Logo Polskiego Radia
Print

У царкву – у акулярах віртуальнай рэальнасьці

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.04.2017 16:48
Неўзабаве біблейскія гісторыі, распаведзеныя ў акулярах віртуальнай рэальнасьці, могуць стаць нечым нармальным.
flikr.com/Giuseppe Costantino

Прадстаўнікі розных канфэсій з Эўропы прыбылі ў Варшаву, каб дыскутаваць пра выкарыстаньне сучасных тэхналёгій.

«Сёньняшняя пропаведзь будзе выглядаць інакш чым заўсёды. Замест расказваць пра Вавілонскую вежу, мы самі адправімся ў тыя часы, калі яе ўзносілі. Надзеньце акуляры, якія ляжаць перад вамі», – гэтак сьвятары пакуль што не пачынаюць пропаведзі, але неўзабаве могуць. Пра гэта паведамляе газэта Puls Biznesu.

Каля Варшавы ў мясцовасьці Фаленты праходзіць 22-я Эўрапейская хрысьціянская канфэрэнцыя па пытаньнях інтэрнэту, у якой прымаюць удзел хрысьціяне розных канфэсій з цэлай Эўропы: рыма-католікі, праваслаўныя й пратэстанты. Гэта людзі, заангажаваныя ў царкоўную дзейнасьць у інтэрнэце: вэб-майстары, інтэрнэт-пастыры, праграмісты й журналісты. «Мы вырашылі заняцца тэмай віртуальнай рэчаіснасьці, таму што для многіх вернікаў яна неўзабаве стане неад'емнай часткай жыцьця. Неўзабаве біблейскія гісторыі, распаведзеныя пры дапамозе карцінак ў акулярах віртуальнай рэальнасьці, могуць стаць нечым нармальным для гэтак званага «пакаленьня iPhon».

Рэальнай становіцца будучыня, калі з дапамогай камэры будуць паўставаць візуалізацыі, што дадуць верніку магчымасьць адчуваць сябе так, нібыта ён удзельнічае ў падзеях. Такім чынам пажылыя людзі й інваліды, якія маюць праблемы зь перамяшчэньнем, атрымаюць магчымасьць прымаць удзел у буйных рэлігійных мерапрыемствах, не выходзячы з дому. Гэтыя, а таксама іншыя тэматычна блізкія пытаньні, абмяркоўваюць на Эўрапейскай хрысьціянскай канфэрэнцыі па пытаньнях інтэрнэту.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт