Logo Polskiego Radia
Print

Расейскага крэдыту хопіць, каб сплаціць запазычанасьць... Расеі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.04.2017 18:15
  • люстэрка.mp3
Хутка кожны сацыяльны пратэстовец можа стаць патэнцыйным тэрарыстам – экспэрт.
www.flickr.com/mb7art

Мінулы тыдзень у Беларусі адзначыўся афіцыйным паляпшэньнем адносінаў з Расеяй, атрыманьнем Беларусьсю новага крэдыту ў 1 млрд. даляраў, новымі мэтадамі рэпрэсій і зацікаўленасьцю меркаваньнем моладзі. Ці расейскі крэдыт азначае, што Лукашэнка і Пуцін вырашылі ўсе спрэчкі? Навошта ўлады пачынаюць прыраўноўваць пратэстоўцаў да баевікоў? Ці зноў штучна паднімуць заробкі беларусаў? На гэтыя і іншыя тэмы ў рубрыцы "Палітычнае люстэрка" размаўляюць Валеры Саўко і палітоляг Максім Руст.

Беларускі бок фактычна прайграў Расеі

11 красавіка міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў пацьвердзіў, што расейскі бок разглядае выдачу Беларусі міждзяржаўнага крэдыту да 1 млрд. даляраў. Афіцыйна дапамога павінна ісьці на падтрымку бюджэту і плацежаздольнасьці Беларусі, аднак умовы выдачы пакуль не агучаны. Ці выдача крэдыту азначае, што бакі сапраўды вырашылі ўсе пытаньні? Ці такі паварот афіцыйнага Менска – гэта канец палітыкі нармалізацыі з Захадам і вяртаньне да старой схемы падтрымкі з боку Расеі? Як Беларусь будзе пагашаць новы крэдыт? Ці сапраўды выйграў беларускі бок на перамовах на мінулым тыдні?

Максім Руст: Казаць пра тое, што паміж Беларусьсю і Расеяй вырашаны ўсе праблемныя пытаньні, вельмі рана. За больш чым год трываньня канфлікту і назапашваньня непаразуменьняў і праблемаў у розных галінах, гэта немагчыма – вырашыць усе праблемы за адну сустрэчу. Я думаю, улады хочуць стварыць ілюзію таго, што, маўляў, у нас тут людзі мітынгуюць, а глядзіце, адносіны з Расеяй наладжваюцца і дзякуючы палітычнаму досьведу прэзыдэнта ў нас ужо ёсьць вялізарны крэдыт. А на самой справе, 1 млрд. даляраў у цяперашняй эканамічнай сытуацыі гэта сума, якая не вельмі ўражвае. Тым больш мы не ведаем, на якіх умовах гэты крэдыт выдадуць. Трэба памятаць, што падчас перамоваў лідэраў Беларусі і Расеі беларускі бок дэ-факта прызнаў сваю запазычанасьць за энэрганосьбіты на больш за 700 млн. даляраў. Таму фактычна Расея выдае Беларусі крэдыт у 1 млдр., каб пагасіць запазычанасьць, якая складае амаль столькі, колькі і сам крэдыт.

Я не думаю, што вынікі гэтай сустрэчы, і сам крэдыт, гэта сыгнал канца гульні з Эўропай. Проста Лукашэнка разумее, што калі ўсе пытаньні ў краіне будуць вырашацца старымі сілавымі мэтадамі, то Захад заўсёды можа аднавіць санкцыі, і таму лепш падстрахавацца.

Беларускі бок пайшоў на саступкі, і таму больш прайграў, хоць і заяўляў, што Беларусь ад свайго становішча не адмовіцца. І ў дадзены момант застаецца пытаньне, на колькі моцна Расея будзе ціснуць на Беларусь. У тым, што ціск з яе боку ўзмоцніцца, я не сумняюся. Асабліва актуальным пытаньнем – на фоне апошніх удараў ЗША па Сірыі і расейска-амэрыканскага дыпляматычнага канфлікту – будзе разьмяшчэньне расейскай авіябазы ці ракет у Беларусі. Трэба пачакаць да 13 красавіка, калі павінна з’явіцца афіцыйная заява па ўрэгуляваньні нафтагазавай спрэчкі.

Як „дармаед” можа стаць баевіком

У Беларусі быў вынесены першы прысуд за стрым у сацыяльных сетках, а па “справе патрыётаў” распачынаецца новая крымінальная справа па арт. 287 КК – «Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». Паводле газэты «СБ», у Беларусі справа па гэтым артыкуле адбываецца ўпершыню, яе мэта – «высьвятленьне фактаў па стварэньні глыбока закансьпіраванай арганізацыі з дакладнай герархіяй, жорсткай дысцыплінай, аб’яднанай ідэалягічнай асновай, узбраеньнем» – і па ёй праходзяць 20 чалавек. Што гэта – закручваньне гаек і згортваньне лібэралізацыі ці толькі спроба яшчэ больш запалохаць грамадзян?

Максім Руст: Натуральна, гэта выглядае недарэчна – абвінавачваць людзей, якія пратэставалі з сацыяльнымі патрабаваньнямі, у тым, што яны з’яўляюцца ўдзельнікамі незаконнага ўзброенага фарміраваньня. Пры тым, што «Белы Легіён» як арганізацыя не існуе ўжо шмат гадоў. І таму я думаю, што ў дзяржаўных СМІ будзе больш матэрыялаў пра тое, што ў Беларусі дзейнічаюць такія – як ва Украіне – арганізацыі, і яны вельмі небясьпечныя і закансьпіраваныя. Улады таксама хочуць, каб тэрмін «справа патрыётаў» перастаў існаваць у масавай сьвядомасьці, і спрабуюць замяніць яго на «справу баевікоў» ці «справу ўзброенай арганізацыі».

Прысуд за стрым у сацсетках гэта перасьцярога і ясны сыгнал для незадаволеных – службы заўсёды даведаюцца, хто вы і ці ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Што тычыцца выкарыстаньня арт. 287 КК, то з аднаго боку, крымінальная справа па гэтым артыкуле з’яўляецца адным з варыянтаў, як патлумачыць разгоны і арышты міжнароднай супольнасьці: вось паглядзіце, гэта ж амаль тэрарысты, парамілітарная арганізацыя і г.д., таму тое, што мы робім, гэта ніякія не рэпрэсіі, а спробы захаваць стабільнасьць. З другога боку, гэта яшчэ адзін мэханізм запалохваньня грамадзянскай супольнасьці. Адна справа, гэта калі ты выступаеш як „нейкі апазыцыянэр”, табе пагражае адміністрацыйная справа, штраф і 15 сутак арышту, а зусім іншая, калі справа крымінальная і паводле арт. 287 табе пагражае нават да 7 гадоў. Таму галоўная мэта дадзенага працэсу – яшчэ больш запалохаць патэнцыйных пратэстоўцаў, якія могуць выйсьці на мітынгі.

Заробкі: не 500 даляраў, а 1000 рублёў

Падчас візыту ў Рэчыцу 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што заробкі ў краіне да канца года павінны падняцца да 1000 рублёў, а рост цэн трэба абмежаваць. Па выказваньні прэзыдэнта, дзяржава павінна дапамагчы грамадзянам зарабіць гэтую суму, а пасьля « усё – няхай ходзяць, крычаць і шумяць. Варушыцеся самі». Пры гэтым паводле афіцыйных дадзеных, сярэдні заробак па амаль 70% вакансій складае каля 450 рублёў. Ці ўлады сапраўды хочуць паўтарыць экспэрымэнт з 2010 года? Ці гэта яшчэ адна спроба супакоіць насельніцтва?

Максім Руст: Бачна, што кіраўніка дзяржавы вельмі хвалюе небясьпека сацыяльных пратэстаў і іх патэнцыял, які часткова паказаўся напрыканцы сакавіка, і таму ён робіць яшчэ адзін крок, каб неяк супакоіць сытуацыю. Гэта чарговая заява пра тое, што заробкі трэба падняць. І трэба заўважыць, што мантра пра «500 даляраў» ужо не дзейнічае, таму з’явілася сума 1000 рублёў, што ў пераліку столькі ж, але гучыць па-новаму. Заробкі ў 300-400 рублёў сапраўды актуальная і адэкватныя для Беларусі, таму што краіна знаходзіцца ў пастцы сярэдняга ўзросту, і ўлады гэта дасканала разумеюць. І яны таксама выдатна памятаюць, чым скончылася штучнае павышэньне заробкаў у 2010 – ростам цэн больш за 100% і дэвальвацыяй у 2011. Таму чарговая заява пра заробкі ў 1000 рублёў застанецца заявай без пакрыцьця, якая прагучала, каб супакоіць насельніцтва.

Улады хочуць вылічыць пратэстацыйны патэнцыял насельніцтва

На працягу апошняга тыдня, з 3 па 12 красавіка, Інфармацыйна-аналітычны цэнтар прэзыдэнцкай адміністрацыі праводзіў сацыялягічнае апытаньне «Моладзь Беларусі: праблемы і настроі». Прадстаўнікі арганізацыі не давалі разгорнутых камэнтараў, але пацьвердзілі, што апытаньне робіцца па замове Адміністрацыі прэзыдэнта. У анкеце вельмі шмат пытаньняў па актуальных палітычных, грамадзкіх і перадусім сацыяльных і эканамічных справах. Навошта ўладам рабіць такое апытаньне? Ці сапраўды кіроўная эліта зацікавілася меркаваньнем грамадзкасьці?

Максім Руст: Гэта таксама рэха апошніх сацыяльных пратэстаў. У гэтым апытаньні вельмі цікавыя фармулёўкі, якія ў адкрытую пытаюцца пра патэнцыял супраціву сярод насельніцтва. Ёсьць пытаньні і пра стаўленьне да курсу дзяржавы і палітычных інстытутаў, але яны другасныя. Такія апытаньні трэба праводзіць не таму, што адбыліся масавыя пратэсты, а рэгулярна, каб кіроўная эліта ведала, якія настроі дамінуюць у грамадзкасьці. Мэта іх вельмі простая і празаічная – паспрабаваць даведацца, чаго ўлады могуць чакаць ад насельніцтва (асабліва ад моладзі) у бліжэйшы час: хто будзе цярпець і сядзець дома, хто гатовы выйсьці на мітынг, а хто можа проста эміграваць. Трэбы высьветліць пратэстацыйны патэнцыял насельніцтва і яго межы, і на падставе дадзеных кантраляваць і мадыфікаваць палітычныя і эканамічныя працэсы. Але зараз позна рабіць такія апытаньні. Тым больш трэба памятаць, што калі пра твае палітычныя погляды і стаўленьне да палітыкі прэзыдэнта пытаецца дзяржструктура, то наўрад ці вынікі такога апытаньня будуць вартымі даверу.

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт