Logo Polskiego Radia
Print

«У нафтагазавай вайне Менск пацярпеў паразу на ўсіх франтах»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 19.04.2017 18:53
  • «У нафтагазавай вайне Менск пацярпеў паразу на ўсіх франтах».mp3
За апошнія тыдні залежнасьць Беларусі ад Расеі вырасла ў некалькі разоў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Мінулы тыдзень прынёс завяршэньне расейска-беларускай нафтагазавай вайны, якая доўжылася цэлы год. Улады вызвалілі з СІЗА лідараў «Маладога фронту» і пасадзілі за краты аднаго з лідараў беларускай бізнэс-супольнасьці, а Менск наведала чарговая дэлегацыя польскага парлямэнту. Хто выйграў у нафтагазавай спрэчцы? Ці прыйдць у Беларусь польскія інвэстары? Ці вызваленьне двух фігурантаў «справы патрыётаў» дае надзею, што вызваляць і астатніх? На гэтыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» размаўляюць Аляксандар Папко і Максім Руст.

Арышты прадпрымальнікаў – гэта чарговы нэгатыўны сыгнал для інвэстараў

13 красавіка стала вядома, што Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю арыштаваў Віталія Арбузава – дырэктара кампаніі Fenox Global Group, вытворцы запчастак, вэнчурнага інвэстара і аднаго з самых буйных прадпрымальнікаў Беларусі. Яго падазраюць у няўплаце падаткаў. Ці не супярэчыць арышт Арбузава неаднаразовым абяцаньням беларускіх уладаў разьняволіць бізнэс?

Максім Руст: Падавалася, што сэрыя арыштаў найбуйнейшых беларускіх бізнэсоўцаў ці алігархаў скончылася, аднак аказалася, што гэта ня так. Варта зазначыць, што па падазрэньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў затрымалі ня толькі Арбузава й яго супрацоўнікаў, але й намесьніка старшыні «Белкаапсаюзу». Гэта азначае, што затрыманьні бізнэсоўцаў працягваюцца. Застаецца пытаньне, ці спадар Арбузаў і арыштаваныя разам з ім сапраўды парушылі заканадаўства, ці гэта чарговая спроба дзяржавы залатаць бюджэт альбо проста падзяліць сфэры ўплываў у бізнэсе. Гэта чарговы сыгнал, які кажа, што нават цеснае супрацоўніцтва з уладамі ў Беларусі не дае гарантыі ад арышту.

Апошнія тыдні адзначыліся інтэнсыфікацыяй кантактаў і візытаў у Беларусь шматлікіх патэнцыйных інвэстараў, таму гэтыя арышты наносяць моцны ўдар па рэпутацыі краіны. Асабліва шкада, што гэта можа адбіцца на стратэгічна важнай для Беларусі галіне – сфэры новых тэхналёгіяў і інавацыяў, у якую холдынг Арбузава моцна інвэставаў. Дадзеныя арышты – яшчэ раз сьведчаць пра тое, што дэклярацыі афіцыйнага Менску наконт разьняволеньня бізнэсу не адпавядаюць сапраўдным паводзінам уладаў.

Менск-Варшава: «Толькі бізнэс, аніякай палітыкі»?

13 красавіка завяршыўся візыт польскай парлямэнцкай дэлегацыі ў Беларусь. Групу дэпутатаў Сэйму ўзначальваў дэпутат-нацыяналіст Адам Андрушкевіч. Асноўнай тэмай перамоваў было эканамічнае супрацоўніцтва. Таваразварот з Польшчай можна давесьці да 3 мільярдаў даляраў – заявіў кіраўнік працоўнай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па кантактах з парлямэнтам Польшчы дэпутат Андрэй Навумовіч. Ці прыйдзе польскі бізнэс у Беларусь? Ці Варшава закрые вочы на праблему палітвязьняў, русыфікацыю польскіх школаў і перасьледу Саюзу палякаў Беларусі?

Максім Руст: Польскі капітал і так прысутнічае на беларускім рынку шмат гадоў, але гэта не стратэгічныя па памерах інвэстцыі. Інтэнсыфікацыя эканамічных адносінаў з Польшчай будзе карысная для 2 бакоў – для Польшчы гэта магчымасьць пашырыць пляцдарм для прасоўваньня сваіх тавараў на рынкі Эўразійскага Зьвязу, а для Беларусі – магчымасьць атрымаць хоць нейкага больш-менш саліднага гаспадарчага (і па магчымасьці – палітычнага) адваката ў ЭЗ.

Мне падаецца, Варшава ня будзе абсалютна заплюшчваць вочы і маўчаць па ўзгаданых пытаньнях, таму што яна проста ня можа гэтага зрабіць. Аднак яна можа ігнараваць альбо не казаць так адкрыта, замоўчваць тэмы, якія не зьвязаныя непасрэдна зь яе палітычнай павесткай. Беларусь цікавяць велізарныя інвэстыцыі, але наўрад ці яна зможа іх хутка атрымаць з Польшчы. Тэарэтычна, таваразварот можна давесьці да 3 мільярдаў, але пытаньне, ці яго сальда будзе з плюсам для Беларусі.

Параза Менска на ўсіх кірунках

Расея будзе пастаўляць 24 мільёны тонаў нафты беларускім НПЗ, Менск выплаціць Маскве 726 мільёнаў даляраў запазычанасьці за газ, а газ у Беларусь у 2018 годзе будзе пастаўляцца па цане 129 даляраў за 1000 кубамэтраў – гэта значыць, з 15% зьніжай. 13 красавіка беларускі і расейскі ўрады падпісалі пагадненьні, якія завяршылі энэргетычны канфлікт, які цягнуўся год. Хто выйграў у нафтагазавай вайне?

Максім Руст: Можна сказаць толькі адно – прайграла Беларусь, і прайграла па ўсіх кірунках. Менск пагасіў больш за 720 мільёнаў даляраў запазычанасьці за газ – і гэтым пацьвердзіў, што ў канфлікце Масква мела рацыю. Беларусь падпісала Мытны Кодэкс – а яшчэ нядаўна А. Лукашэнка запэўніваў, што «нам ён у такім выглядзе непатрэбны». Зьніжка 13-15 % на газ – гэта таксама цяжка назваць посьпехам у беларуска-расейскіх адносінах.

Трэба памятаць, што рэальныя заробкі беларусаў падаюць другі год запар. У дадзенай эканамічнай сытуацыі беларусы не адчуюць гэтай зьніжкі на газ. Расійскія крэдыты таксама непразрыстыя і амаль заўсёды даражэйшыя за крэдыты МВФ. Гэта ўсё азначае, што залежнасьць Беларусі ад Расеі толькі павялічылася.

Але акрамя гэтых аспэктаў, мне падаецца, што галоўная параза для Беларусі – гэта тое, што амаль не засталося надзеі на сапраўдныя эканамічныя і сацыяльныя рэформы.

Геапалітыка важнейшая за палітзьняволеных

15 красавіка з СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе былі выпушчаныя двое фігурантаў «справы патрыётаў» – актывісты «Маладога фронту» Сяргей Пальчэўскі і Зьміцер Дашкевіч. Пры гэтым за кратамі застаюцца яшчэ 19 арыштаваных. Які лёс чакае іх?

Максім Руст: Я думаю, арыштаваных будуць паволі адпускаць, каб далей не псаваць іміджу. Улады разумеюць, што сапраўднай пагрозы для яе з боку цяперашніх затрыманых няма, але калі палітычныя пратэсты зноў будуць злучацца з сацыяльнымі – сілавікі будуць зноў затрымліваць ці арыштоўваць людзей. Тэстам можа быць «Чарнобыльскі шлях». Цікава, ці шэсьце ўвогуле адбудзецца й які будзе яго характар.

Менск напоўніцу выкарыстоўвае сытуацыю, калі Захаду больш важнае геапалітычнае пацяпленьне, чым некалькі палітзьняволеных. І, на жаль, такая сытуацыя можа пратрымацца яшчэ даволі доўга.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт