Logo Polskiego Radia
Print

Нарастае напружанасьць у асяродзьдзі польскіх судзьдзяў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.05.2017 11:57
Многія юрысты незадаволеныя рэформай судовай сыстэмы, якую праводзіць Міністэрства юстыцыі.
www.pixabay.com

«Dziennik Gazeta Prawna» піша пра нарастаньне канфлікту паміж юрыстамі й кіруючымі сіламі ў Польшчы. У суботу адбыўся Кангрэс польскіх праўнікаў, на якім бакі спрабавалі знайсьці агульную мову, але гэта не ўдалося. Атмасфэру папсаваў ужо на пачатку ліст прэзыдэнта, у якім галава дзяржавы нагадаў судзьдзям, што яны не павінны ацэньваць дзейнасьць іншых органаў улады. У сваю чаргу яшчэ большае незадавальненьне праўнікаў выклікаў выступ намесьніка міністра юстыцыі Марціна Вархала (Marcin Warchoł), які нагадаў, што камуністычныя суды прыгаварылі да сьмерці звыш трох тысяч польскіх патрыётаў, і што пра гэтую старонку гісторыі судзьдзі стараюцца не ўспамінаць. Большасьць прысутных выйшла тады з залі паседжаньня.

Прымірэнчым не было таксама выступленьне першага судзьдзі Вышэйшага суду праф. Малгажаты Герсдорф (Małgorzata Gersdorf), якая казала пра ганарыстасьць уладаў. І раіла ім перастаць зьнішчаць незалежнасьць судоў. У іншым выпадку за гэтую пыхлівасьць ім самім прыйдзецца адказваць перад судом.

Асяродзьдзе юрыстаў вельмі незадаволенае рэформай судовай сыстэмы, якую праводзіць Міністэрства юстыцыі. Гаворка ідзе, між іншым, пра зьмены ў Польскай радзе судоў, згодна якім судзьдзяў у раду будуць выбіраць палітыкі. Пасьля ўвядзеньня паправак у законы, міністар юстыцыі зможа адклікаць старшынь усіх судоў і прызначыць новых. На думку многіх прадстаўнікоў судовай сыстэмы, гэтыя зьмены азначаюць канец існаваньня незалежных судоў у Польшчы. Праўнікі адкрыта пачынаюць казаць пра вострыя формы пратэсту.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт