Logo Polskiego Radia
Print

Польшча плянуе актыўна ўдзельнічаць у перамовах па брэксіце

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.03.2017 14:53
  • брэксіт.mp3
Бэата Шыдла й Тэрэза Мэй згодныя, што трэба мінімізаваць магчымыя адмоўныя наступствы гэтага працэсу.
PAP/EPA/ANDY RAIN

Кіраўнічкі ўрадаў Польшчы й Вялікабрытаніі ў размове па тэлефоне, якая адбылася ў сераду ўвечары, дамовіліся, што перамовы па справе брэксіту павінны праходзіць такім чынам, каб мінімізаваць магчымыя нэгатыўныя наступствы гэтага працэсу. Нагадаем, у сераду брытанская прэм'ер афіцыйна паінфармавала Брусэль аб распачацьці перамоваў па ўмовах выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу.

Прэс-сакратар польскага ўраду нагадаў, што Польшча з самага пачатку зьвяртае ўвагу на дзьве асноўныя справы. Першая тычыцца выкананьня Вялікабрытаніяй усіх абавязацельстваў перад бюджэтам Эўразьвязу. Другая – правоў грамадзянаў ЭЗ, у тым ліку палякаў, якія жывуць і працуюць у Вялікабрытаніі.

Рафал Бахэнэк (Rafał Bochenek) падкрэсьліў, што размова Тэрэзы Мэй з Бэатай Шыдла была адной зь першых гутарак, якія кіраўнічка брытанскага ўраду правяла з эўрапейскімі лідарамі пасьля афіцыйнага запуску брэксіту. Паводле яго, гэта сьведчыць пра тое, што голас Польшчы бярэцца пад увагу. Пад увагу бяруцца таксама польскія амбіцыі адыгрываць актыўную ролю ў выпрацоўцы пазыцыі ЭЗ па справе ўмоваў выхаду Вялікабрытаніі з супольнасьці. Тым ня менш, прэс-сакратар ураду падкрэсьліў, што перамовы з Вялікабрытаніяй будзе праводзіць Эўразьвяз.

Рафал Бахэнэк: Бокам, які таксама ад імя Польшчы будзе весьці перамовы па справе брэксіту, зьяўляецца Эўразьвяз. На форуме Эўразьвязу ў бліжэйшым часе будуць распрацаваныя рэкамэндацыі адносна ходу ўсяго працэсу. Мы ведаем, што неўзабаве гэткія рэкамэндацыі прадставіць старшыня Эўрапейскай рады. Напрыканцы красавіка па гэтай справе адбудзецца паседжаньне Эўрапейскай рады.

Як падкрэсьліў Рафал Бахэнэк, толькі тады 27 краінаў-сябраў Эўразьвязу выпрацуюць мадэль і прынцыпы перамоваў па будучых адносінах зь Вялікабрытаніяй. Аднак урад у Варшаве плянуе актыўна ўключыцца ў выпрацаваньне супольнай пазыцыі ЭЗ.

Рафал Бахэнэк: Мы будзем актыўна ўключацца ў выпрацаваньне гэтай пазыцыі ЭЗ, каб зьвярнуць увагу на тыя праблемы, якія для нас асабліва важныя. Гэта, між іншым, пытаньні, зьвязаныя зь бюджэтам ЭЗ і сацыяльным забесьпячэньнем палякаў і наогул эўрапейцаў, якія працуюць на брытанскіх выспах.

„Кіраўнічкі абодвух урадаў падчас тэлефоннай размовы дамовіліся аб тым, што перамоўны працэс павінен праходзіць эфэктыўна й гладка, то бок такім чынам, які дазволіць зьвесьці да мінімуму магчымыя нэгатыўныя наступствы брэксіту”, - сказаў Бахэнэк.

Рафал Бахэнэк дадаў, што Тэрэза Мэй разумее неабходнасьць выпрацаваньня правілаў, паводле якіх пасьля брэксіту грамадзяне Эўразьвазу змогуць працаваць і пражываць на выспах.

Рафал Бахэнэк: Прэм’ер Тэрэза Мэй зьвярнула ўвагу на тое, што яна памятае аб тым, што брытанцы таксама працуюць у іншых краінах ЭЗ. Таму яна прадугледжвае, што будучыя адносіны будуць абапірацца на прынцып узаемнасьці.

Прэс-сакратар польскага ўраду дадаў, што Польшча плянуе працягваць цеснае двухбаковае супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй у палітычнай, эканамічнай і ваеннай сфэрах.

Раней у сераду, таксама ў тэлефоннай размове, міністар замежных спраў Злучанага Каралеўства Барыс Джонсан паведаміў кіраўніку польскай дыпляматыі Вітальду Вашчыкоўскаму аб афіцыйным распачацьці брэксіту.

Міністар Джонсан пазнаёміў польскага калегу са зьместам ліста, які прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй накіравала старшыні Эўрапейскай рады Дональду Туску. У сувязі з прыбыцьцём брытанскіх вайскоўцаў у Польшчу міністры абмеркавалі таксама пытаньні супрацоўніцтва ў сфэры палітыкі бясьпекі.

Нагадаем, працэс выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу быў запушчаны больш за дзевяць месяцаў пасьля рэфэрэндуму па справе брэксіту, які адбыўся ў Вялікабрытаніі 23 чэрвеня 2016 году.

Большасьць выбаршчыкаў (51,89%) падтрымала выхад з Эўразьвязу. Яўка склала 72,2%.

Пасьля рэфэрэндуму, у ліпені, у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі падаў Дэвід Кэмэран. Новай кіраўнічкай ураду стала Тэрэза Мэй, якая раней выконвала функцыю міністра ўнутраных спраў Вялікабрытаніі.

Згодна Лісабонскага дагавора, Вялікабрытанія павінна выйсьці з ЭЗ не пазьней чым праз два гады пасьля распачацьця працэдуры брэксіту, то бок да 29 сакавіка 2019 году.

Брусэль запэўнівае, што ён добра падрыхтаваны да перамоваў. У бліжэйшую пятніцу адбудзецца першая сустрэча амбасадараў 27 сяброўскіх краінаў, якія абмяркуюць справы, зьвязаныя з брэксітам.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт