Logo Polskiego Radia
Print

Кангрэс "Польшча - вялікі праект" адбываецца ў Варшаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.05.2017 12:33
  • кангрэс.mp3
Б. Шыдла: На кангрэсе нараджаюцца цікавыя ідэі, а потым палітыкі гэтыя прапановы ажыцьцяўляюць.
На здымку: Б. Шыдла і П. ГліньскіНа здымку: Б. Шыдла і П. ГліньскіPAP/Bartłomiej Zborowski

«Польшча – вялікі праект» – так называецца чатырохдзённы кангрэс, які адбываецца ў Варшаве. Сёлета мерапрыемства атрымала ляйтматыў «Свабода – польскі праект для Эўропы». Кангрэс праходзіць ужо сёмы раз і, як звычайна, удзельнічаюць у ім палітыкі, інтэлектуалы і актывісты арганізацый трэцяга сэктару.

«Гэта інтэлектуальная прыемнасьць» – такім чынам акрэсьліла ўдзел у кангрэсе прэм’ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла. Яна падзякавала арганізатарам сустрэчы і падкрэсьліла, што шматлікія ідэі ды ініцыятывы, што паявіліся падчас ранейшых кангрэсаў, сталі падставай многіх праектаў, якія цяпер рэалізуе польскі ўрад.

Б. Шыдла: Ёсьць вялікі праект. Польшча – вялікі праект. Гэта кангрэс, на якім нараджаецца шмат цікавых ідэй, а потым мы, палітыкі, павінны гэтыя ідэі ажыцьцяўляць, уводзіць у сілу. Польшча – сапраўды вялікі праект, гэта наша сумесная справа, мы ўсе за яе адказваем. Я вельмі хачу вам падзякаваць за тое, што вы стварылі Польшчу – вялікі праект.

Кіраўнічка Рады міністраў заклікала ўдзельнікаў кангрэсу працаваць над новымі ідэямі ды прапановамі.

У сваю чаргу міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі разважаў падчас свайго выступленьня аб праблемах польскай дэмакратыі і слабасьці грамадзянскай супольнасьці. На ягоную думку, моцная грамадзянская супольнасьць неабходная дзеля разьвіцьця дэмакратычнай дзяржавы. Па словах міністра, у Польшчы ўдалося збудаваць дэмакратычны лад, але актыўнасьць грамадзянскай супольнасьці выглядае даволі слаба на фоне іншых краін Эўропы.

П. Гліньскі: Сытуацыю грамадзянскай супольнасьці ў польскай дзяржаве можна апісаць наступным чынам: гэта слабая грамадзкасьць на фоне іншых эўрапейскіх краін. Слабая галоўным чынам на ўзроўні фармальных пытаньняў. Як паказчык узроўню арганізаванасьці, так і паказчык маштабу грамадзкага капіталу ў Польшчы вельмі нізкі на фоне Эўропы.

Падчас кангрэсу прадстаўнікі самых розных галін грамадзкага жыцьця, эканомікі ды і прафэсій маюць магчымасьць удзельнічаць у дыскусіях. Яны прадстаўляюць розныя ідэі і погляды, але ўсе клапоцяцца пра адно: пра сваю Айчыну – Польшчу. На гэта зьвярнуў увагу ў сваім выступе старшыня вышэйшай палаты парлямэнту (Сэнату) Станіслаў Карчэўскі. Ён згадаў таксама пра ідэю, што прагучала падчас кангрэсу, якую варта далей вывучаць і пастарацца яе ажыцьцявіць.

С. Карчэўскі: Ёсьць прапанова, якая здаецца мне выключна істотнай і важнай. Гаворка ідзе пра некаторыя палёгкі для людзей, якія хацелі б вярнуцца назад у Польшчу з эміграцыі. Тут прагучалі прапановы, якія ніякім чынам не абцяжарылі б дзяржаўнага бюджэту краіны, а спрыялі б вяртаньню палякаў.

Сёньня ўдзельнікі кангрэсу абмяркоўваюць эканамічныя пытаньні. Гэта, між іншым, праблематыка эканамічнай свабоды і глябальнай эканомікі, якая выкарыстоўвае розныя базы дадзеных. Удзельнікаў цікавіць таксама праблематыка прадухіленьня ўцечкі капіталу, пазьбяганьня выплаты падаткаў ці будаўніцтва польскага капіталу. Сярод выступоўцаў – віцэ-прэм’ер, міністар разьвіцьця і фінансаў Матэвуш Маравецкі, які ажыцьцяўляе шырокамаштабны плян мадэрнізацыі польскай эканомікі. Ён адзначыў, што ўсё больш сродкаў з падаткаў паступае ў дзяржаўны бюджэт і прывёў прыклады злачынных махінацый махляроў, якія ўдалося выявіць кантралёрам.

М. Маравецкі: Дзякуючы выкарыстаньню сыстэмы кантролю і адпаведных кампутарных праграм нам удалося распрацаваць злачынныя групоўкі, якія на працягу трох гадоў займаліся фінансавымі махлярствамі. Гэта быў фікцыйны экспарт гарбаты. Нядаўна быў таксама затрыманы вялікі груз у варшаўскім аэрапорце Акэнце. У дакумэнтацыі, якая суправаджала груз, ішла гаворка пра прыправы. А на самой справе ў бляшанках не было прыпраў, а знаходзіўся тытунь да кальяну.

Падчас панэльных дыскусій кангрэсу адбываюцца дэбаты пра сыстэму вышэйшай адукацыі, глябальную эканоміку, будучыню Эўрапейскага Зьвязу, закранаецца таксама іншая тэматыка. У ходзе мерапрыемства будзе ўручаны мэдаль «Адвага і верагоднасьць» ды ўзнагарода імя прэзыдэнта Леха Качыньскага. Патранаж над мерапрыемстваў узяў на сябе прэзыдэнт дзяржавы Анджэй Дуда. Кангрэс «Польшча – вялікі праект» закончыцца ў нядзелю, 21 траўня.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт