Logo Polskiego Radia
Print

Амэрыканская газавая рэвалюцыя ў Эўропе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.06.2017 15:30
  • газавая рэвалюцыя.mp3
У Польшчу прыплыў першы танкер з амэрыканскім газам.
Foto: PAP/Jerzy Muszyński

Афіцыйная Варшава падпісвае дамову з Даніяй на будаўніцтва газаправоду з Нарвэгіі. Ці гэта шанец аслабіць расейскі энэргадыктат для рэгіёна?

На гэтым тыдні энэргетычны рынак у рэгіёне спазнаў сапраўднае «цунамі». У Польшчу прыбыў першы танкер са звадкаваным газам. Гэта ўжо другі кантракт на пастаўкі блакітнага паліва ў абыход Расеі. Першым была дамова з Катарам, якую цяпер Польшча зьбіраецца пашыраць. Апроч таго, польскі ўрад падпісвае мэмарандум з Даніяй пра будаўніцтва газаправоду Baltic Pipe, які дасьць Варшаве доступ да нарвэскіх радовішчаў газу. Міністар энэргетыкі Польшчы Пётр Наімскі заявіў перад вылетам у Данію, што настаў час практычнай рэалізацыі стратэгіі дывэрсыфікацыі крыніц паставак газу ў Польшчу.

Пётр Наімскі: На практыцы, а не на словах дадзены мэмарандум зьяўляецца вельмі важным крокам на шляху да рэалізацыі праекту, які мае ключавое значэньне. Гэта спалучэньне крыніц газу на нарвэскім шэльфе праз Данію па дне Балтыйскага мора да Польшчы.

Польскі СМІ адразу адрэагавалі на дадзеныя ініцыятывы. Амэрыканскі танкер Clean Ocean, які прывёз першую партыю газу ў Польшчу, пачалі сымбалічна называць голубам свабоды. Гучаць меркаваньні, што амэрыканскія цэны канкурэнцыйныя, і гэтыя пастаўкі могуць прывесьці да зьмен на паліўным рынку Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтыя зьмены польскага экспэрта па пытаньнях энэргетыкі Анджэя Шчэсьняка.

Анджэй Шчэсьняк: Цяперашняя палітыка ўраду сапраўдны зьяўляецца дывэрсыфікацыяй. Урад хоча замяніць расейскі газ з іншых крыніц: Нарвэгіі, Катару ды ЗША. Да гэтага падыходзіць вельмі радыкальна. Аднак нявырашаная праблема тут – эканоміка. Усе іншыя крыніцы нашмат даражэйшыя за расейскую. Пра гэта мы пераканаліся пры рэалізацыі даставак катарскага газу. Ягоная цана вельмі высокая. Амэрыканскі газ таксама даражэйшы, бо трэба далучыць кошты транспарту, звадкаваньня ды распаўсюду. Нарвэскі газ увогуле праблемны, бо пабудова газаправоду балтыйскай ніткі – малаверагодная. Найбольш пэрспэктыўны праект – амэрыканскі. Аднак ён мае палітычны падтэкст: купляем газ у нашага саюзьніка, а ў непрыяцеля – не. Таму не ўсім сёньняшнім праектам наканаваны посьпех.

Польскі ўрад крыху спазьніўся з праектамі дывэрсыфікацыі, не бярэ пад увагу зьмены, якія адбываюцца на эўрапейскім газавым рынку, дадае экспэрт.

Анджэй Шчэсьняк: Сёньня моцна зьмяняецца эўрапейскі рынак. Там ідуць магутныя працэсы інтэграцыі, зьнікаюць межы. Любы газ, які трапляе на рынак ЭЗ, адразу становіцца эўрапейскім. У яго зусім іншыя цэны. Таму асноўнай праблемай нашых дывэрсыфікацыйных праектаў зьяўляецца тое, што мы моцна аслабім пазыцыю нашага газавага манапаліста PGNiG на рынку газу. Ён будзе плаціць вялізарныя кошты звадкаванага газу, а ягоныя канкурэнты будуць купляць вялізарныя колькасьці газу праз існуючыя газаправоды нашмат таней. Вось галоўны выклік цяперашняга дня.

У сваю чаргу беларускія экспэрты перакананыя, што гэта пачатак рэвалюцыі на газавым рынку Усходняй Эўропы, але яшчэ далёка да таго, каб краіны рэгіёну маглі гэтым карыстацца. Выдатна тут ілюструе сытуацыю прыклад Летувы, кажа менскі палітоляг Юры Шаўцоў.

Юры Шаўцоў: Прыход танкера – гэта ластаўка, якая можа сьведчыць пра глыбокую трансфармацыю газавага сэктара нашага рэгіёна. Але яна адбудзецца не сёньня. Тут ёсьць прэцэдэнт – Летува. Краіна пабудавала інфраструктуру для атрыманьня газу праз марскі тэрмінал. Зрабілі ўсё як трэба, але выйшла вельмі дорага. Крыху гэта палепшыла іх перамоўную пазыцыю з Газпромам, але непрынцыпова. Звадкаваны газ – гэта цікава, але ня хутка стане істотным чыньнікам на газавым рынку Ўсходняй Эўропы, асабліва для такіх кантынэнтальных краіна як Беларусь.

Больш радыкальна на прыбыцьцё танкеру з амэрыканскім газам у Польшчу глядзяць беларускія інтэрнаўты. У Сеціве поўна камэнтараў, што настаў час сапраўднай дывэрсыфікацыі, якая выб’е з рук Крамля газавую дубіну, што апошнія 20 год навісала над рэгіёнам.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт