Logo Polskiego Radia
Print

Карыстальнікі становяцца на абарону крыптавалюты

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 19.07.2017 16:21
Польская біткоін-асацыяцыя занепакоеная заявай Нацыянальнага банку краіны ды Камісіі фінансавага нагляду, што зьявілася на мінулым тыдні.
Лягатып біткоінуЛягатып біткоінуpixabay.com/MichaelWuensch/Public Domain CC0

Ужывальнікі крыптавалют становяцца на абарону віртуальных манэт. Польская біткоін-асацыяцыя занепакоеная заявай Нацыянальнага банку краіны ды Камісіі фінансавага нагляду, што зьявілася на мінулым тыдні. Пра гэта паведамляе сёньняшні нумар выданьня Puls Biznesu.

Нагадаем, у сумесным звароце рэгулятараў рынку гаворыцца, у прыватнасьці, пра тое, што крыптавалюты не эмітуюцца ды не гарантуюцца цэнтральнымі банкамі краінаў. А гэта азначае, што ёсьць рызыка страціць грошы ў выніку крадзяжу ці кібэратакі. Фінансавыя ўлады таксама зьвяртаюць увагу на зьменнасьць курсаў такіх валютаў.

У сваю чаргу, Польская біткоін-асацыяцыя ня бачыць падставаў для турботы. Некаторыя з краінаў дастасоўваюць сваё заканадаўства пад патрэбы карыстальнікаў электронных манэт. Прычым, сьпіс такіх дзяржаў пастаянна павялічваецца. То бок, крыптавалюты прызнаюцца ўладамі. Напрыклад, у швэйцырскім горадзе Цуг біткоінамі можна заплаціць падаткі ды разьлічыцца за камунальныя паслугі. А Японія ў красавіку гэтага году пачала выкарыстоўваць іх як раўнапраўную валюту.

Камэнтуючы заявы пра магчымасьць адмываньня грошай з дапамогай крыптавалютаў, асацыяцыя зьвяртае ўвагу на тое, што польскія падатковыя службы пакуль ня выявілі ніводнага такога выпадку.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт