Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская эканоміка адштурхнулася ад дна?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.04.2017 18:30
  • Беларуская эканоміка адштурхнулася ад дна.mp3
Рост вытворчасьці будзе назірацца на прадпрыемствах, якія абслугоўваюць расейскі ВПК, нафтахімію й сельскую гаспадарку – эканамісты.
pixabay.com/Public Domain CC0

У Беларусі ўпершыню за апошнія два гады назіраецца эканамічны рост. Як паведаміла інфармагенцтва БелаПАН са спасылкай на Белстат, у першым квартале гэтага году валавы ўнутраны прадукт павялічыўся на 0,3% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году. Што дапамагло спыніць эканамічнае падзеньне? Ці беларуская эканоміка выходзіць з крызысу? На гэтыя пытаньні адказваюць беларускія эканамісты.

Павелічэньне валавога ўнутранага прадукту на 0,3% за першы квартал рана называць праявай эканамічнага росту. Хутчэй, адбываецца стабілізацыя – кажа выканаўчы дырэктар цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Кацярына Барнукова.

Кацярына Барнукова: Эканоміка – гэта сыстэма, якая імкнецца да раўнавагі. Раней ці пазьней рост павінен быў пачацца. Тое, што мы назіраем цяпер – гэта, хутчэй, стабілізацыя, спыненьне падзеньня. Аднак у бліжэйшай будучыні такія нізкія лічбы росту – гэта максымум, на што мы можам разьлічваць.

Ня ўсе эканамісты ўпэўненыя ў тым, што ў Беларусі сапраўды назіраецца рост ВУП. Прэтэнзіі экспэртаў выклікаюць мэтады падліку, якія выкарыстоўвае Белстат. Калі дзяржава штучна стрымлівае цэны, то дакладна палічыць вартасьць прадукцыі, вырабленай і прададзенай у краіне, немагчыма – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Леанід Злотнікаў: Стрымліваньне росту цэнаў, якое праводзіць урад у некаторых галінах эканомікі, вельмі моцна скажае паказчыкі ВУП і вытворныя ад яго. Стрымалі цэны, атрымалі страты. Гэта адаб’ецца на эканоміцы ў будучыні. А сёньня гэта выглядае як рост ВУП.

Тэмпы падзеньня беларускай эканомікі запаволіліся, дзякуючы стабілізацыі расейскага рынку – лічыць Кацярына Барнукова. Як нядаўна заявіў міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі, ва ўсходняй суседцы Беларусі павялічваецца спажываньне электраэнэргіі ды расьце таваразварот, што сьведчыць пра ажыўленьне эканомікі. Расейцы сталі купляць больш беларускіх тавараў, таму даходы беларускіх экспарцёраў вырасьлі.

Кацярына Барнукова: Аднаўленьне расейскай эканомікі пазытыўна паўплывала на беларускую прамысловасьць, якая ў асноўным экспартуе на расейскі рынак. Аднак дзеля таго, каб сьцьвярджаць нешта ўпэўнена, трэба ўбачыць падрабязныя дадзеныя, якія будуць апублікаваныя праз пару дзён.

Добрым стымулам для беларускай эканомікі стануць падпісаныя 13 красавіка пагадненьні па пастаўцы расейскага газу й нафты – мяркуе Кацярына Барнукова. Яны дададуць каля 1% да росту ВУП. Аднак гэтага недастаткова, каб павысіць сярэдні заробак да абяцаных Аляксандрам Лукашэнкам 500 даляраў.

Кацярына Барнукова: Дамовы па нафце й газе – гэта вялікі пазытыў. Калі ўсё будзе так, як нам абяцаюць, то гэта дасьць нам ня менш за 1% эканамічнага росту. Аднак адной нафты й газу для таго, каб дасягнуць заробку ў 500 даляраў, ня хопіць. Такога вялікага росту заробкаў усяго за год дабіцца немагчыма.

Зарплаты могуць падняць адміністрацыйнымі мерамі, але толькі на вельмі кароткі час – мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Леанід Злотнікаў: Чыноўнікі кінуліся званіць па прадпрыемствах, патрабаваць, складаць пляны. Але яны самі разумеюць што настолькі павысіць заробкі немагчыма. Яны могуць не выдаваць прэміяў, зэканоміць на іншых выплатах. На адзін месяц падняць заробкі да 500 даляраў можна. Але на большае няма рэсурсаў, і тое што яны выдадуць, зьесьць інфляцыя.

Леанід Злотнікаў пакуль ня бачыць падставаў для хуткага аднаўленьня беларускай эканомікі. У гаспадарцы захоўваюцца нэгатыўныя тэндэнцыі, Расьце дэфіцыт зьнешняга гандлю, а таксама дэбіторская запазычанасьць прадпрыемстваў. Беларускія фірмы прадаюць сваю прадукцыю, але іх партнэры ўсё часьцей затрымліваюць выплаты – тлумачыць эканаміст.

Агульная сытуацыя ня сьведчаць пра тое, што ў Беларусі хутка пачнецца эканамічны рост – пацьвярджае думку Леаніда Злотнікава эканаміст Міхаіл Залескі. Агучаныя Белстатам лічбы ён лічыць часовым ваганьнем, якое не пераламае нэгатыўнага трэнду.

Міхаіл Залескі: Ёсьць агульныя тэндэнцыі, якія зьвязаныя зь інвэставаньнем, занятасьцю й агульным партфэлем замоваў для прадпрыемстваў. У гэтых сфэрах мы назіраем: скарачэньне інвэстыцыяў, сьцісканьне партфэля замоваў і скарачэньне занятасьці ў асноўных галінах дзейнасьці.

Як будзе разьвівацца беларуская эканоміка, сёньня можна прагназаваць на падставе пераменаў, якія адбываюцца ў эканоміцы Расеі – падкрэсьлівае Міхаіл Залескі.

Міхаіл Залескі: У Расеі эфэктыўна разьвіваюцца сыстэмы, зьвязаныя з забесьпячэньнем вайны (яны інвэстуюць туды грошы). У іх адносна стабілізавалася сытуацыя ў сувязі з адноснай стабілізацыяй сусьветных цэнаў на энэрганосьбіты. Акрамя таго, у Расеі разьвіваецца тая частка сельскай гаспадаркі, якая грунтуецца на выкарыстаньні збожжа. Гэта птушкагадоўля, сьвінагадоўля і г.д. У гэтых накірунках будзем зьмяняцца й мы.

У лепшым выпадку, прадпрыемствам Беларусі ўдасца ўтрымаць валавы ўнутраны прадукт у тых межах, у якіх ён знаходзіцца сёньня – прадказвае Міхаіл Залескі.

Лепш будуць сябе адчуваць фабрыкі й заводы, якія абслугоўваюць расейскі вайскова-прамысловы комплекс, нафтахімію, а таксама расейскія жывёлагадоўчыя ды птушкагадоўчыя прадпрыемствы. Для істотнага росту вытворчасьці й росту даходаў насельніцтва ў Беларусі падставаў пакуль няма – заяўляюць эканамісты.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт