Logo Polskiego Radia
Print

„Ісламская дзяржава” рыхтуе тэракт у Польшчы?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.06.2017 16:27
  • Ісламская дзяржава рыхтуе тэракт у Польшчы.mp3
Экспэрт: Ці Польшча можа знаходзіцца ў полі зроку тэрарыстычных арганізацый? Зразумела, што так.
Кшыштаф ЛідэльКшыштаф Лідэльpolskieradio.pl

У сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя, што ў тэрарыстычнай арганізацыі „Ісламская дзяржава” створаная атрад эўрапейцаў, якіх рыхтуюць да тэракту ў Ізраілі. Аднак нельга выключыць, што, магчыма, рыхтуюцца таксама тэракты ў Польшчы. Сьведчаньнем могуць быць мапы Кракава, Варшавы й Чэнстаховы, апублікаваныя на профілі “Ісламскай дзяржавы” у сацсетках.

Гэта ўдалося адкрыць польскаму журналісту, які займаецца расьсьледаваньнямі, Вітальду Гадоўскаму (Witold Gadowski). Ён таксама адзначае, што “наступца сырыйскага тэрарыста Аль-Аднані, які лічыцца ініцыятарам шэрагу тэрактаў у Францыі й Бэльгіі, называе Польшчу „краінай ідалапаклоньнікаў, жаўнеры якой ваююць супраць ваяроў прарока”.

Ці гэтая інфармацыя ў сацсетках павінна ўстрывожыць палякаў? Дасьледчык зьявы тэрарызму, выкладчык прыватнага варшаўскага ВНУ Collegium Civitas Кшыштаф Лідэль (Krzysztof Liedel) адзначае, што гэтая інфармацыя не зьяўляецца новай і што яна не павінна выклікаць панікі.

К.Лідэль: Аб тым, што Польшча час ад часу называецца ў закліках, фатвах такіх арганізацый як “Ісламская дзяржава” ці Аль-Каіда, мы ведаем больш чым 10 гадоў. Калі заангажаванасьць нашай дзяржавы ў Афганістане была большая чым цяпер, то такія заклікі зьяўляліся ў інтэрнэце вельмі часта. А ці Польшча можа знаходзіцца ў полі зроку тэрарыстычных арганізацый? Зразумела, што так. Гэта зьвязана з нашым удзелам у міжнароднай палітыцы.

Тым ня менш Кшыштаф Лідэль лічыць, што для «Ісламскай дзяржавы» ці Аль-Каіды больш „аплачваецца” атакаваць у такіх краінах як Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччына, Італія й Гішпанія.

К.Лідэль: Гэта абгрунтавана тым, што там даволі далёка прасунуты працэс радыкалізацыі. Бальшыня тых, хто зараз зьдзяйсьняе там тэракты, гэта людзі, якія рыхтаваліся да адʼезду й барацьбы ў Сырыі ды Іраку. Аднак "Ісламская дзяржава" там цяпер у адступленьні й гэтыя людзі расчараваныя тым, што ня могуць рэалізаваць сваіх ідэалягічных мэт. І таму яны вырашаюцца на адчайныя, прымітыўныя, простыя ўчынкі ды зьдзяйсьняюць тэракты. У Польшчы няма зьявы радыкалізацыі. Таму калі нешта здарыцца, то хутчэй за ўсё да нас прыедзе хтосьці з-за мяжы і зьдзейсьніць тэракт. Але нельга выключыць, што гэта можа быць таксама нейкая асоба з псыхічным разладам.

Напэўна тое, што ў Польшчы няма тэрактаў, не павінна разьнявольваць адпаведных службаў і насельніцтва. Як звычайны грамадзянін павінен клапаціцца пра бясьпеку?

К.Лідэль: Нам трэба ажыцьцявіць асноўную рэч з пункту гледжаньня бясьпекі, пра што ў нас ідзе гаворка здаўна – гэта антытэрарыстычная адукацыя. Цяпер гэта пераважна грамадзкія ініцыятывы групы людзей, якія жадаюць падрыхтавацца на выпадак такой пагрозы. У многіх дзяржавах, дзе тэрарыстычная пагроза на многа большая, напрыклад, ЗША, Ізраіль, Вялікабрытанія, выпрацоўваюцца сыстэмныя вырашэньні. Дзяржава накладае на розныя ўстановы абавязак падрыхтаваць дзяцей і дарослых такім чынам, каб яны сталі часткай сыстэмы абароны. Гаворка ідзе пра вывучэньне асноўных прынцыпаў паводзін, каб не перашкаджаць тым, хто дбае пра бясьпеку й дапамагаць ім.

"Усе адмоўныя зьявы ў сьвеце, так як і станоўчыя, рана ці позна дойдуць да Польшчы. Гэта адносіцца й да тэрарызму. Польшча знаходзіцца ў камфортнай сытуацыі, бо мае магчымасьць падрыхтавацца й процідзейнічаць", – падкрэсьлівае Кшыштаф Лідэль і падказвае, што павінна выклікаць пільнасьць у грамадзян.

К.Лідэль: У прыватнасьці, гэта тры выпадкі: нетыпова прыпаркаваны аўтамабіль, напрыклад, фургон зь цёмнымі шыбамі – гэта можа сьведчыць пра спробу тэракту. Іншае: зьвяртаць увагу на пакінуты багаж, пакункі. Я думаю, што ў нас ужо грамадзтва вывучыла гэтае правіла й рэагуе адэкватна, што відаць у аэрапортах і на вакзалах. Раней пакінуты багаж ляжаў гадзінамі, цяпер статыстычна празь некалькі хвілін хтосьці паведамляе паліцыі або іншым службам. І трэцяя справа – гэта ўсе нестандартныя паводзіны людзей, напрыклад, неадэкватная для пары году вопратка, бо ж тэрарыст мусіць схаваць зброю. Яшчэ раз паўтару – пакінуты пакунак, аўтамабіль, вопратка.

“Мапы Кракава, Варшавы, Чанстаховы, адкрытыя ў сеціве на профілях ісламістаў, хутчэй за ўсё ня трэба лічыць падрыхтоўкай ісламістаў да атакі на Польшчу”, – лічыць Кшыштаф Лідэль. Спэцыяліст бачыць пагрозу ў іншым.

К.Лідэль: Тэрарысты пашыраюць радыкальныя погляды й шукаюць саратнікаў у двух групах – гэта псыхічна нестабільныя людзі (ня хворыя псыхічна!) – з дэпрэсіяй, з трывогай, якія ў стане плянаваць і весьці падрыхтоўку. І другая група – гэта крымінальныя колы. Нельга выключыць, што псыхічна нестабільная асоба на тэрыторыі нашай дзяржавы, імітуючы дзеяньні тэрарыстаў, зьдзейсьніць напад, нібыта ў абарону нейкіх ідэй. Гэта ў Польшчы больш верагодна, чым нейкія людзі, якія, седзячы над мапамі, рыхтуюць тэракт.

Такім чынам спэцыяліст па пытаньнях барацьбы з тэрарызмам Кшыштаф Лідэль пракамэнтаваў інфармацыю зь сеціва, што нібыта „Ісламская дзяржава” вывучае мапы польскіх буйных гарадоў і рыхтуе тэракты.

PR24/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт