Logo Polskiego Radia
Print

Выбары ў Вялікабрытаніі: катастрофа Тэрэзы Мэй

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.06.2017 14:51
Самы верагодны сцэнар у такім выпадку – стварэньне ўраду меншасьці Кансэрватыўнай партыі.
Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза МэйПрэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза МэйPAP/EPA/ANDY RAIN

Выбары ў Вялікабрытаніі: катастрофа Тэрэзы Мэй. Так некаторыя выданьні камэнтуюць першыя, неафіцыйныя яшчэ вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія паявіліся ў пятніцу зранку.

Паводле прагназаваньня ВВС з 5.30 мясцовага часу, кіруючая дагэтуль Кансэрватыўная партыя атрымала 318 мандатаў – на 13 менш, чым мела два гады таму, калі паявілася інфармацыя пра датэрміновыя выбары. Калі гэтыя лічбы пацьвердзяцца, то кіруючым сілам будзе не хапаць 8 мандатаў, каб сфармаваць урад і самастойна кіраваць краінаю – піша «Rzeczpospolita» на сваім сайце.

Самы верагодны сцэнар у такім выпадку – стварэньне ўраду меншасьці Кансэрватыўнай партыі пры падтрымцы паўночнаірляндзкіх палітыкаў з Дэмакратычнай партыі юніаністаў.

Невядома, як пасьля выбараў складзецца лёс прэм’ер-міністра краіны Тэрэзы Мэй. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што старшыня кабінэту міністраў павінна падаць у адстаўку. Менавіта яна прыняла рашэньне аб датэрміновых выбарах, каб атрымаць больш моцную пазыцыю на перамовах аб выхадзе Вялікабрытаніі з Эўрапейскага Зьвязу. Але аказалася, што выбары, насуперак яе плянам, значна панізілі палітычную стабільнасьць дзяржавы. Такім чынам Тэрэза Мэй страціла свой аўтарытэт, а перамовы па Брэксіце могуць пачацца з яшчэ большым спазьненьнем.

«Выбарчая катастрофа Тэрэзы Мэй. Так заканчваецца цынічны папулізм», – камэнтуе выбары былы міністар фінансаў Польшчы Ян Вінцэнт Растоўскі.

У сваю чаргу з пункту гледжаньня палякаў, якія пражываюць у Вялікабрытаніі, вынік выбараў можа быць станоўчы, – ацэньвае віцэ-міністар культуры Польшчы Яраслаў Сэлін. Але для Эўропы гэта дрэнна, паколькі адна з важнейшых дзяржаў кантынэнту трапіла ў палітычны тупік.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт