Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія банкі чакаюць паслабленьняў

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 20.07.2017 18:18
  • банкі.mp3
Эфэктам пераўтварэньняў можа стаць большая самастойнасьць крэдытных арганізацыяў краіны.
pixabay.com/Public Domain CC0

Магчымасьць істотных зьменаў у банкаўскай сыстэме разглядаюць фінансавыя ўлады Беларусі. Эфэктам пераўтварэньняў можа стаць большая самастойнасьць крэдытных арганізацыяў краіны. Пытаньне актыўна абмяркоўваюць у Нацыянальным банку краіны.

Перш за ўсё, магчымыя паслабленьні павінныя адбіцца на ажыцьцяўленьні банкаўскіх апэрацыяў. Свае прапановы наконт лібэралізацыі рынку фінансавыя ўстановы могуць накіроўваць у Асацыяцыю беларускіх банкаў. Пра гэта днямі паведаміў партал tut.by. Рэсурс спасылаецца на ліст гэтай недзяржаўнай арганізацыі, які нядаўна атрымалі банкі. Спэцыялісты зьвяртаюць увагу на вялікую колькасьць нарматыўных актаў, з дапамогай якіх рэгулятар кантралюе фінансавы сэктар. Такая сытуацыя вядзе да таго, што рынку не хапае гнуткасьці. У выніку банкі часта ня могуць укараняць новыя мэханізмы ў сваю дзейнасьць, а часам – апэратыўна рэагаваць на зьмены ў эканоміцы.

Якім чынам можна зьмяніць сытуацыю ў лепшы бок? З такім пытаньнем Нацыянальны банк зьвярнуўся да Асацыяцыі, а тая, у сваю чаргу – да камэрцыйных установаў. Прапановы, у прыватнасьці, могуць прадугледжваць адмену ці абʼяднаньне некаторых прававых актаў. Сваім меркаваньнем на гэты конт з намі падзяліўся кіраўнік «Навукова-дасьледчага цэнтра Мізэса» Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: Гаворка вядзецца пра тое, каб даць банкам больш свабоды ў дачыненьні працэнтных ставак, залогаў, рознага роду плацёжных апэрацыяў. Гэта тое, што патрэбна, бо крызыснае рэгуляваньне, якое было ўведзена ў 2015 годзе, пакуль застаецца. Нагляд вельмі суворы. Таму гэта спроба зрабіць фінансава-банкаўскі сэктар больш камэрцыйна арыентаваным, стварыць канкурэнцыйнае асяродзьдзе ды зьнізіць ролю рэгулятара. Так што гэтая мера вельмі добрая. Калі, як кажа Нацбанк, будзе застасаваная тэхналёгія блёкчэйн, якая будзе ўтрымліваць інфармацыю па крэдытах, па залогах ды іншыя дадзеныя, важныя для заёмшчыкаў ды крэдытораў, гэта будзе крок насустрач да таго, каб такую сыстэму ўжывалі і ў іншых сфэрах дзяржаўнага кіраваньня.

Як адзначае Яраслаў Раманчук, зьмены ў банкаўскай сфэры Беларусі павінны быць больш грунтоўнымі. Глябальныя пераўтварэньні спатрэбяцца, напрыклад, для далучэньня краіны да міжнародных аб’яднаньняў. У тым ліку – Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Яраслаў Раманчук: У нас, па сутнасьці, няма фінансавага фондавага рынку. У нас вельмі жорсткія правілы ўваходу капіталу на беларускі рынак. Калі, напрыклад, мы будзем весьці размову пра ўступленьне ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, нам трэба будзе лібэралізаваць яго – дазволіць замежным інвэстыцыйным фондам, сумесным фондам працаваць у Беларусі. Гэта зусім іншы ўзровень канкурэнцыі. Безумоўна, не хапае магчымасьці працаваць у межах плацёжных сыстэмаў, якія ёсьць у сьвеце (той жа PayPal, якога ў Беларусі няма). Але асноўны дэфэкт, які ёсьць, гэта дэ факта адсутнасьць банкаўскай таямніцы, таму што тое, што робіць Міністэрства падаткаў ды збораў і Мінфін, супярэчыць сусьветнай практыцы. Гэта тое, што робіць немагчымым стварэньне ў Беларусі нават рэгіянальнага фінансавага цэнтру.

У тым, што лібэралізацыя прынясе карысьць фінансавай сфэры краіны, упэўнены таксама кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. Паводле яго, магчымыя паслабленьні для камэрцыйных арганізацыяў, пра неабходнасьць якіх думае кіраўніцтва Нацыянальнага банку, паспрыяюць разьвіцьцю канкурэнцыі. А ў канчатковым выніку – зьніжэньню тарыфаў ды коштаў. Таму ў такой сытуацыі павінен выйграць кліент. Пакуль жа, як сьцьвярджае Леанід Заіка, беларускі фінансавы рынак жыве мінулым.

Леанід Заіка: Кіраўнік назначаецца прэзыдэнтам. Там абсалютна савецкая кадравая палітыка. Нацбанк узяў на сябе багата функцыяў па кантраляваньні ды праверцы. Няма мажлівасьці разьвіцьця невялікіх фінансавых кампаніяў ды кампаніяў, якія працуюць на рынку са спажыўцамі. Як толькі мяне назначаць замест Паўла Калаура кіраўніком Нацбанку, усе проста ахнуць, таму што наш фінансавы рынак пакуль знаходзіцца ў такім стане, у якім кітайскі быў у 88 годзе.

Як зьменіцца банкаўскае заканадаўства, сказаць пакуль складана. Прапановаў наконт рэфармаваньня прававой базы ад спэцыялістаў фінансавага сэктару Асацыяцыя беларускіх банкаў чакае да 4 жніўня.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт