Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь дае сыгнал, што ня хоча ляцець толькі на адным расейскім крыле

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.06.2017 20:37
  • люстэрка.mp3
„Улады зьнізілі ўзровень сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве, і таму цяпер могуць часткова прызнаць няслушнасьць курсу дзяржавы” – экспэрт.
Аляксандр ЛукашэнкаАляксандр Лукашэнкаwww.president.gov.by

Мінулы тыдзень у Беларусі адзначыўся пагаршэньнем адносінаў зь Летувой, пошукамі новых партнэраў на міжнароднай арэне й новымі захадамі па касмэтычнай лібэралізацыі. Ці Лукашэнка знойдзе новыя рынкі? Навошта ўлады прызнаюць няслушнасьць эканамічнага курсу дзяржавы? Ці вызваляць неўзабаве ўсіх палітзьняволеных? На гэтыя й іншыя тэмы ў рубрыцы «Палітычнае люстэрка» - агляд палітоляга Максіма Руста. Зь ім размаўляе Валеры Саўко.

Менск далей хоча быць міжнароднай пляцоўкай па ўрэгуляваньні канфліктаў

Напрыканцы мінулага тыдня А. Лукашэнка наведаў Казахстан, у якім праходзіла паседжаньне Савету кіраўнікоў краін-удзельніц ШАС. Беларускі лідар часта ўздымаў тэму неабходнасьці мірнага супрацоўніцтва, унутранай і міжнароднай бясьпекі й назваў Беларусь «мастом, які спалучае Эўропу й Азію». Якія вынікі будзе мець гэты візыт для Беларусі? Ці ўдалося Лукашэнку знайсьці новых паплечнікаў на міжнароднай арэне?

Максім Руст: Мне падаецца, беларускі кіраўнік дзейнічаў па трох напрамках. Па-першае, працягвалася тэма Беларусі як патэнцыйнай пляцоўкі для вырашэньня міжнародных канфліктаў. Менск памятае дывідэнды пасьля перамоваў па Ўкраіне, і хоча далей пашыраць гэты напрамак. Па-другое, Беларусь далей праводзіць пошукі дывэрсыфікацыі сваёй зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, каб паспрабаваць не ляцець толькі на адным расейскім крыле. Лукашэнка правеў некалькі перамоваў з патэнцыйнымі вельмі вялікімі партнэрамі. І тут ёсьць нейкі посьпех: між іншым, прэм’ер Індыі Модзі запрасіў Лукашэнку наведаць яго краіну ўвосень. І па-трэцяе, беларускі кіраўнік таксама спрабаваў выкарыстаць гэты візыт для вырашэньня набалелых пытаньняў з Расеяй. Праведзеныя перамовы з Назарбаевым сьведчаць пра тое, што ў Эўразійскім Саюзе назапашваецца ўсё больш праблемаў, напрыклад, так істотная для Беларусі павестка ўвядзеньня адзінага рынку нафты й газу перанесеная на 2025 год, і ўдзельнікі гэтага праекту намякаюць, што хочуць вырашыць іх як мага хутчэй. І нават могуць зрабіць гэта без пасярэдніцтва Расіі. Наўрад ці вынікі гэтай паездкі будуць пераломнымі – Беларусь далей выкарыстоўвае ўсе магчымасьці дывэрсыфікацыі міжнароднай і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.

Палітвязьні Беларусі непатрэбныя

7 чэрвеня дэмакратычныя актывісты Зьміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі паведамілі пра тое, што атрымалі з КДБ пасьведчаньне аб заканчэньні крымінальнага перасьледу па справе «масавых беспарадкаў». Ці Менску ўсё ж такі залежыць на тым, каб у краіне не заставалася палітвязьняў? Ці гэта працяг гульні ў дэмакратызацыю? Што чакае іншых палітзьняволеных?

Максім Руст: Як я казаў раней, беларускія ўлады будуць разыгрываць карту палітвязьняў так, як ім будзе выгадна. У дадзены момант мяч на беларускім баку, Захад ня ставіць катэгарычных умоў усіх вызваліць, але Менску проста выгадней ня мець палітзьняволеных нават з прычын іміджу ў адносінах з ЭЗ і ЗША. Я думаю, справу «Белага Легіёну» таксама могуць перакваліфікаваць і нават неўзабаве выпусьціць падазраваных. Зрэшты, кіраўнік КДБ Вакульчык таксама заявіў, што невядома, ці «справа патрыётаў» дойдзе да суда. Проста ўладам на дадзены момант удалося разьмежаваць сацыяльныя й палітычныя пратэсты, трошкі зьнізіць градус сацыяльнай напружанасьці – таму трымаць палітвязьняў проста нявыгадна. Я не зьдзіўлюся, калі Менск нават пачне імітаваць жаданьне праводзіць дыялёг з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю. І момантам для гэтага могуць быць мясцовыя выбары на пачатку наступнага году – яны й так у беларускай герархіі ня маюць аніякага значэньня, але можа атрымацца прыгожая карцінка для міжнароднай супольнасьці.

Больш за ўсё беларусаў хвалююць цэны й беспрацоўе

Інфармацыйна-аналітычны цэнтар адміністрацыі Лукашэнкі апублікаваў вынікі сацыялягічнага апытаньня за першы квартал 2017 году. З вынікаў дасьледаваньня вынікае, што беларусаў больш за ўсё турбуе рост цэн і беспрацоўе. Ці гэта прызнаньне ўладамі няслушнасьці курсу, які праводзіць дзяржава?

Максім Руст: Так, гэта вельмі цікава – прэзыдэнцкія сацыёлягі прызналі, што галоўныя праблемы беларусаў - гэта побытавыя пытаньні. Па выніках дасьледаваньня, амаль 75 працэнтаў беларусаў мае клопат з ростам цэн, а больш за палову хвалюе беспрацоўе й адсутнасьць працы. Але трэба таксама памятаць, што амаль палову апытаных зьвярнула ўвагу на карупцыю, а адна трэцяя лічыць, што карупцыя на ўсіх узроўнях - гэта вельмі распаўсюджаная зьява. Такога раней не было. Самі вынікі апытаньня не зьяўляюцца нечаканымі ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі. Я думаю, улады не прызнаюць адкрыта паразы курсу дзяржавы, толькі хочуць паказаць грамадзкасьці, што ведаюць пра яе праблемы й клапоцяцца пра звычайных людзей. І так, чыноўнікі прабуюць далей зьніжаць узровень сацыяльнай напружанасьці. А што тычыцца заклапочанасьці ростам цэн, то застаецца пытаньне, ці ня будзе гэта яшчэ адным стымулам для ўлады, каб праводзіць абяцаную Лукашэнкам палітыку іх кантролю і рэгуляваньня. Да чаго гэта можа прывесьці, мы ўсе дасканала памятаем.

Напружанасьць зь Летувой будзе расьці

Апошнім часам вырасла напружанасьць на лініі Менск-Вільня. У адным са сваіх апошніх інтэрвію прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайтэ пагрозамі для краіны назвала суседзтва зь Беларусьсю й Расеяй. Чаму адносіны Беларусі й Летувы сталі такімі напружанымі ў такім кароткім часе? Ці адносіны з суседкай Беларусі будуць далей пагаршацца? Што гэта азначае для Беларусі?

Максім Руст: Грыбаўскайтэ казала не пра пагрозу непасрэдна ад Беларусі, а пра пагрозу такога суседзтва, таму што Расея праводзіць у Беларусі свае ваенныя гульні. Гэта адназначны намёк на вучэньні «Захад 2017», якія адбудуцца восеньню. Цяжка дзівіцца Летуве – гэтая краіна зьяўляецца адной з першых патэнцыйных ахвяраў магчымай ваеннай эскаляцыі паміж NATO й Расеяй, таму рэакцыя можа быць нэрвовай. Але галоўнай прычынай напружанасьці застаецца будаўніцтва Астравецкай АЭС. Летува яшчэ раней заявіла, што ня будзе купляць энэргію з гэтай АЭС. А Беларусь са свайго боку не зрабіла ніякіх крокаў, каб сытуацыя зь яе будаўніцтвам стала больш празрыстай для міжнароднай супольнасьці. Таму сукупнасьць гэтых чыньнікаў – вайсковыя вучэньні на мяжы Летувы й невядомая сытуацыя з будаўніцтвам АЭС за 50 км ад Вільні – прывялі да ўзросту напружанасьці. Для Беларусі гэта ня вельмі камфортная сытуацыя: Летува была той краінай ЭЗ, зь якой адносіны былі больш-менш нармальныя, і часта Вільня выступала ў якасьці адваката Менска. Для беларусаў жа найбольш адчувальным могуць быць яшчэ больш туманныя пэрспэктывы запуску пагадненьня аб спрошчаным памежным руху зь Летувой, якое падпісалі яшчэ ў 2010 годзе.

Падзеі апошніх некалькіх дзён у Беларусі й вакол Беларусі камэнтаваў палітоляг Максім Руст.

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт