Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейскі суд разглядае скаргі на прымусовае разьмеркаваньне ўцекачоў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.05.2017 16:51
Вугоршчына й Славакія лічаць, што рашэньне парушае правілы Эўразьвязу.
FLICKR/CSDP EEAS/PUBLIC DOMAIN

У сераду Эўрапейскі суд распачаў разгляд скаргі Славакіі й Вугоршчыны на прымусовае разьмеркаваньне ўцекачоў. Скаргу падтрымала таксама Польшча.

Братыслава й Будапэшт абскардзілі рашэньне, прынятае ЭЗ у верасьні 2015 году. Ідзецца аб прынцыпах прыняцьця 120 тысяч імігрантаў, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Італіі і Грэцыі.

„Рашэньне было прынятае ў парушэньні заканадаўства ЭЗ, непрадумана, непракансультавана й прывяло да міграцыйнага крызысу”, - крытыкавалі ў судзе прадстаўнікі ўрадаў Славакіі і Вугоршчыны. Гэтыя краіны лічаць таксама, што ў такім важным пытаньні варта ўжываць прынцып адзінагалоснасьці. Прадстаўнік урада Славакіі адзначыў, што ня трэба было так хутка прымаць гэтае рашэньне. Прадстаўнік ураду Вугоршчыны дадаў, што рашэньне прымалася любой цаною, каб толькі паказаць, што Эўразьвяз працуе, але ў выніку атрымалася, што яно ня вельмі эфэктыўнае. Акрамя гэтага, у Будапэшце лічаць, што салідарнасьць у крызысе нельга зводзіць да колькасьці прынятых імігрантаў.

У сваю чаргу на пасяджэньні Эўрапейскага суду прадстаўнік польскага ўраду Багуслаў Майчына зьвярнуў увагу на пытаньні бясьпекі. Ён сьцьвярджаў, што рашэньне аб прымусовым разьмеркаваньні бежанцаў не забясьпечвае эфэктыўнай праверкі мігрантаў, затое парушае сувэрэнітэт краін ЭЗ.

На крытыку рашэньня аб прымусовым прыманьні імігрантаў з Сырыі ў судзе адразу адказалі прадстаўнікі Эўрапейскай Камісіі, а таксама Бэльгіі, Нямеччыны, Грэцыі, Францыі, Італіі, Люксэмбурга і Швэцыі. Падрабязнасьці падае карэспандэнтка Польскага радыё ў Люксэмбургу Бэата Пламэцка.

Бэата Пломэцка: Па іх словах, рашэньне не патрабуе адзінагалоснасьці і права ЭЗ не было парушана. Усе папракалі ўрады ў Братыславе, Будапешце і Варшаве за тое, што яны ігнаруюць прынцып салідарнасьці ў Эўрапейскім Зьвязе. Прадстаўнік Італіі адзначыў, што ўсе краіны павінны ўзяць на сябе цяжар адказнасьці ў міграцыйным крызысе. Прадстаўнік Грэцыі казаў аб самым сур'ёзным крызысе ў гісторыі. Прадстаўнік ураду Нямеччыны гаварыў, што Славакія і Вугоршчына перайначылі правілы і працэдуры ЭЗ.

Пасьля слуханьняў, яшчэ перад вакацыямі, чакаецца, што Эўрапейскі суд прадставіць сваю ацэнку, а канчатковы прысуд будзе выдадзены хутчэй за ўсё восеньню.

Польшча да гэтай пары не прыняла ні аднаго ўцекача паводле квотаў, вызначаных Эўрапейскай камісіяй. Цяперашні ўрад Польшчы не пагаджаецца выконваць абавязацельствы, прынятыя сваімі папярэднікамі - урадавай кааліцыяй «Грамадзянскай плятформы» і Польскай сялянскай партіі.

Прэс-сакратар ураду Рафал Бахэнэк (Rafał Bochenek) прыгадаў, што прэм’ер-міністар Бэата Шыдла была адной з першых, хто на форуме Эўрапейскай Рады прапанаваў вырашаць праблему міграцыі паза межамі Эўрапейскага Зьвязу, і што польскі ўрад не пагодзіцца на ніякія абавязковыя квоты ўцекачоў.

Цяперашнія кіроўныя сілы Польшчы падкрэсьліваюць, што папярэдні ўрад Эвы Копач бескрытычна і паслухмяна прымаў усе загады Эўрапейскай камісіі і хацеў безадказна ўпусьціць на тэрыторыю Польшчы небясьпечных ісламістаў.

Р.Бахэнэк: Гэта было зусім процілеглае да таго, што месяцамі і гадамі казала «Грамадзянская плятформа», падтрымліваючы палітыку Эўрапейскай камісіі, якая імкнулася кожнаму сябру ЭЗ вызначыць квоты ўцекачоў. ГП заяўляла, што прыме кожную колькасьць ісламскіх мігрантаў.

Польскае грамадзтва ў большай сваёй частцы не жадае прымаць усекачоў з Сырыі ці Афрыкі. І гэтым настроям насустрач выходзяць таксама апазыцыйныя палітыкі.

Лідар «Грамадзянскай плятформы» Гжэгаж Схэтына (Grzegorz Schetyna) кажа, што тая заява перастала быць абавязковай пасьля таго, як Эўразьвяз падпісаў пагадненьне з Турцыяй. Схэтына падкрэсьлівае, што паток нелегальнай міграцыі быў спынены, а тыя ўцекачы, якія дабраліся да Нямеччыны, Скандынаўскіх краін ці Аўстрыі, хочуць там застацца.

Г.Схэтына: Немцы і Эўразьвяз ужо ня хочуць вызначаць квот, сёньня няма праблемы ўцекачоў. Сёньня польскі ўрад мусіць падрыхтавацца вырашаць праблему, якая, магчыма, зьявіцца ў будучыні. Канфлікт адносна нелегальнай міграцыі вырашыўся з дапамогай пагадненьня ЭЗ-Турцыя. Прэзыдэнт Эрдаган і Турцыя абавязаліся ўтрымліваць вялікую частку нелегальных уцекачоў з Сырыі ў турэцкіх лягерах.

Лідар апазыцыйнай групоўкі „Сучасная” (Nowoczesna) Катажына Любнаўэр (Katarzyna Lubnauer) адзначае, што ўцекачам трэба дапамагаць там, дзе яны знаходзяцца і што Эўрапейскі Зьвяз павінен ўшчыльніць свае межы.

К.Любнаўэр: Мы заўсёды лічылі, што мы мусім выконваць абавязацельствы папярэдняга ўраду. Прагучала абавязацельства прыняць 7 тысяч уцекачоў, раней Польшча прыняла 80 тысяч чачэнскіх уцекачоў і палякі нават гэтага не заўважылі, таму я лічу, што гэтае абавязацельства нам трэба выканаць.

Пра неабходнасьць ушчыльненьня межаў Эўрапейскага Зьвязу і дапамогі бежанцам у лягерах таксама кажа Пётр Апэль з групоўкі „Кукіз'15”. Дэпутат падкрэсьлівае, што толькі такія дзеяньні ЭЗ маюць сэнс, могуць прынесьці вынікі і спыніць паток бежанцаў.

П.Апэль: Трэба ўзмацніць паўднёвую мяжу ЭЗ, а калі казаць пра Польшчу, то не прымаць, а дапамагаць на месцы, там, дзе паўстаюць праблемы. Ствараць добрыя лягеры ў Лібіі і іншых суседніх з Сырыяй краінах, каб пазьней гэтыя людзі маглі вярнуцца да свайго бясьпечнага дому.

Са сваёй прапановай наконт уцекачоў выступіў таксама лідар Польскай сялянскай партыі Ўладыслаў Касіняк-Камыш.

У.Касіняк-Камыш: Польшча магла б прымаць, напрыклад, сірот. Падчас Другой сусьветнай вайны польскіх сірот прымалі ў Індыі, і там яны знайшлі бясьпеку. Сірот прымаць, здаровых мужчын - не. Няхай яны вяртаюцца на радзіму і там змагаюцца за вызваленьне дзяржавы.

Восеньню 2015 году ўрад “Грамадзянскай плятформы” і Польскай сялянскай партыі заявіў, што Польшча можа прыняць 7,5 тысяч бежанцаў з Сырыі.

Сёньня, калі вядома, зь якімі праблемамі ў сувязі з імігрантамі сутыкаюцца Нямеччына, Францыя ды Швэцыя, польскія апазыцыйныя палітыкі намнога асьцярожней выказваюцца пра мігрантаў.

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт