Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ды Ўкраіна згадваюць апэрацыю “Вісла”

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.04.2017 23:30
  • апэрацыя-Вісла.mp3
Варшавы й Кіеў назвалі яе камуністычным злачынствам.
wikipediawikipedia

70 год таму 28 красавіка 1947 года пачалася прымусовае перасяленьне ўкраінца з паўднёва-ўсходніх раёнаў Польшчы. Апэрацыю ладзіла войска ды Міністэрства грамадзкай бясьпекі ПНР. Апэрацыя атрымала назву «Вісла». 10 год таму Польшча ды Ўкраіна назвалі яе гвалтам над правамі чалавека.

Апэрацыя «Вісла» пачалася 28 красавіка 1947-га года і працягвалася да канца ліпеня. За гэты час камуністы вывезьлі на Захад і Поўнач каля 140 тысяч украінцаў, лэмкаў, бойкаў, далінян ды мяшаных сем’яў з рэгіёнаў Бяшчады ды Бэскід нізкі.

Афіцыйна мэтай акцыі была ліквідацыя Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) пасьля забойства віцэ-міністра абароны Польшчы генэрала Караля Сьверчэўскага. Аднак камуністы выкарысталі прынцып масавай адказнасьці, у выніку галоўную ахвяру панесла цывільнае насельніцтва, якое ня мела дачыненьняў з УПА.

Пра гэта сёньня напісаў у сваім звароце ўкраінскі прэзыдэнт Пётр Парашэнка у 70 гадавіну прымусовага высяленьня ўкраінцаў. Кіраўнік Украіны назваў гэтую дату адной з найбольш трагічных падзей у гісторыі Ўкраіны. Больш падрабязна з Кіева перадае карэспандэнт Польскага радыё Павал Бушка.

Павал Бушка: Як напісаў украінскі прэзыдэнт, пасьля вайны камуністычная ўлада ў Польшчы паказала свае тыранічнае аблічча. Падчас нечалавечага перасяленьня ў рамках акцыі «Вісла» тысячы ўкраінцаў загінулі ў канцлягеры ў Явожна. Украінскі прэзыдэнт зазначыў, што цягам апошніх гадоў украінцы ды палякі выйшлі на высокі ўзровень паразуменьня ды высьвятленьня гістарычнай праўды. Абодва народы навучыліся годна ўшаноўваць памяць братазабойчых канфліктаў, сцэнары якіх навязвалі злачынныя нацысткі ды камуністычны рэжымы. Парашэнка заклікаў, каб памяць пра трагічнае мінулае ды нявінна пацярпелых умацавалі згоду паміж палякамі ды ўкраінцамі ды спрыялі міру і братэрству.

Некалькі дзён таму ўкраінскі Інстытут нацыянальнай памяці выступіў з ініцыятывай асуджэньня акцыі прымусовага перасяленьня ўкраінцаў. Дакумэнт трапіў на разгляд ва ўкраінскі парлямэнт. Кіраўнік украінскага Інстытута нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч назваў акцыю «Вісла» злачынствам.

Уладзімір Вятровіч: Гэта сапраўдны генацыд супраць украінскага народа. Я перакананы, што асуджэньне гэтага камуністычнага злачынства паспрыяе збліжэньню ўкраінцаў ды палякаў ды ўзмоцніць наша супрацоўніцтва.

Украінскі дэпутат Мыкола Княжыцкі заявіў, што Вярхоўная Рада прыме заяву, і яна ня мае антыпольскага характару.

Мыкола Княжыцкі: Мы ня лічым, што сёньняшняя польская дзяржава неяк зьвязаная з тымі падзеямі. Польскі народ таксама быў ахвярай перасьледаваньня з боку камуністычнай улады, зь якой ён змагаўся.

У Польшчы па сёньняшні дзень гісторыкі па-рознаму інтэрпрэтуюць апэрацыю «Вісла». Адны называюць яе злачынствам, іншыя кажуць, што тую апэрацыю трэба разглядаць у кантэксьце тагачасных падзей. Гаворыць прафэсар Чэслаў Партач.

Чэслаў Партач: Можна гэта было зрабіць інакш, але гэта быў 1947 год. У тагачаснай дзяржаве панавала галеча ды непарадак. Масы людзей перасоўваліся па краіне. Частка вярталася з Захаду, частка з Усходу з Сыбіру. Апроч таго новая ўлада, якую прынесла на штыках Чырвоная армія, ня мела падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва і яна часта біла ў сьляпую, па вялікіх групах людзей. Такія былі часы.

Афіцыйна ў 1990-м годзе Сэнат Польшчы асудзіў апэрацыю «Вісла». У 2007-м годзе прэзыдэнты Польшчы ды Ўкраіны – Лех Качыньскі й Віктар Юшчанка – назвалі ў сумеснай заяве апэрацыю парушэньнем базавых правоў чалавека.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт