Logo Polskiego Radia
Print

А. Дуда прапануе рэфэрэндум па пытаньні паправак у Канстытуцыю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.05.2017 12:53
Прапанова мае палітычнае значэньне, яна хутчэй за ўсё ня будзе мець уплыву на зьмест асноўнага закону.
photo: PR

Выданьне «Rzeczpospolita» піша пра новую прапанову прэзыдэнта Анджэя Дуды распачаць дэбаты над унясеньнем паправак і зьменаў у асноўны закон краіны. Прапанова стала нечаканасьцю нават для многіх палітыкаў кіруючай партыі «Права і справядлівасьць», якія даведаліся пра яе са сродкаў масавай інфармацыі.

Дуда заявіў 3 траўня, у сьвята Канстытуцыі, што польскі народ павінен падчас рэфэрэндум выразіць сваё меркаваньне на тэму зьменаў у асноўным законе. Гаворка ідзе пра палітычны лад дзяржавы, ролю прэзыдэнта, прэм’ер-міністра, Сэнату і Сэйму.

Ні сам прэзыдэнт, ні яго акружэньне пакуль што не прадставілі канкрэтных прапановаў наконт пытаньняў на ўсеагульнае галасаваньне. Заява галавы дзяржавы была поўнай нечаканасьцю для рэшты кіруючых сілаў. Можна зразумець жаданьне прэзыдэнта паказаць сябе незалежным палітыкам, але сытуацыя, калі лягер ПіС ня быў падрыхтаваны да такой важнай дыскусіі, уводзіць інфармацыйны хаос, які можа стаць пачаткам паразы ўсяго праекту, – піша камэнтатар выданьня.

Акрамя таго, для кіруючай партыі прапанова рэфэрэндуму можа быць нязручнай тэмай адразу пасьля таго, калі ПіС заявіў, што не плянуе падобнага галасаваньня па пытаньні адукацыйнай рэформы.

Іншая справа – юрыдычнае патрабаваньне, што дзеля зьмены канстытуцыі патрэбныя дзьве трэція галасоў дэпутатаў Сэйму (ніжэйшай палаты парлямэнту). На дадзены момант у ПіС няма неабходнай большасьці галасоў. Таму нават правядзеньне рэфэрэндуму нічога ня дасьць. Прапанова Анджэя Дуды мела палітычнае значэньне, але яна хутчэй за ўсё ня будзе мець уплыву на зьмест асноўнага закону.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт