Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ўмацоўвае адносіны з Ізраілем

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.07.2017 19:20
  • Польшча-Ізраіль.mp3
У польскай сталіцы з афіцыйным візытам знаходзіцца старшыня ізраільскага парлямэнту.
Foto: PAP/Marcin Obara

У праграме візыта старшыні Кнэсэта Юлі Эдэльштайна ў Варшаве сустрэчы з кіраўнікамі абедзьвюх палат польскага парлямэнта, а таксама з прэзыдэнтам краіны Анджэем Дудам.

Ізраільскі прадстаўнік прыбыў у Польшчу па запрашэньні маршалка польскага Сэйма Марка Кухціньскага. Падрабязнасьці візыта ведае карэспандэнтка Польскага радыё Сыльвія Бялэк.

Сыльвія Бялэк: Маршалак Сэйму Марэк Кухціньскі заявіў, што візыт старшыні Кнэсэту ў Варшаве паказвае, што ўмацоўваецца супрацоўніцтва паміж Польшчай і Ізраілем. Польскі бок зацікаўлены ў тым, каб далучаць прадстаўнікоў Кнэсэту да дзеяньняў Польшчы ў рэгіёне. Польскі ды ізраільскі палітыкі ўзялі ўдзел ва ўрачыстасьці ўручэньня мэдалёў Справядлівых сярод народаў сьвету ў Кракаве. Ізраільскі палітык падкрэсьліў, што памяць зьяўляецца агульным абавязкам чалавецтва ды запрасіў польскіх кіраўнікоў парлямэнту наведаць Ізраіль.

Старшыня Кнэсэту зазначыў у Варшаве, што абавязкам палітыкаў зьяўляецца памяць пра нацысцкія злачынствы, пра іх памагатых, але таксама пра адважных ды справядлівых людзях, які рызыкавалі жыцьцём, ратуючы габрэяў ад сьмерці.

Юлі Эдэльштэйн: Часамі пануе памылковае перакананьне, што забойцы забівалі сотні ды тысячы чалавек, а героі ратавалі адзінкавыя асобы. Гэта памылковае мысьленьне. Уратаваныя маюць цяпер дзяцей, унукаў, праўнукаў. Гэта паказвае, што надалей не губляе сілы старое выказваньне, што той, хто ратуе адно жыцьцё, ратуе ўвесь сьвет.

У зьвязку з гэтым Варшавы ды Тэль-Авіў хочуць разам змагацца з мовай нянавісьці ды стэрэатыпамі, якія шырыцца ў сьвеце ў дачыненьні да абодвух народаў. Пра гэта ішла размова паміж маршалкам польскага Сэнату ды старшынёй Кнэсэта. Гаворыць маршалак Сэнату Станіслаў Карчэўскі.

Станіслаў Карчэўскі: Мы размаўлялі пра стэрэатыпы, зь якімі трэба змагацца, пра стэрэатыпы, якія кепская ўплываюць на імідж Польшчы ды Ізраіля. Сумесна мы будзем рабіць усё, каб пераадолець гэтыя стэрэатыпы. Значная частка нашай размовы тычылася мовы нянавісьці ў інтэрнэце. Мы дамовіліся сумесна з гэтым змагацца.

Візыт ізраільскага спікэра парлямэнту меў ня толькі гістарычнае, але і эканамічнае вымярэньне. Польшча хоча праз кантакты з Кнэсэтам інтэнсыфікаваць супрацу з Ізраілем па эканамічных пытаньнях. Пра гэта казаў маршалак Сэйму Марэк Кухціньскі.

Марэк Кухціньскі: Мы зацікаўлены таксама тым, каб запрашаць і далучаць прадстаўнікоў Кнэсэту ў нашы дзеяньні ў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. Такім чынам мы хочам будаваць пазытыўныя падваліны міжнароднага супрацоўніцтва паміж народамі нягледзячы на дзяржаўныя межы, розныя рэлігійныя звычаі. Любыя іншыя падзелы.

Візыт завершыўся наведваньнем Музэя гісторыі польскіх габрэяў Полін.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт