Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве паказалі электрамабілі на любы густ (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.06.2017 18:01
  • У Варшаве паказалі электрамабілі на любы густ (ФОТА).mp3
Цэны электракараў набліжаюцца да цэнаў звычайных машын, хутка на дарогах іх будуць тысячы – кажуць экспэрты.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Колькасьць электрамабіляў у Цэнтральнай і Усходняй Эўропе імкліва расьце. Тры гады таму ў Польшчы і ва Ўкраіне іх было ўсяго некалькі дзесяткаў. Цяпер лік электракараў ідзе на тысячы. Электрычныя аўтамабілі перасталі быць дарагімі цацкамі для людзей, апантаных экалёгіяй. Цяпер гэта эканамічна апраўданая альтэрнатыва звычайнаму транспарту – пераконваюць удзельнікі Першага зьлёту электрычных і гібрыдных аўтамабіляў, які нядаўна прайшоў пад Варшавай. Чаму варта перасесьці на электрычны аўтамабіль? – пытаўся ва ўдзельнікаў зьлёту Аляксандар Папко.

За электрычнымі аўтамабілямі будучыня, і гэтая будучыня бліжэй, чым нам падаецца. Перасесьці на электракар варта ня толькі з экалягічных меркаваньняў ці з-за камфорту абслугоўваньня. Гэта эканамічна выгадна – пераконвалі ўдзельнікі Першага зьлёту электрычных аўтамабіляў, які прайшоў у гарадку Зомбкі пад Варшавай. У зьлёце ўдзельнічала больш за два дзесяткі фірмаў з Польшчы, заходняй Эўропы, ЗША і Ўкраіны.

Чым электракар адрозьніваецца ад клясычнага аўтамабіля? Зьнешне – нічым, толькі замест крышкі бэнзабаку ў электрамабілі вы знойдзеце люк элетраразеткі. А пад капотам вы ня ўбачыце пакрытага алеем, сажай і пылам рухавіка ўнутранага згараньня. Замест яго знойдзеце чысьценькі электраматор.

Больш дэтальна пра ўстройства электрамабіля расказвае Барталамей Антчак з сэрвіснай фірмы EV Auto.

Барталамей
Барталамей Антчак

Барталамей Антчак: У электракары няма ўсіх сыстэмаў, зьвязаных з рухавіком унутранага згараньня – напрыклад, выхлапной трубы, счапленьня альбо каробкі перадач. Абслугоўваньне аўтамабіля абмяжоўваецца падзарадкай акумулятара й заліўкай вадкасьці для мыцьця шыбаў. Канструкцыйна электракар нашмат прасьцейшы за клясычную аўтамашыну. У электрарухавіку толькі адзін рухомы элемэнт, а не дзесяткі, як у рухавіку ўнутранага згараньня. Таму ён больш надзейны, а эксплюатацыя электрамабіля вельмі простая.

Езьдзіць за рулём электракара значна больш прыемна і камфортна – кажа дырэктар украінскай аддзелу міжнароднай сеткі электразаправак Go To-U Назар Шымонэ-Давыда.

Алена
Алена Арцёменка і Назар Шымонэ-Давыда, кіраўнікі ўкраінскага аадзелу міжнарожнай сеткі электразаправак Go To-U

Назар Шымонэ-Давыда: Электрычны аўтамабіль – гэта проста лепшы аўтамабіль. Ён хутчэй разганяецца, едзе цішэй і мякчэй. Цяпер электрамабіль можна купіць за грошы, толькі крыху большыя за машыну адпаведнага клясу з рухавіком унутранага згараньня. Затое вы ня будзеце траціць грошай на бэнзін. За два гады я не заплаціў ані капейкі за сэрвіс. Калі казаць пра батарэі, то цяпер стандартам становяцца акумулятары, на якіх можна праехаць каля 200 кілямэтраў.

Каму падыдзе электрамабіль? Людзям, якія штодзённа езьдзяць з прыгарадаў у цэнтар гораду на працу – лічыць Барталамей Антчак.

Барталамей Антчак: Напрыклад, я кожны дзень, едучы на працу й вяртаючыся, праяжджаю амаль сто кілямэтраў. Дзякуючы толькі таму, што я не плачу за бэнзін, кошты набыцьця электрамабіля я кампэнсаваў за тры гады. 100-кілямэтровая паездка на Fiat 500 альбо Nissan Leaf каштуюць паўтара-два даляры. Падобны аўтамабіль з рухавіком унутранага згараньня (я кажу пра машыну з двухлітровым рухавіком і аўтаматычнай каробкай перадач) спаліць каля 10 літраў бэнзіну – а значыць каля 12 эўра. Гэта ў дзесяць разоў больш. Тым, хто езьдзіць 100-120 кілямэтраў у дзень, эканамічна выгадна купіць электрычны аўтамабіль.

/


Новы электрамабіль у Польшчы будзе каштаваць каля 25-30 тысячаў эўра. Электрамабіль – гэта неабавязкова раскручаная й дарагая Tesla. Цяпер у Эўропе зьявілася шмат эканамічных электракараў, такіх як Renault Zoe альбо Nissan Leaf. Электрамабілі выпускае ўжо практычна кожны вытворца легкавых машынаў – ад Volkswagen па Nissan.

У Польшчы ўжо зьявіліся фірмы, якія гандлююць патрыманымі электракарамі. Купіць 2-гадовы Fiat абыдзецца ў 16 тысячаў эўра.

Пераробленая
Пераробленая ў электрамабіль рарытэтная Syrena 105

У электракар можна перарабіць і традыцыйны аўтамабіль, што дапаможа значна зьнізіць кошты эксплюатацыі – кажа дырэктар фірмы PEVT Павал Адамскі. Акурат такой канвэрсіяй і займаецца яго кампанія. У якасьці прыкладу Павал дэманструе свой шэдэўр – пераробленае ў электрамабіль польскае аўто Syrena 105, выпушчанае ў 1979 годзе.

Павал
Павал Адамскі

Павал Адамскі: Кожны аўтамабіль можна перарабіць. Цана можа моцна адрозьнівацца ў залежнасьці ад таго, які акумулятар мы паставім на машыну. Канвэрсія каштуе прыкладна столькі ж, колькі набыцьцё новага аўтамабіля з рухавіком унутранага згараньня, але кошты эксплюатацыі электракара прыкладна ў 10 разоў меншыя.

Калі электрамабіль зьяўляецца такой добрай альтэрнатывай, то чаму выкарыстаньне яго ўсё яшчэ экзотыка? Таму, што бракуе зарадных станцыяў. Падзараджаць машыну можна й дома, але гэта зойме суткі. На спэцыяльнай станцыі зарадка доўжыцца да гадзіны.

Нарвэскія навукоўцы палічылі, што адна зарадная станцыя ў раёне матывуе да 20 асобаў набыць электракар – кажа пкіраўнік польскага аадзелу сеткі электразаправак Go To-U Любоў Арцёменка. Ужо сёньня зарадка каштуе сымбалічныя грошы. А ў будучым усе паслугі зарадных станцыяў стануць бясплатнымі, як Wi-Fi – перакананая экспэртка.

Любоў
Любоў Арцёменка

Любоў Арцёменка: Нашая сетка супрацоўнічае з сацыяльна адказным, экалягічна арыентаваным бізнэсам, як купляе станцыі зарадкі электрамабіляў. У далейшым гэтыя фірмы не прадаюць электраэнэргію, а даюць яе ў вольнае карыстаньне кліентам. Дапусьцім, вы ўладальнік электрамабіля й вы хочаце яго зарадзіць, а таксама атрымаць іншыя паслугі. Вы выбіраеце месца, напрыклад, кінатэатар ці рэстаран, ці краму, дзе вам прыгатуюць смачны абед альбо пакажуць кіно, а пакуль вы там знаходзіцеся, ваш аўтамабіль будзе зараджацца.

Рынак электракараў ва Ўсходняй Эўропе імкліва расьце, і магчыма, нават хутчэйшымі тэмпамі, чым у Польшчы. Ва Ўкраіне аўтамабіляў адной маркі Tesla прадаецца больш, чым у Польшчы ўсіх электракараў разам узятых – кажа прадстаўніца сеткі Go To-U Алена Арцёменка.

Алена Арцёменка: Тры гады таму, калі мы прывезьлі першыя машыны Tesla ва Ўкраіну, электрамабіляў ва ўсёй краіне было каля 50. А цяпер мы ўваходзім у пяцёрку дзяржаваў, дзе рынак электракараў расце найхутчэй на сьвеце. Сёньня ва Ўкраіне налічваецца каля 4000 электрамабіляў. У Польшчы іх значна менш. Магчыма, польскія аўтааматары маюць больш магчымасьцяў купіць танныя машыны, альбо яны менш любяць інавацыі, але колькасьць электракараў у Польшчы – каля тысячы.

/


Неўзабаве электракары стануць масавай зьявай – пераконвае дырэктар фірмы PEVT Павал Адамскі. Цэны пойдуць уніз, а частая падзарадка ўжо ня будзе ўспрымацца як праблема. «Хацеў бы прыгадаць, што 10 гадоў таму мы выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны, якія можна было падзараджаць раз на тыдзень. А цяпер мы карыстаемся смартфонамі, чые пазытыўныя бакі настолькі пераўзыходзяць патрэбу ў частай падзарадцы, што ўсе, не вагаючыся, імі карыстаюцца. Думаю, што неўзабаве так будзе й з электрамабілямі», – кажа экспэрт.

/

/

Зарадная
Зарадная станцыя для электрамабіляў

Пакуль
Пакуль дарослыя разглядалі вялікія электрамабілі, дзеці маглі пагуляцца з малымі.

Будучыня
Будучыня вельмі блізка: электрамабілі ўжо выпускаюць практычна ўсе вытворцы легкавых машынаў.

Знакамітыя
Знакамітыя электрамабілі Tesla

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт