Logo Polskiego Radia
Print

«Polityka»: грамадзтва прачнулася; «GPC»: гэта пратэсты злачынных груповак

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.07.2017 15:02
СМІ па-рознаму ацэньваюць пратэсты супраць рэформы судовай сыстэмы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польскія тыднёвыя выданьні шмат увагі прысьвячаюць пратэстам, якія пракаціліся па Польшчы цягам апошніх тыдняў. Гаворка ідзе пра рэакцыю многіх грамадзян і палітычных дзеячаў на законапраекты, прынятыя кіруючай партыяй «Права і справядлівасьць».

Прэзыдэнт Анджэй Дуда прыняў рашэньне, нечаканае для ўсіх – піша камэнтатар часопіса «Polityka». Ён наклаў вэта на два з трох законапраектаў, якія датычаць судовай сыстэмы. Першы павінен быў даць магчымасьць памяняць судзьдзяў Вярхоўнага суду, другі гарантаваў кіруючай партыі ўладу над прызначэньнем судзьдзяў. Трэці законапраект прайшоў. Дзякуючы яму міністар юстыцыі сам прызначыць новае кіраўніцтва судоў усіх інстанцый.

Чаму прэзыдэнт вырашыў заблякаваць законы? Па-першае, на яго мелі ўплыў шматтысячныя пратэсты па ўсёй Польшчы. Анджэй Дуда згадаў таксама гутарку са сваёй дарадчыцай Зофіяй Рамашэўскай, легендарнай дзяячкай апазыцыі ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Яна завіла: «Спадар Прэзыдэнт, я жыла ў дзяржаве, дзе Генэральны пракурор мог усё, і я не хачу ў такую дзяржаву вяртацца». З вуснаў прыхільніцы ПіС гэта гучыць моцна: яна параўнала Польшчу, якую будуе гэтая партыя, з ПНР.

Улады хутчэй за ўсё неўзабаве зноў прымуць законапраекты, зь невялікімі зьменамі, і зноў яны трапяць на стол прэзыдэнта пад подпіс. Таму грамадзяне далей павінны старанна сачыць за тым, што адбываецца ў парлямэнце і прэзыдэнцкім палацы, і адпаведна рэагаваць на падзеі.

Самым вялікім посьпехам пратэстаў грамадзян стала ня тое, што прэзыдэнт прыняў рашэньне накласьці вэта на два законапраекты, а тое, што грамадзтва прачнулася. Вэта прэзыдэнта ўзмоцніць грамадзтва, бо палякі адчулі сваю сілу, паверылі, што яны могуць нешта мяняць у палітычным жыцьці дзяржавы.
______________________________________________________________________________
Зусім іншы пункт гледжаньня на законапраекты аб судовай сыстэме прадстаўляе штодзённае выданьне правай арыентацыі «Gazeta Polska Codziennie». Яно піша, што больш за 6 тыс. чалавек падпісала пэтыцыю ў падтрымку рэформы судоў цягам першых гадзін яе разьмяшчэньня ў інтэрнэце. Арганізатары акцыі, Грамадзкі камітэт «Патрабуем рэформы судоў», паставілі перад сабой мэту сабраць мільён подпісаў за зьмены ў судовай сыстэме.

Актуальны парлямэнт распачаў рэформы, якія сустрэліся з пратэстамі груп інтарэсаў і злачынных груповак. Гэта магутныя сілы, якія ў стане маніпуляваць грамадзкай думкай – цытуе выданьне заклік аўтараў пэтыцыі. Яны дадаюць, што рашучая большасьць палякаў выступае ў падтрымку рэформы судоў, каб яны служылі грамадзянам і дзяржаве.

Суды – гэта адзіныя грамадзкія ўстановы ў Польшчы, якія не прайшлі працэсу дэкамунізацыі. Зьмены ў судовай сыстэме – гэта магчымасьць поўнасьцю пазбыцца ад былых камуністычных дзеячаў. Цяпер жа асобы, якія судзілі людзей, што змагаліся з камуністычнай сыстэмай, надалей працуюць судзьдзямі. Так не павінна быць, – мяркуюць суразмоўцы выданьня.

Polityka/Gazeta Polska Codziennie/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт