Logo Polskiego Radia
Print

Кніжка, якая дазволіць хаця б крышачку палепшыць лёс дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.06.2017 15:25
Даход ад продажу зборніка "Зорныя мары" будзе прызначаны на розныя дабрачынныя мерапрыемствы.

У мінулыя выходныя ў Польшчы адбылася прэзэнтацыі кніжкі, якая была напісаная з намерам хаця б крышку палепшыць лёс дзяцей у шпіталях, хоспісах і дзіцячых дамах. Называецца выданьне «Зорныя мары». Гэта зборнік 20 казак і 10 вершаў.

"Споўнілася мая зорная мара", – адзначае ініцыятарка акцыі Маніка Енджэеўска-Вэргілес.

М. Енджэеўска-Вэргілес: Прэм’ера кніжкі «Зорныя мары» – гэта сапраўды рэалізацыі маёй зорнай мары. Цудоўная справа. Чалавек калісьці пра нешта падумаў, пачаў марыць, і раптам аказваецца, што гэтую мару ўдаецца ажыцьцявіць. Можа, не зусім «раптам», паколькі акцыя цягнулася 9 месяцаў, але сёньня мы бачым, якія фантастычныя людзі рабілі справу, паколькі яны прыехалі на прэм’еру.

Збор сродкаў на выданьне кніжкі працягваўся ўсяго месяц, удалося сабраць амаль 23 тыс. злотых. «Трэба пахваліць ня толькі ахвяравальнікаў, але таксама аўтараў казак», – кажа Маніка Енджэеўска.

М. Енджэеўска-Вэргілес: Я не спадзявалася, што акцыя набярэ такі маштаб. Мы атрымалі прапановы ад больш чым 160 аўтараў, нам папанавалі звыш чатырох сотняў казак, вершаў, басьняў, рознага роду аповедаў. Я не была ў стане нават дакладна ўсё падлічыць.

Адна з казак расказвае пра чарвячка. Гэта аповед пра тое, як сіла сяброўства дапамагае перажыць цяжкія моманты ў жыцьці, – адзначыла на прэм’еры кнігі аўтарка казкі Анэта Козбух.

А. Козбух: Я напісала казку пра чарвячка, які марыў пра зоркі, глядзеў на іх. Гэта казка аб тым, якую моц дае сяброўства, што дзякуючы яму можна пераадолець розныя перашкоды і цяжкасьці. І гэта галоўная ідэя казкі для дзяцей.

Падчас прэм’ернага прадстаўленьня кнігі адну з казак прачытаў слухачам вядомы польскі актор Яцэк Кавалец. Ён згадаў, што варта чытаць дзецям казкі, паколькі літаратура разьвівае ў дзецях уражлівасьць.

Я. Кавалец: Неабходна разбуджаць у дзецях уражлівасьць, спачуваньне, напрыклад, тым, каму патрэбная наша дапамога. Казкі дазваляюць разьвіваць агулам успрыняцьце дзецьмі літаратуры, мастацтва, усяго, што ўзвышанае. Дзеці павінны мець кантакт з кнігай. Чытаючы літаратуру, мы быццам бы атрымліваем дадатковае жыцьцё, паколькі дзякуючы кнігам у нашым уяўленьні, нашых галовах паяўляецца альтэрнатыўны сьвет.

Прэзэнтацыя зборніка адбылася ў студыі Польскага радыё. На думку акторкі Тэрэсы Ліпоўскай, якая чытала адну з казак, посьпех кнігі быў магчымы дзякуючы актыўнай падтрымцы з боку шматлікіх людзей.

Т. Ліпоўска: Людзі паказалі, што яны адгукаюцца на бяду іншых, цярпеньне дзяцей. Людзі давалі тое, што яны былі ў стане даць. Адзін даваў грошы, іншы даваў свой час, трэці – сваю энэргію. На маю думку, вельмі ўдачная акцыя, яна пройдзе зь вялікім посьпехам.

На прэм’еру кніжкі былі запрошаныя таксама самыя малодшыя чытачы, для якіх і быў напісаны зборнік. Дзеці атрымалі экзэмпляры кніжкі з аўтографамі зорак – вядомых актораў.

Дзяўчынка: Найбольш мне падабаліся казкі, якія чыталі акторы, і вершы, а таксама падушкі, на якіх мы маглі сядзець. Вельмі спадабалася мне казка «Баенда» ды «Пра сабачку і мару». Кніжка вельмі каляровая, прыгожая, і вельмі мне падабаецца.

Пасьля прэм’ернай прэзэнтацыі кніжкі зборнікі былі разьвезеныя ў дзіцячыя аддзяленьні бальніц, у хоспісы ды дзіцячыя дамы. Кнігу можна будзе таксама набыць, але толькі праз інтэрнэт. У віртуальным сеціве зборнік паявіцца ў верасьні гэтага году на сайце выдавецтва Sofijka.pl. Увесь даход ад продажу будзе прызначаны на іншыя дабрачынныя акцыі, якія ладзіць фундацыя «Się Pomaga» ("Памагаем, памагаеце").

Зборнік «Зорныя мары» быў выдадзены пры падтрымцы Польскага радыё.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт