Logo Polskiego Radia
Print

Менск шукае эканамічную альтэрнатыву Расеі – пакуль беспасьпяхова

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.05.2017 07:11
«У беларуска-кітайскім індустрыяльным парку толькі 8 кампаніяў-рэзыдэнтаў, прычым летась дадалася літаральна адна новая фірма».
Фота:investinbelarus.byФота:investinbelarus.byinvestinbelarus.by

Менск і Масква нядаўна заявілі пра вырашэньне нафтагазавага канфлікту, аднак вяртаньня да палымянага сяброўства, як бачна, не адбылося. Беларусь і Расея працягваюць паволі адгароджвацца адна ад адной. Менск шукае інвэстараў у Кітаі й працягвае пошукі альтэрнатывы расейскай нафце. Наколькі пасьпяховымі акажуцца такія спробы – у сёньняшнім «Палітычным люстэрку» разважаюць Аляксандар Папко і аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.

Індустрыяльны парк пакуль прыносіць страты

Аляксандар Лукашэнка марыць атрымаць ад беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» 50 мільярдаў даляраў прыбытку. Пра гэта ён паведаміў 4 траўня на прэс-канфэрэнцыі для кітайскіх журналістаў. 50 мільярдаў даляраў – гэта прыкладна столькі, колькі экспартуе Беларусь за 2 гады. Як пасьпяхова праект разьвіваецца цяпер? Якія шанцы на тое, што «Вялікі камень» пачне імкліва разьвівацца ў бліжэйшай будучыні?

Андрэй Елісееў: Індустрыяльны парк заснавалі некалькі гадоў таму, і пакуль пра посьпех казаць не выпадае. Зараз у парку толькі 8 кампаніяў-рэзыдэнтаў, прычым летась дадалася літаральна адна новая кампанія. Сёлета плянуюць давесьці лічбу да 20. Але ж праблема нават не ў лічбах кампаній, а ў іх дзейнасьці.

На бліжэйшыя гады слушнае пытаньне трэба ставіць такім чынам: калі адабʼюцца грошы, ужо ўкладзеныя ў будаўніцтва парка і выдаткі на ягонае ўтрыманьне? А 50 мільярдаў прыбытку – гэта надзвычайная фантастыка. Пакуль парк працуе ў мінус.

Іскрай для новых сацыяльных пратэстаў можа стаць што заўгодна

Увесь мінулы тыдзень не спыняліся арышты актывістаў, праваабаронцаў і апазыцыйных палітыкаў. За ўдзел у нешматлікай акцыі пратэсту 1 траўня й нават у даўно мінулых акцыях былі затрыманыя й пакараныя «суткамі» праваабаронца Павал Левінаў, грамадзкія актывісты Яўген Афнагель, Максім Вінярскі й Вольга Папкова, палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Павал Севярынец і Ўладзімер Някляеў. Чаму перасьлед не спыняецца, нават калі сацыяльныя пратэсты ўжо згасьлі? Калі грамадзкіх актывістаў перастануць арыштоўваць?

Андрэй Елісееў: Улады пераканаліся, што іх кампанія дыскрэдытацыі і рэпрэсіяў спрацавала, і пратэсты сапраўды сьціхлі. А раз так, то пасьпяховай стратэгіі, якая заключаецца ў далейшых арыштах і рэпрэсіях ключавых, актыўных у пратэстах людзей, далі зялёнае сьвятло.

Відавочна, што грамадзкіх актывістаў працягнуць арыштоўваць альбо прынамсі затрымліваць з палітычных, неабгрунтаваных з прававога гледзішча прычынаў, пакуль ня зьменіцца цяперашняя палітычная сыстэма

Разам з тым, на мой погляд, памылкова казаць пра канчатковае згасаньне пратэстаў. Ніякіх станоўчых рухаў ні ў сыстэме прыняцьця рашэньняў у краіне, ні ў эканамічным становішчы насельніцтва, не адбылося. Пакупніцкая здольнасьць беларусаў працягвае зьмяншацца, усё болей людзей трапляе за рысу беднасьці. Новы ўздым сацыяльных пратэстаў – пытаньне часу і новых трыгераў, якімі можа стаць што заўгодна

«Расея ізноў узяла лішку»

5 траўня Расея зьмяніла правілы памежнага кантролю для авіярэйсаў з Беларусі. Цяпер пасажыры, якія прыляцелі зь Менска, будуць праходзіць кантроль на агульных умовах з грамадзянамі іншых краінаў. Як бачна, Расея настойліва будуе мяжу з Беларусьсю. Ці гэты працэс «ціхага разьмежаваньня» незваротны?

Андрэй Елісееў: Расея хоча лепей кантраляваць свае межы й зачыніць усе мажлівыя лазейкі для грамадзянаў некаторых замежных краінаў, у тым ліку шляхі праз Беларусь. Добры прыклад – грамадзяне Турцыі, якія маюць візавы рэжым з Расеяй і бязьвізавы – з Беларусьсю. Да нядаўняга часу яны маглі трапляць у Расею, прыбываючы ў Беларусь і далей рухаючыся на ўсход наземным транспартам. Але ў сваім імкненьні рэфармаваць міграцыйныя правілы з Беларусьсю расейскія ўлады ўжо каторы раз бяруць лішку.

Раней так адбылося з увядзеньнем памежнай зоны з Беларусьсю. Разам зь ёй ня толькі быў уведзены масавы пашпартны кантроль беларусаў на расейскай мяжы, але й абмежваньне свабоды перамяшчэньня для беларусаў у расейскай прымежнай зоне. У кожным разе, пакуль ня бачна, што Расея адкаціць з гэтымі рашэньнямі назад.

Дывэрсіфікацыя паставак нафты – загад Лукашэнкі

Беларусь не пакідае надзеі дывэрсіфікаваць пастаўкі нафты. Пра гэта ў інтэрвію расейскаму інфармагенцтву «Прайм» заявіў дырэктар канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка. Калі знайсьці альтэрнатыву расейскай нафце не ўдалося за10 гадоў, навошта Менск працягвае спрабаваць? З якімі краінамі могуць весьціся такія перамовы?

Андрэй Елісееў: Спэцыялісты ўсьведамляюць, што забясьпечыць пастаўкі нафты на выгаднейшых умовах з любой іншай краіны ня ўдасца. Усялякая іншая нафта будзе абыходзіцца даражэй, бо расейская нафта паступае бязмытава, у асноўнымтрубаправодным транспартам. Акрамя таго, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы тэхнічна лепей дастасаваныя да перапрацоўкі расейскіх відаў нафты. Так званыя спробы дывэрсіфікацыі працягваюцца перадусім таму, што гэта загадаў Лукашэнка.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт