Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь-Украіна: шлюб па разьліку

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 21.07.2017 19:40
  • Беларусь-Украіна.mp3
На другой з пачатку году сустрэчы Лукашэнка й Парашэнка абмяркоўвалі эканоміку ды ня толькі...
PAP/EPA/STEPAN FRANKO

Эканоміка ды ня толькі. З афіцыйным візытам у Кіеў накіраваўся ў чацьвер Аляксандр Лукашэнка. Асноўны пункт у праграме – сустрэча з Пятром Парашэнкам у вузкім фармаце, а затым – з удзелам міністраў. Сярод тэмаў – разьвіцьцё стасункаў у палітычнай, эканамічнай ды гуманітарнай сфэрах. Прычым, акцэнт робіцца менавіта на гандлёвыя сувязі. Па выніках мінулага году, узаемны таваразварот наблізіўся да адзнакі ў 4 мільярды даляраў. Невялікая перавага была на беларускім баку.

Мяркуючы па ўсім, зьніжаць абароты Менск і Кіеў не зьбіраюцца – сёньня ва ўкраінскай сталіцы адбыўся бізнэс-форум, падчас якога прадстаўнікі дзьвюх краінаў падпісалі кантракты на дзесяткі мільёнаў даляраў. Сярод праектаў з удзелам беларускіх прадпрыемстваў – будаўніцтва газавых сьвідравінаў у Палтаўскай вобласьці, пастаўка кар’ерных самазвалаў ды іншыя. Падчас сустрэчы зь Пятром Парашэнкам Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць міжрэгіянальны форум супрацоўніцтва. Падобныя Менск ладзіць з Расеяй ды Кітаем.

Што тычыцца так званых «балючых кропак» у палітыцы, то, паводле аглядальнікаў, асноўныя супярэчнасьці Беларусь ды Ўкраіна змаглі пераадолець. Беручы пад увагу сытуацыю ў рэгіёне, стасункі можна назваць даволі стабільнымі. Між тым, ёсьць і свае адметнасьці. Кажа ўкраінскі палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента» Ўладзімер Фясенка.

Уладзімер Фясенка: Мова вядзецца пра сустрэчу з даволі спэцыфічным патрнэрам. Я называю гэта сяброўствам па разьліку. Абодва бакі зацікаўленыя ў такіх абмежаваных стасунках па розных прычынах. Для Парашэнкі вельмі важна, каб Лукашэнка працягваў хаця б такую падвойную гульню ды тыя асаблівыя адносіны з Украінай, якія ён дэманструе, нягледзячы на канфлікт паміж Масквой і Кіевам і на тое, што Беларусь уваходзіць у склад Саюзнай дзяржавы з Расеяй. У гэтым пляне для Парашэнкі важна падтрымліваць цесныя сяброўскія кантакты на высокім узроўні. Таму гэты візыт нельга назваць шараговым. Але й казаць, што гэта нейкая супэрпадзея ці сэнсацыя, а таксама чакаць ад яго нейкіх звышвынікаў, я думаю, таксама будзе перабольшваньнем. Важны сам факт гэтага візыту, а ня вынікі, зьвязаныя зь ім.

Адной з тэмаў, якую напярэдадні цяперашняй сустрэчы дамовіліся закрануць Лукашэнка й Парашэнка – абстаноўка на Данбасе ды прагрэс менскіх перамоваў. Пра ролю Беларусі ў пераадольваньні канфлікту, а таксама пазыцыю афіцыйных уладаў па «украінскім пытаньні» мы паразмаўлялі з беларускім палітолягам Андрэем Фёдаравым.

Андрэй Фёдараў: У нейкіх момантах беларускія прадстаўнікі не дэманструюць нэйтралітэту, галасуючы, напрыклад, у ААН так, як гэта было б адэкватна нэйтральнай пазыцыі. Іншым разам прасьледжваецца нежаданьне злаваць Расею па пытаньня Крыму, скажам, называючы яго ўкраінскім. А з другога боку, калі глядзець па канкрэтных справах, а не па нейкіх дэклярацыях ці галасаваньнях, можна сказаць, што з большага Беларусь прытрымліваецца такой пазыцыі. Яна дапамагае Ўкраіне ў эканамічным сэнсе – пастаўляе тое, што ёй неабходна. У тым ліку – для вядзеньня баявых дзеяньняў (хоць бы тое ж дызельнае паліва). Па практычных дзеяньнях, я думаю, у Кіева няма асаблівых падставаў, каб абвінавачваць Беларусь у нейкай здрадзе.

Яшчэ адно пытаньне, да якога перыядычна вяртаюцца афіцыйныя Менск і Кіеў – арганізацыя вяшчаньня ў Беларусі ўкраінскага тэлеканалу. Ён павінен стаць альтэрнатывай афіцыйнай расейскай прапагандзе. Тэму абмяркоўваюць ужо ня першы год, але дасягнуць істотнага прагрэсу бакі так і не змаглі. Як мяркуе Ўладзімер Фясенка, асьцярожнасьць у гэтай справе праяўляюць менавіта беларускія ўлады.

Уладзімер Фясенка: Украіна – гэта пострэвалюцыйная краіна, дзе шмат рэвалюцыйных праяваў ды рэвалюцыйных настрояў і да ўсяго – вельмі рэзкая супрацьрасейская рыторыка. Для Беларусі, якая вызнае зусім іншы палітычны стыль і саюзныя адносіны з Расеяй, многае з таго, што той ці іншы ўкраінскі тэлеканал лічыць нормай, проста непрымальна. Таму пакуль зусім незразумела, як вырашыцца пытаньне. Верагодна, гэта павінен быць тэлеканал, дастасаваны да спэцыфікі інфармацыйнай прасторы Беларусі. Іначай рана ці позна ўзьнікнуць праблемы. У прынцыпе, ва Ўкраіне можна знайсьці тэлеканалы, дзе ня будзе збыткоўнай рэвалюцыйнай рыторыкі і палітыкаў, якія дэманструюць вельмі радыкальныя настроі, дзе будзе менш палітыкі ці яна будзе згладжаная. Акрамя таго, мова можа весьціся пра сумесны тэлеканал зь перавагай культурнай тэматыкі ды мінімумам палітыкі.

Цікавасьць у назіральнікаў выклікае стаўленьне Крамля да падобных візытаў. Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што сустрэчы «адзін на адзін» Аляксандра Лукашэнкі ды Пятра Парашэнкі выклікаюць пэўную занепакоенасьць Масквы, але ёй даводзіцца з гэтым мірыцца.

Андрэй Фёдараў: Не думаю, што гэта Маскве падабаецца, канешне. З другога боку, моцна прыціснуць Беларусь зараз ёй даволі цяжка, бо гэта ці не апошні хаўрусьнік у цывілізаваным сьвеце. І калі яна гэта зробіць, дык, па-першае, можа атрымаць узмацненьне санкцыяў з боку Захаду. А па-другое, Беларусь можа яшчэ больш дыстанцыявацца ад Масквы. Хоць, канешне, рычагоў для прымушэньня Менску рабіць так, як ёй хочацца, у Масквы хапае.

Нагадаем цяперашняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі ды Пятра Парашэнкі – ужо другая ў гэтым годзе. Першая адбылася ў красавіку – на 31-ю гадавіну Чарнобыльскай аварыі. Паводле экспэртаў, практыка ўкраінска-беларускіх стасункаў гаворыць аб тым, што гэта брак па разьліку. Для ободвух бакоў такія кантакты карысныя – як у эканамічным, так і ў палітычным пляне.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт