Logo Polskiego Radia
Print

Ostrogorski Forum 2017. Беларусь у новых геапалітычных умовах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.06.2017 16:01
  • форум.mp3
Канфэрэнцыя мае на мэце зьбіраць экспэртаў з рознымі поглядамі, як праўладных, так і апазыцыйных.
www.pixabay.com

Праўда нараджаецца ў спрэчцы – гаворыць прымаўка. І менавіта гэты тэзіс узялі на ўзбраеньне арганізатары сустрэчы, зладжанай Цэнтрам Астрагорскага 19 чэрвеня ў Менску. Галоўнымі тэмамі дыскусіі была сытуацыя Беларусі ў новых умовах: выклікі зьнешняй палітыкі, бясьпекі і ідэнтычнасьці пасьля 2014 году, калі пачалася вайна ва Ўкраіне.

Цэнтар Астрагорскага наладзіў падобны форум ужо другі раз. Ён быў прысьвечаны крызысным тэндэнцыям у беларускай палітычнай і эканамічнай мадэлі. Падчас панэльных дыскусій выступалі запрошаныя экспэрты – як прадстаўнікі апазыцыйных асяродзьдзяў, так і ўладных структур. Гэта менавіта было адной з галоўных задум гаспадароў форуму – сутыкнуць думкі экспэртаў з розных асяродзьдзяў, – адзначае каардынатар праектаў з Цэнтру Астрагорскага Вадзім Смок.

В. Смок: Канфэрэнцыя мае на мэце зьбіраць экспэртаў з рознымі поглядамі, як праўладных, так і апазыцыйных, шукаць супольную візію разьвіцьця дзяржавы. Гэта важна, каб у краіне не ўзьнікалі лініі падзелу, якія пачынаюцца ў поглядах на палітыку, а пазьней распаўсюджваюцца ў грамадзтва, як гэта адбылося ва Ўкраіне з сумнымі вынікамі.

Тэмай першай панэльнай дыскусія была нармалізацыя стасункаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам. Ці прывяла нармалізацыя адносін да відавочных практычных вынікаў? Ці адыходзіць Беларусь на пэрыфэрыю зьнешняй палітыкі Эўразьвязу? Ці працуе Расея на недапушчэньне нармалізацыі «Беларусь-ЭЗ», ці наадварот, зацікаўленая ў гэтым? Мадэратарам гутаркі быў палітоляг Валер Карбалевіч, які кажа, што былі розныя дакладчыкі і розныя думкі.

В. Карбалевіч: Скажам, на думку Ляховіча, у Беларусі існуе праблема з правамі чалавека, і таму працэс нармалізацыі адносін з ЭЗ ідзе дрэнна, і нават магчымыя чарговыя санкцыі. Другі дакладчык, Сяргей Кізіма з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, наадварот казаў, што ўсё добра. Мне спадабалася думка Дзяніса Мельянцова, што трэба вызначыць канкрэтныя крытэрыі. ЭЗ зрабіў плян з 29 пунктаў у адносінах Беларусі, і 15 пунктаў Беларусь ужо выканала. Так што працэс ідзе бяз збояў.

Наступная тэматыка: бясьпека Беларусі, як вонкавая, так і ўнутраная. Наколькі адэкватна Менск разумее сучасныя ўнутраныя й зьнешнія пагрозы? Ці вычарпаны патэнцыял Беларусі як «донара бясьпекі ў рэгіёне»? Па словах мадэратара дыскусіі, вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, дакладчыкі зьвярталі ўвагу на тое, што зьмянілася архітэктура бясьпекі ў рэгіёне.

А. Алесін: Раней Беларусь абапіралася на геапалітычны кантракт з Расеяй: Беларусь клапоціцца пра інтарэсы Расеі ў сваім рэгіёне, а Расея забясьпечвае Беларусь эканамічнымі прэфэрэнцыямі й абараняе. Але пасьля падзей ва Ўкраіне аказалася, што ўласныя інтарэсы Расеі вышэй інтарэсаў бясьпекі партнэраў і саюзьнікаў. Таму неабходна распрацоўваць інстытуты ўласнай бясьпекі: разьвіцьцё ВПК, беларускіх узброеных сілаў, а таксама разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці, патрыятызму. Пагрозай зьяўляецца таксама ўнутраная эканамічная сытуацыя ў краіне, якая не дазваляе выдзяляць патрэбнай колькасьці фінансавых сродкаў на ўмацаваньне ВПК, на аснашчэньне і пераўзбраеньне арміі.

І апошняя частка дыскусіі на форуме – яна насіла загаловак «Афіцыйная палітыка ідэнтычнасьці пасьля 2014 году: ці адбылася мяккая беларусізацыя». Мадэратар панэлі, галоўны рэдактар часопіса «АРХЭ» Валер Булгакаў заўважае, што ўдзельнікі мелі зусім розныя погляды на гэты конт.

В. Булгакаў: Частка прысутных бараніла падыход, згодна з якім у Беларусі ўжо некалькі гадоў назіраецца мяккая беларусізацыя, а іншыя, большая частка, ставілі гэта пад сумнеў, высоўвалі свае контраргумэнты. Напрыклад, на думку Пятра Пятроўскага і Андрэя Дынько, няма падстаў, каб падзеі культурнага жыцьця Беларусі апошніх гадоў кваліфікаваць як «мяккая беларусізацыя».

Такім чынам, арганізатары форуму дасягнулі пастаўленай задачы: абмеркаваньне было гарачым, прадстаўляліся самыя розныя меркаваньні, часам зусім процілеглыя погляды. Апублікаваныя матэрыялы і спасылкі на відэа дыскусій прадстаўнікі Цэнтру Астрагорскага абяцаюць адправіць у адпаведныя дзяржаўныя органы, каб кіраўнікі краіны маглі пазнаёміцца зь меркаваньнямі беларускіх экспэртаў.

нг/інфармацыя таксама на сайце ostro.by

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт