюць»

Увесь тыдзень беларускія сілавікі працягвалі выкрадаць, зьбіваць і затрымліваць грамадзкіх актывістаў, каб не дапусьціць іх удзелу ў акцыі пратэсту супраць Дэкрэту № 3, заплянаванай у Менску на 25 сакавіка. На сам Дзень Волі 25 сакавіка тысячы міліцыянтаў перакрылі горад, разагналі маніфэстацыю й затрымалі больш за 600 чалавек, у тым ліку многіх журналістаў. АМАП устроіў аблаву на праваабаронцаў і валянцёраў, які зьбіралі дапамогу рэпрэсаваным. Аднак увечары таго ж дня больш за 500 затрыманых выпусьцілі. Што гэта было: акцыя запалохваньня ці «ліквідацыі» апазыцыі?

Рыгор Астапеня: У нашым выпадку гэта даволі сынанімічныя паняцьці. Бо ўсё ж мы болей не жывем напрыканцы 90-ых, калі ўлады ліквідавалі людзей у прамым сэнсе гэтага слова. Цяпер сэнс у запалохваньні, каб людзі болей не хацелі займацца грамадзкай дзейнасьцю. І, здаецца, што вось такімі дзеяньнямі ўлады ўсё ж многіх людзей здольны застрашыць. Магчыма не актывістаў, журналістаў ці праваабаронцаў, але звычайных людзей рэпрэсіі пужаюць. Хоць адваротны бок мэдалю ў тым, што рэпрэсіі злуюць людзей і падрываюць аўтарытэт улады. Мы не ў 2000-ых, калі Лукашэнка забясьпечваў дабрабыт, прадстаўляў інтарэсы якой-ніякой большасьці, таму спакойна ўжываў рэпрэсіі. Цяпер жа ў вачох большасьці ён усё больш будзе ператварацца бяздарнага дыктатара, і рэпрэсіі будуць гэтаму толькі спрыяць.

Новыя палітвязьні аслабляць рэжым, а не ўмацуюць яго

У Беларусі могуць зьявіцца новыя палітзьняволеныя. 21 і 22 сакавіка сілавікі арыштавалі ня менш за 26 чалавек. Гэта ўдзельнікі даўно неіснуючай арганізацыі «Белы легіён», арганізатары спартовага лягеру «Патрыёт», які з 2003 году легальна дзейнічаў пад Бабруйскам, а таксама ўдзельнікі патрыятычнага клюбу «Ваяр», зьвязанага з «Маладым Фронтам». Сярод арыштаваных – лідар «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Улады абвінавацілі іх у падрыхтоўцы ўзброенай правакацыі на 25 сакавіка. Зь якімі мэтамі ўзбуджаная гэтая крымінальная справа? Ці патрапяць маладыя людзі за краты? Як на гэта адрэагуе Захад?

Рыгор Астапеня: Хочацца быць аптымістам і я спадзяюся, што затрыманыя праз нейкі час будуць вызваленыя. Бо гэтая «крыміналка» занадта бязглуздая ды і малапатрэбная рэжыму. Свае рэпрэсіўныя здольнасьці ён засьведчыў, а новыя палітвязьні будуць хутчэй аслабляць рэжым, чым умацоўваць. Але вялікая праблема тут у тым, што ўлады ўжо шмат сілаў патрацілі, каб распачаць гэтую справу. І калі Лукашэнка абвесьціў ужо кагосьці баевіком, то даволі складана праз тыдзень адпусьціць яго на волю. Калі сытуацыя дойдзе да пасадак па гэтай справе, то Захад, я думаю, будзе вяртацца да халодных стасункаў з Беларусьсю, хоць насамрэч ён таго не хоча.

За пратэсты ў рэгіёнах будуць саджаць на «суткі»

Арышты грамадзкіх актывістаў, запалохваньне апазыцыянэраў і разгон мітынгу 25 сакавіка зьбілі хвалю пратэстаў «недармаедаў», але поўнасьцю яе не сунялі. 26 сакавіка невядомыя аблілі фарбай помнік Леніну ў Браславе. Некалькі дзесяткаў людзей выйшлі на плошчы ў Віцебску, Мазыры, Магілёве, Оршы, Бабруйску. У Пінску пратэстоўцы нават прымусілі АМАП вызваліць затрыманых з аўтазака, а ў Рагачове на галоўным флягштоку вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Ці пратэст будзе мець працяг і чым улада адкажа на такую «няўдзячнасьць» рэгіёнаў?

Рыгор Астапеня: Я думаю, што адкажа рэпрэсіямі. Як паказала практыка, улады ўсё ж у разумныя далікатныя гульні гуляць доўга ня могуць. Асабліва з нейкімі новымі абставінамі, пэўнымі «чорнымі лебедзямі», як гэтыя пратэсты ў рэгіёнах. На карысьць рэпрэсіўнага варыянту грае той факт, што ў рэгіёнах ён найбольш дзейсны. Бо там менш салідарнасьці, праваабаронцаў, мэдыяў, дыпляматаў, магчымых незалежных ад дзяржавы працадаўцаў. То бок, шанцы запужаць людзей у рэгіёнах куды вышэйшыя, чым у Мінску. Пытаньне хутчэй у фармаце рэпрэсій і тут я думаю, што ўлады ўсё ж далей за арышты не пойдуць.

«Новую сыстэму маніторынгу могуць выкарыстаць для рэпрэсіяў»

У Беларусі створаць агульнадзяржаўную сыстэму маніторынгу грамадзкай бясьпекі – заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі 27 сакавіка. Улады жадаюць «абʼяднаць камэры назіраньня й спэцыяльныя дэтэктары па ўсёй краіне» і такім чынам «атрымаць плятформу, якая дазволіць у рэжыме рэальнага часу аналізаваць сытуацыю ў розных кутках краіны ды імгненна інфармаваць аб тым, што адбываецца». Пра што вядзецца гаворка? Ці варта беларусам баяцца «Вялікага Брата»?

Рыгор Астапеня: З той інфармацыі, якая сёньня даступная, цяжка меркаваць, як будзе працаваць гэтая сыстэма маніторынгу. Што найбольш істотна – цяжка адказаць, хто будзе ёй кіраваць. Зьяўленьне такой сыстэмы не зьяўляецца нечым абсалютна дрэнным, бо ўсё ж дазволіць раскрываць злачынствы ці іх пазьбягаць. Але праблема зноў жа палітычная – няма ніякіх сумневаў, што калі такая сыстэма паўстане, то ўлады будуць выкарыстоўваць яе для палітычных рэпрэсій. Таму баяцца «Вялікага Брата», безумоўна, трэба.

Размаўляў Аляксандар Папко.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт