Logo Polskiego Radia
Print

«Дзякуючы геройству паўстанцаў Польшча стала сувэрэннай краінай» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.07.2017 18:32
  • паўстаньне.mp3
1 жніўня а 17-й у Варшаве завыюць сырэны, а вулічны рух спыніцца - у памяць пра Варшаўскае паўстаньне.
Удзельнік паўстаньня брыгадны генэрал Зьбігнеў Сьцібар-Рыльскі й прэзыдэнт Анджэй Дуда (цяпер паўстанцу 100 гадоў і ён зьяўляецца найстарэйшым удзельнікам паўстаньня ў чыне генэрала)Удзельнік паўстаньня брыгадны генэрал Зьбігнеў Сьцібар-Рыльскі й прэзыдэнт Анджэй Дуда (цяпер паўстанцу 100 гадоў і ён зьяўляецца найстарэйшым удзельнікам паўстаньня ў чыне генэрала)PAP/Rafał Guz

У польскай сталіцы адзначаецца 73-я гадавіна пачатку Варшаўскага паўстаньня. 1 жніўня 1944 года ў польскай сталіцы пачалося паўстаньне супраць гітлераўскіх акупантаў. Збройны чын меў трываць некалькі дзён, а закончыўся праз два месяцы капітуляцыяй паўстанцаў. У выніку паўстаньня загінулі 200 тыс. чалавек, большасьць – гэта мірныя жыхары.

Адзначэньне чарговай гадавіны паўстаньня працягваецца ўжо некалькі дзён. Для прыкладу, у суботу каля 10 тыс. чалавек у Варшаве выйшлі на старт вулічнага забегу ў памяць аб гэтай даце.

Траса забегу працягласьцю ў 10 км праходзіла праз месцы памяці пра ўзброены подзьвіг падпольнай Арміі Краёвай – па вуліцах сталічнага квартала «Стары горад», дзе ў жніўні 1944 года ішлі жорсткія баі паміж слаба ўзброенымі паўстанцамі й гітлераўцамі.

Перад стартам удзельнікі запалілі сьвечкі і ўшанавалі памяць варшаўскіх паўстанцаў хвілінай маўчаньня.

У 27-м забегу ў памяць аб Варшаўскім паўстаньні ўдзельнічалі жыхары й госьці сталіцы, а таксама прафэсійныя лёгкаатлеты. Сярод удзельнікаў былі інваліды-калясачнікі, а таксама аматары катаньня на ролікавых каньках.

А вось сёньня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў Парку свабоды, які знаходзіцца на тэрыторыі Музэя Варшаўскага паўстаньня, уручыў дзяржаўныя ўзнагароды паўстанцам, а таксама грамадзянам, якія зрабілі вялікі ўнёсак у захаваньне памяці пра збройны чын.

Прэзыдэнт
Прэзыдэнт Анджэй Дуда й начальнік Варшаўскага гарнізону брыгадны генэрал Робэрт Гломб/PAP/Radek Pietruszka

Выступаючы перад паўстанцамі і ўдзельнікамі ўрачыстасьці, галава дзяржавы сказаў, што хоць паўстаньне й ня стала мілітарным посьпехам, то трапіла на старонкі польскай гісторыі як адна з важнейшых падзей.

Анджэй Дуда: Дзякуючы геройству варшаўскіх паўстанцаў Польшча стала сувэрэннай краінай у канцы ХХ стагодзьдзя – на пераломе 1980 і 1990 гадоў. Менавіта дзякуючы вам чарговае пакаленьне, якое не згадзілася з савецкай дамінацыяй, з тым, што жыве ў ня цалкам свабоднай краіне, прыступіла да барацьбы з камунізмам.

Сярод узнагароджаных была Эва Яглінска, якая ў Варшаўскім паўстаньні была сувязной. Прэзыдэнт Дуда яе ўзнагародзіў Афіцэрскім крыжам Ордэну адраджэньня Польшчы.

Эва Яглінска: Для мяне вялікі гонар атрымаць узнагароду ад прэзыдэнта. У паўстаньні мы змагаліся ў імя Польшчы й для Польшчы, тады ніхто ня думаў пра тое, што атрымае ўзамен. Я ніколі ў жыцьці ня бачыла такіх самаадданых людзей, якія гатовыя былі аддаць жыцьцё за радзіму.

Як і кожны год, жыхары сталіцы таксама сёлета адзначаць чарговую гадавіну паўстаньня: а 17-й гадзіне 1 жніўня, калі пачаўся збройны чын, у Варшаве сымбалічна завыюць сырэны.

Прэзыдэнт
Прэзыдэнт узнагароджвае Эву Яглінску/PAP/Rafał Guz

Улады сталіцы ды паўстанцы, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш і менш, заклікалі варшавян ушанаваць памяць ахвяраў гістарычнай падзеі. Гаворыць мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц.

Ганна Гранкевіч-Вальц: За нашу сталіцу, за Варшаву, многія паўстанцы й мірныя жыхары аддалі жыцьцё. Нашым абавязкам зьяўляецца ўшанаваньне памяці пра іх, пра герояў сталіцы. Я заклікаю жыхароў гораду, каб а 17-й гадзіне спыніліся й хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць пра людзей, якія аддалі жыцьцё за свабоду нашага гораду й Польшчы.

Старшыня Сусьветнага зьвязу жаўнераў Арміі Краёвай Лешэк Жукоўскі заклікаў грамадзян пакінуць палітычныя спрэчкі й годна адзначыць 73-ю гадавіну пачатку Варшаўскага паўстаньня.

Лешэк Жукоўскі: Я заклікаю грамадзтва захаваць спакой, заклікаю таксама быць ветлівымі да паўстанцаў, праяўляць да іх увагу, бо гэтае пакаленьне сыходзіць з гэтага сьвету, і няхай у самым канцы свайго зямнога шляху яны памятаюць вашу ўсьмешку.

1-га жніўня штогод а 17-й гадзіне Варшава замірае: калі пачынаюць гучаць сырэны, вулічны рух затрымліваецца - пешаходы й аўтамабілі спыняюцца на хвіліну, каб ушанаваць памяць загінулых у Варшаўскім паўстаньні.

Ганна
Ганна Гранкевіч-Вальц і Лешэк Жукоўскі/PAP/Radek Pietruszka

Камандаваньне Арміі Краёвай разьлічвала на тое, што паўстаньне працягнецца некалькі дзён, але ў выніку яно зацягнулася на два месяцы. Эміграцыйны польскі ўрад у Лёндане, а таксама камандаваньне АК разьлічвалі вызваліць сталіцу з-пад нямецкай акупацыі й сустрэць Чырвоную Армію ў ролі гаспадароў Варшавы.

1 жніўня 1944 году да змаганьня далучылася каля 50 тыс. паўстанцаў. Але толькі кожны чацьвёрты мог разьлічваць на барацьбу са зброяй у руках.

Цягам 63 дзён паўстанцы вялі гераічныя баі зь нямецкімі войскамі. Аднак кіраўніцтва падпольля разумела бязвыхаднасьць сытуацыі й падпісала 2 кастрычніка акт аб капітуляцыі паўстаньня.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт